Цяпер ферму не пазнаць

Важное Грамадства Сельское хозяйство

Каб уявіць, які аб’ём работ па добраўпарадкаванні выкананы сёлета на Аляксееўскай ферме ААТ “Малажынскі”, трэба ведаць, які выгляд у памяшканнях і на тэрыторыі быў раней.

Зрэшты, усё ўжо ў мінулым, таму ў сонечны кастрычніцкі дзень мы любаваліся прыгожымі кветкамі на клумбах у невялікім палісадніку, яркімі фарбамі восені, на фоне якіх блакітна-зялёная агароджа вабіла вока, і радаваліся зменам да лепшага. Хаця нас са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Валянцінай Дзегцярэнкай цікавіла ў першую чаргу, як у гаспадарцы распарадзіліся сродкамі (іх выдзеліў абкам галіновага прафсаюза) на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ў суме 3462 рублі. Грошы вырашана было накіраваць на абсталяванне Аляксееўскай МТФ.

Па словах загадчыка фермы Уладзіміра Прышчэпава, купілі набор мэблі для кухні “Лана”, абедзенную групу, табурэты, пісьмовы стол, шафы для адзення (дзесяць секцый), лінолеум. Да ўсяго – чайны сервіз, электрачайнік. Адрамантавалі тры памяшканні. У адным з іх працаўнікі МТФ збіраюцца разам падчас сустрэч з прадстаўнікамі раённай улады, кіраўніцтвам гаспадаркі пры падвядзенні вынікаў работы. У другім п’юць чай, у трэцім знаходзіцца кабінет загадчыка. Уладзімір Раманавіч задаволены: цяпер ніхто не будзе перашкаджаць яму рабіць справаздачы, аналізаваць паказчыкі па надоях малака, вырашаць вытворчыя пытанні.

А наводзіць парадак вакол фермы дапамагалі “ўсім светам”. У час суботнікаў сюды накіроўваліся прадстаўнікі раённай вертыкалі на чале з Аляксандрам Коханам, арганізацый і прадпрыемстваў райцэнтра, спецыялісты. Знеслі стары хлеў, зрабілі тры кашары, вывезлі смецце. Зроблена шмат, але ж не ўсё. Добраўпарадкаванне будзе працягвацца.

Калектыў на Аляксееўскай ферме невялікі. Аператарамі машыннага даення працуюць Аксана Масанавец, Галіна Кірычэнка і Ала Ефіменка, якія, акрамя ўсяго, даглядаюць цялят да трох месяцаў. Ёсць і вартаўнік, два слесары, жывёлаводы па абслугоўванні дойнага статка. Вытворчасць трымаецца на плячах Уладзіміра Раманавіча, які, без перабольшвання, днюе і начуе на ферме. Такая адданасць справе выклікае павагу. Няхай усім ім шанцуе ў жыцці, спорыцца праца, радуюць паказчыкі. Будуць высокія надоі і прывагі – будзе расці і дабрабыт.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *