Слова – кіраўніку: дзякуй за хлеб і за працу

Важное Грамадства Сельское хозяйство

Для Брагіншчыны сельская гаспадарка – не толькі галіна эканомікі. Гэта жыццёвы ўклад часткі яго жыхароў, якія ад зары да зары, без выхадных і водпускаў працуюць на зямлі, вырошчваюць хлеб, бульбу, атрымліваюць малако і мяса. Як складваўся гэты сельскагаспадарчы год, з якімі вынікамі сустракаюць працаўнікі АПК сваё прафесійнае свята, расказаў в.а. начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір КАВАЛЁК:

– У параўнанні з папярэднім засушлівым годам сёлетні быў найбольш спрыяльны, вільгаці ў глебе хапала. Але ж хвалявацца за лёс будучага ўраджаю даводзілася не раз. Малавата ападкаў выпала ў красавіку, а ў маі было холадна. Надвор’е потым усталявалася, пайшлі дажджы, і гэта выратавала становішча. І ўсё ж нядрэнны ўраджай атрыманы не столькі дзякуючы прыродзе, колькі намаганням хлебаробаў, дакладнаму захаванню тэхналогіі. Агульны каравай Брагіншчыны склаў 44 813 тон, што на 15 353 тоны больш чым у мінулым годзе (на 52,1%). Сярэдняя ўраджайнасць з кожнага гектара – 26,5 цнт. Найвышэйшая яна ў ААТ “Чамярыскі” – 32,4, “Імя Жукава” – 30,5, “Пераможнік” – 28,7 цнт.
Высокі валавы намалот у “Малажынскім” – 8772 тоны (+3416 тон да ўзроўню 2019-га). На другой пазіцыі “Чамярыскі” з паказчыкам 8686 тон (+2656), трэцяй – “Камарынскі”. Тут сабралі 7818 тон збожжа, павялічыўшы мінулагодні вынік на 3075 тон.

Як працавалі ў час жніва нашы камбайнеры і вадзіцелі, ведаюць і ў вобласці. Павіншаваць першых тысячнікаў, падзякаваць за стараннасць, шчодрую ніву ў ААТ “Чамярыскі” прыязджаў старшыня аблвыканкама Генадзь Салавей. Сёлета 28 экіпажаў (з якіх два – маладзёжныя), перасягнулі тысячны рубеж па намалоце зерня. На адвозцы збажыны ад камбайнаў вызначыліся 19 вадзіцеляў, у тым ліку і тры маладыя. На зерняток яны даставілі па тысячы і больш тон хлеба новага ўраджаю.

Парадавала каралева палёў. На 1 лістапада валавы збор залацістых зярнят склаў 9688 тон, а гэта на 4387 тон больш чым у папярэднім годзе. Найвышэйшая ўраджайнасць атрымана ў “Пераможніку”, “Брагінцы” і “Імя Жукава”.

Лепшых паказчыкаў па вытворчасці малака за дзесяць месяцаў дасягнулі аператары машыннага даення ААТ “Брагінка” (126%), “Камарынскі” (115,1%) і “Чамярыскі” (104,4%). Па надоях у разліку на карову не першы год лідзіруюць камарынцы: 5356 кг (+668), на другой пазіцыі аператары машыннага даення “Чамярыскага” з вынікам 4734 кг (+164), на трэцяй – “Брагінкі”: 4010 кг (+637).

Затое ніхто не можа параўнацца з жывёлаводамі “Чамярыскага” ў атрыманні сярэднясутачных прываг на вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы: з пачатку года яны склалі па 706 грамаў.

За дзевяць месяцаў атрымана 29 862 тысячы выручкі, што на 3316 тысяч (12,5%) больш мінулагодняга. На тры з паловай тысячы вырасла яна і ў разіку на аднаго працаўніка. Палепшылі свае эканамічныя паказчыкі ААТ “Брагінка”, “Імя Жукава”, “Камарынскі”. У лідарах – “Імя Жукава”: выручка на аднаго працаўніка павялічылася на 34,5%.
Напярэдадні прафесійнага свята неабходна адзначыць яшчэ адзін параметр работы АПК раёна: прагнозны паказчык за дзесяць месяцаў выкананы на 109,4%. Вынікі старанняў нашых вяскоўцаў заўсёды каштоўныя і вартыя асаблівай павагі.

Шчырыя словы падзякі хачу адрасаваць механізатарам, камбайнерам, шафёрам, працаўнікам ферм, спецыялістам і кіраўнікам, а таксама ветэранам вытворчасці. З любой жыццёвай сітуацыі вы, паважаныя, выходзіце з высакароднасцю. Сёлета зноў даказалі, што арганізаванасць, зладжанасць у дзеяннях дапамагаюць пераадолець любыя перашкоды.

Няхай вашы прафесіяналізм, майстэрства і цярплівасць садзейнічаюць новым поспехам і дасягненням.

Ад душы віншую работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці Брагіншчыны са святам і жадаю моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, міру, радасці ў жыцці і дзецях, узаемаразумення і цеплыні ў дамах і сем’ях!

Падрыхтавала Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *