Сёлета на двух міжнародных фестывалях вакальны ансамбль “Белыя росы” стаў лаўрэатам І ступені

Общество

Вакальны ансамбль “Белыя росы” ўжо добра вядомы за межамі раёна: артысты знайшлі прыхільнікаў сваёй творчасці не толькі ў навакольных вёсках і невялікіх гарадах, але і ў Рэчыцы, Мазыры, Гомелі. Іх яркія музычныя нумары з’яўляюцца ўпрыгожваннем канцэртаў любога ўзроўню.

Калектыў таксама актыўна ўдзельнічае ў разнастайных фестывалях і конкурсах. Сёлета з-за распаўсюджвання каранавіруса многія з іх праводзіліся ў завочнай форме. Гэта значыць, выступленне здымалася на відэа і накіроўвалася арганізатарам творчага спаборніцтва. Адно з такіх мерапрыемстваў – Міжнародны фестываль мастацтваў “Маладзечна CityArt – 2020”, дзе “Белыя росы” сталі лаўрэатамі I ступені ў намінацыі “Вакал”. Лепшымі нашы землякі былі прызнаны і па выніках Міжнароднага творчага фестывалю-конкурсу “BalkOn-2020”, які таксама праводзіўся ў Маладзечне.

Сёння ў ансамблі – пяць удзельнікаў. А пачыналася ўсё ў 2015 годзе з дуэта. Тады на сцэну выходзілі толькі Святлана Корхава і Андрэй Дзядкоў. Пазней да іх далучыліся Ігар Сініла, Яўген Корхаў і Максім Ласіца. Вядома, калектыву патрэбна была назва. Спыніліся на “Белых росах”. Якраз і аднайменную песню Пятра Ялфімава развучылі. Зараз яна з’яўляецца візітнай карткай творчай каманды.

А ўвогуле, да выбару рэпертуару ў вакальным ансамблі падыходзяць вельмі сур’ёзна. Зараз у ім больш за 30 твораў беларускіх, рускіх і ўкраінскіх аўтараў. На кожным канцэрце “Белыя росы” зноў і зноў пакараюць сэрцы слухачоў кавер-версіямі песень бранскага ансамбля “Бабкіны ўнукі”, маскоўскай групы “САДко”, беларускіх артыстаў Сашы Нэма, Ірыны Дарафеевай, Руслана Аляхно і інш.

Наперадзе ў калектыва – вялікія планы. У ліку самых амбіцыйных – атрыманне звання народнага. Ну і, вядома ж, удзел у чарговых творчых спаборніцтвах. Зараз ідзе актыўная падрыхтоўка да V Міжнароднага фестывалю мастацтваў “#BYFEST”, які пройдзе 19–22 лістапада ў Мінску.

Жадаем вакальнаму ансаблю ажыццяўлення ўсіх задум. Яны гэта заслужылі сваім талентам, працай і жаданнем радаваць гледачоў цікавымі нумарамі, дарыць ім добры настрой. Росквіту, новых шчырых песень і далейшага развіцця!

Вольга ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *