Калонка галоўнага рэдактара. Высокае прызначэнне

Грамадства Колонка редактора с Галиной Шевченко

Яны нас суправаджаюць усё жыццё. З трапяткім пачуццём мы ўспамінаем першага настаўніка, потым, па меры росту, – цікавых выкладчыкаў і суразмоўцаў, далей – настаўнікаў-сяброў.

На маім шляху было шмат выдатных педагогаў. Адразу хацела назваць іх, але, пералічваючы ў памяці прозвішчы, падумала: магу пакрыўдзіць некага, не прыгадаўшы. Кожны з іх заслугоўвае асобных, цёплых і шчырых слоў. Дзякуючы ім школьныя гады сталі шчаслівым часам, дзе ўсё было як трэба – і вучоба, і сталенне, і расчараванні, і асэнсаванне сябе як асобы. Дзякуючы ім чалавек рэалізуе сябе не толькі ў прафесіі, але і ў жыцці.

Зараз побач з настаўнікамі – нашы нашчадкі. Дзеці таксама вучаць: таму, чаго няма ў падручніках і нарматыўных дакументах. Яны адкрываюць свае душы – самае дарагое, што ёсць на свеце. Нічым не вымераць гэтую ступень даверу. Іх нельга падмануць і расчараваць…

У Януша Корчака прачытала: «Дзіця – замежнік, яно не разумее мовы, не ведае напрамкі вуліц, не ведае законаў і звычаяў. Паважайце яго няведанне». Педагогу важна памятаць: патрабавальнасць павінна быць паслядоўнай, абгрунтаванай, добразычлівай. Нельга навучыцца любіць дзяцей ні па якіх падручніках. Гэта прыходзіць у працэсе ўдзелу ў жыцці маленькага чалавека. І так важна ўмець выслухаць нават тады, калі, з пункту гледжання дарослых, хваляванні і клопаты дзіцяці выглядаюць нязначнымі, бо калі гэтага не адбываецца, прыходзіць страта даверу і павагі. Як ніякая іншая, гэтая прафесія ўвабрала ў сябе шчырасць і сардэчнасць. Абыякавасці і фальшу вучні не прымаюць.

Як вызначыць значнасць прафесіі? Бадай, яна адна з самых неабходных і важных. Педагог – гэта той чалавек, які павінен перадаць новаму пакаленню ўсе каштоўныя назапашванні стагоддзяў, і вяршыцель лёсу нашых дзяцей. Вучоных і музыкантаў, пісьменнікаў і інжынераў, рабочых і аграномаў выгадавалі талент і мудрасць, эрудыцыя і вернасць прафесіі, высакароднасць і, калі хочаце, мужнасць, аўтарытэт і інтэлігентнасць настаўніка.
А колькі лёсаў можа быць загублена адным толькі крыўдным словам?..

Такі пачэсны і нялёгкі абавязак – з годнасцю несці імя педагога, усведамляць, што ў тваіх руках адказнасць не толькі за чалавека, але і за грамадства, краіну. Высокае прызначэнне.

Быць настаўнікам – гэта выбар, які агнём запальвае сэрца, цяплом сагравае душу. Толькі з такім стаўленнем да ўласнай прафесіі можна атрымаць аддачу ў гэтай нялёгкай справе. Справядлівыя словы рэжысёра Яўгена Вахтангава: «Настаўнік – не той, хто вучыць, а ў каго вучацца». Гэта эталон паводзін і ведаў, чалавечнасці і патрабавальнасці, мудрасці і няўрымслівасці. Сапраўды шчаслівыя тыя, каму гэты нялёгкі шлях прыносіць задавальненне, параўнальнае з радасцю творчасці.

Так склалася, што ў нашай газеты шмат сяброў-настаўнікаў. Тых, хто дапамагаў у стаўленні выдання, хто зараз актыўна супрацоўнічае з намі. Хіба можна забыць мудрыя парады і падтрымку Ганны Мікалаеўны Бабрынёвай, не выказаць словы ўдзячнасці за актыўную грамадзянскую пазіцыю Аляксандру Паўлавічу Цярэшчанку, не перадаць шчырыя словы падзякі Любові Барысаўне Майсеенцы і Ніне Васільеўне Грахоўскай і ўсім тым, хто змяніў школу на нейкую іншую ўстанову, але ў душы застаўся педагогам. Мы шчыра віншуем іх з прафесійным святам: былых настаўнікаў не бывае.

Калектывы нашых школ і пазашкольных устаноў актыўна супрацоўнічаюць з “МП”, выпісваюць газету, дасылаюць паведамленні с месцаў. У гэты перадсвяточны дзень хочацца пажадаць вам, паважаныя калегі (не адкрыю ніякай таямніцы, калі скажу, што большасць творчага калектыву мае таксама педагагічную адукацыю), міру і радасці ў кожным дні, новых творчых адкрыццяў і ўдзячных вучняў, спакою і дабрабыту ў сем’ях, стабільнасці ў грамадстве. І самае галоўнае – упэўненасці ў сваім выбары і сваёй справе.
Настаўнікі – вы наша жыццё. Жыццё – ты наш Настаўнік.

Галіна ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *