На карысць школы і роднай вёскі

Важное Грамадства

Мікуліцкая сярэдняя школа – адна са звычайных сельскіх устаноў адукацыі. Сёлета яна адзначыла 158-мы дзень нараджэння. За гэты час змяніўся не адзін педагагічны калектыў, але нязменнай засталася справа настаўніка – вучыць і выхоўваць.

Больш за 25 гадоў адчыняе маленькім вяскоўцам дзверы ў свет ведаў Святлана Вячаславаўна Лявоненка. Гэта і мая першая настаўніца. Яе добрасумленная праца адзначана падзякай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У калег, бацькоў і вучняў Святлана Вячаславаўна карыстаецца аўтарытэтам і павагай. Настойлівая, патрабавальная, любіць сваю працу, лёгка знаходзіць агульную мову з дзецьмі, яе ўрокі заўсёды цікавыя, насычаныя адукацыйным матэрыялам – так характарызуе сваю падначаленую дырэктар школы Святлана Сяргееўна Цалуйка. А сама настаўніца лічыць: каб шмат зрабіць, трэба многа ведаць, каб паспяхова працаваць, неабходна быць у пастаянным пошуку, адкрываць для сябе нешта новае.

У Святланы Вячаславаўны свой падыход да кожнага вучня. Яна ўмее стварыць у класе добразычлівую атмасферу, зацікавіць дзяцей вучобай, арганізаваць іх вольны час пасля ўрокаў. Шмат часу педагог удзяляе грамадскай дзейнасці, рэалізацыі праектаў на карысць школы і роднай вёскі.

За актыўную грамадскую пазіцыю і значны ўклад у развіццё малой радзімы, патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення Святлана Вячаславаўна ўзнагароджана юбілейным медалём “75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Дзякуючы такім людзям, як гэтая настаўніца, жывуць і прыгажэюць нашы вёскі, саграваюць душы кожнага, хто тут нарадзіўся, вучыцца і працуе.

Вольга ХОДАР, настаўніца гісторыі Мікуліцкай СШ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *