Засцерагчы ад зла: адказнасць нясуць бацькі

Грамадства

Ніхто не з’яўляецца на свет злачынцам ці правапару-шальнікам. Такім чалавека звычайна робяць умовы, у якіх ён выхоўваецца, сацыяльнае асяроддзе ці пэўныя жыццёвыя абставіны. А пачынаецца ўсё з малога: уплыў кампаніі, празмернае баўленне часу на вуліцы, карыстанне сляпым даверам бацькоў, іх ўсёдазволенасцю ці недастатковым кантролем, жаданне любым чынам звярнуць на сябе ўвагу… І раптам надыходзіць момант, калі пераступаецца мяжа забароненага, ігнаруецца закон. Матэрыялы ў дачыненні да юных асоб трапляюць на разгляд у камісію па справах непаўналетніх.

Статыстыка сведчыць, што са жніўня па кастрычнік у раёне павялічылася колькасць правапарушэнняў, здзейсненых падлеткамі, якія не дасягнулі ўзросту адміністрацыйнай адказнасці. А дакладней – дзеці да 16 гадоў сталі часцей ужываць спіртныя напоі ці з’яўляцца ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане, здзяйсняць хуліганскія дзеянні, дробныя крадзяжы. У такіх выпадках адказнасць за непаўналетніх нясуць іх законныя прадстаўнікі: штраф за невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей у адпаведнасці з артыкулам 9.4 КаАП – да 10 базавых велічынь. Пры гэтым пратаколы складаюцца на абаіх бацькоў. А калі на працягу года падобнае паўторыцца, сума спагнання можа павялічыцца ўдвая – да 20 базавых.

Не ўпершыню, дарэчы, прысутнічаю на пасяджэннях КДН, і кожны раз адзначаю пра сябе, наколькі гэта адказная, надзвычай няпростая справа – глыбока ўнікнуць у матывы здзейсненага ўчынку, выслухаць і дарослых, і дзяцей, зразумець іх, улічыць усе абставіны. Без гэтага нельга прыняць правільнае рашэнне, эфектыўна спрацаваць на станоўчы канчатковы вынік.

Праведены аналіз прычын і ўмоў, якія паспрыялі здзяйсненню падлеткамі правапарушэнняў, прывёў спецыялістаў да пэўных высноў.

Па-першае, самі бацькі нярэдка аказваюць на сваіх дзяцей негатыўны ўплыў – злоўжываюць спіртным. Па-другое, дазваляюць ім праводзіць вольны час у іншых населеных пунктах. Не хвалююцца, што гэта і рызыка на дарогах, па якіх дзеці рухаюцца на веласіпедах, і поўная адсутнасць за імі кантролю. Больш таго, у асобных сем’ях няма трывалых сувязей, належнага ўзаемадзеяння: аб месцазнаходжанні дзіцяці ведае толькі адзін з бацькоў. Да ўсяго дададзім недахоп жыццёвага вопыту ў падлеткаў, іх схільнасць з лёгкасцю паддавацца чужому ўплыву. Як вынік – двое вясковых хлапчукоў апынуліся ў кампаніі ў райцэнтры, дзе прагучала прапанова “адзначыць” паступленне аднаго з іх у ліцэй. Затрымалі непаўналетніх у нецвярозым стане познім вечарам супрацоўнікі міліцыі.

Чаму так здарылася? Як будуць вырашацца праблемы ў сем’ях у далейшым? Ці спыняцца юныя правапарушальнікі на “дасягнутым”?

Гэтыя і іншыя пытанні адрасоўвалі члены камісіі тым, хто быў выкліканы ў кастрычніку на пасяджэнні. Кожнаму нагадвалі, што любое супрацьпраўнае дзеянне нясе за сабой толькі негатыўныя наступствы. З’яўляецца падстава для пастаноўкі на ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх, занясення інфармацыі ў агульнарэспубліканскую базу даных аб злачынствах і правапарушэннях. А гэта пляма – на ўсё жыццё. Штрафы заплацяць, вядома ж, бацькі. Іх агульны памер, дарэчы, склаў больш чым 800 рублёў.

Зразумела, што пры разглядзе матэрыялаў, якія пацвярджаюць факт алкагольнага ап’янення падлеткаў, паўстае пытанне: дзе яны ўзялі спіртное? Праўда, як правіла, дзецьмі замоўчваецца ці прыдумваецца нейкая гісторыя. Таму выкрыць дарослых, якія маюць дачыненне да “частавання з градусам” непаўналетніх, не так проста. Але на гэты раз выяўленае не паддалося ніякаму разуменню: піва для дзіцяці купіў… яго законны прадстаўнік. Такі ўчынак, як адзначыла намеснік старшыні КДН райвыканкама Вольга Ясінская, зафіксаваны ўпершыню за яе 26-гадовую практыку. Разлічыцца за яго давядзецца штрафам у памеры 10 базавых велічынь (арт. 17.4).

– Каб у дзяцей не ўзнікала цікавасці да алкаголю і іншых небяспечных спакус, бацькам у першую чаргу патрэбна быць для іх станоўчым прыкладам. Хто як не самыя родныя людзі павінны накіроўваць іх на правільны шлях, фарміраваць светапогляд, дапамагаць разбірацца ў складаных сітуацыях, засцерагаць ад неабдуманых учынкаў. І, вядома ж, выхоўваць у атмасферы даверу і ўзаемаразумення, ажыццяўляць належны прыгляд, адчуваць уласную адказнасць, – лічыць Вольга Міхайлаўна.

Зараз, калі светлавы дзень усё больш скарачаецца, асаблівую актуальнасць набывае праблема знаходжання дзяцей на вуліцы ў вячэрні час без суправаджэння дарослых. Таму КДН раіць бацькам часцей глядзець на гадзіннік. Познія прагулкі вашых сыноў і дачок могуць апустошыць кішэню на суму да двух базавых велічынь (арт. 17.13).

Не варта таксама замоўчваць, калі так склалася, што нехта з вашых непаўналетніх дзяцей зараз нідзе не вучыцца і не працуе. З пошукам работы ці атрыманнем прафесіі дапаможа сектар занятасці – звяртайцеся туды ці ў КДН.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *