У дзіцячым адпачынку дробязей не бывае

Важное Грамадства

Здаецца, яшчэ зусім нядаўна пачаўся навучальны год, а ўжо першая чвэрць засталася ў мінулым. З 1 лістапада ў школьнікаў – асеннія канікулы. 

Як хутка ляцяць гэтыя доўгачаканыя, свабодныя ад вучобы дні – у наступны панядзелак дзеці зноў сядуць за парты. Але нават за такі непрацяглы перыяд можна паспець многае. Напрыклад, падцягнуцца па тым ці іншым прадмеце, паўдзельнічаць у спартыўных ці творчых спаборніцтвах, бліснуць сваім талентам на сцэне, зрабіць рукатворны шэдэўр. Тым больш што для гэтага створаны ўсе ўмовы. Наладжана работа ў рамках абласной прафілактычнай акцыі “Арганізуй свой вольны час”, якая праводзіцца з 30 кастрычніка па 8 лістапада і на тэрыторыі нашага раёна. Яна нацэлена ў першую чаргу на тое, каб забяспечыць максімальную занятасць непаўналетніх, не дапусціць здзяйснення імі правапарушэнняў і злачынстваў.

Пры ўстановах адукацыі, дарэчы, у гэты перыяд дзейнічаюць 10 лагераў дзённага знаходжання, разлічаных на 174 месцы. І яшчэ адзін, з ахопам 30 вучняў, – на базе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Мерапрыемствы, якія ў іх праводзяцца, у асноўным накіраваны на ўмацаванне здароўя, развіццё творчых і інтэлектуальных здольнасцей непаўналетніх, пашырэнне іх кругагляду. Не спыняецца таксама дзейнасць гурткоў, спартыўных секцый, аб’яднанняў па інтарэсах.

Ва ўмовах пандэміі, як падкрэсліла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Даўжанок, асаблівая ўвага надаецца выкананню санітарных норм і правіл. У кожнай установе адукацыі распрацаваны план па папярэджванні заноса і распаўсюджвання CОVID-19, згодна з якім і будуецца работа. У прыватнасці, павялічана колькасць уборак з выкарыстаннем сродкаў дэзынфекцыі, створаны ўмовы для гігіены рук. Усе, хто працуюць з дзецьмі,  выконваюць масачны рэжым. Забяспечана сістэматычнае праветрыванне памяшканняў, максімальнае знаходжанне дзяцей на свежым паветры. У абавязковым парадку – хвілінка здароўя, падчас якой юным асобам нагадваюць, як засцерагчы сябе ад рэспіраторных інфекцый. Тэме здароўя прысвечаны і адзін з канікулярных дзён. Выконваюцца іншыя меры прафілактыкі.

У зоне асаблівай увагі падчас канікул застаюцца юныя асобы, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Пад пільным кантролем супрацоўнікаў міліцыі – становішча спраў у праблемных сем’ях, а таксама месцазнаходжанне школьнікаў у вячэрні і начны час. Бацькам не патрэбна забываць, што менавіта яны нясуць адказнасць за сваіх дзяцей у выпадку іх позніх прагулак без суправаджэння дарослых, здзяйснення іншых супрацьпраўных учынкаў.

Валянціна БЕЛЬЧАНК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *