10 снежня стартуе дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”

Грамадства

Рэспубліканская акцыя “Нашы дзеці” яшчэ да свайго пачатку прыцягнула больш за 17 тысяч рублёў. Аб гэтым заявіла галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Сімакова.

“Традыцыйная навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» праводзіцца ўжо 25-ы раз. Асноўнай яе мэтай, як і прыярытэтам дзейнасці дзяржавы, з’яўляецца клопат аб падрастаючым пакаленні, без якога ў нашай нацыі не будзе будучага. Акцыя нацэлена на дзяцей, якія маюць патрэбу ў асаблівай дапамозе і абароне: сірот, дзяцей-інвалідаў, дзяцей, якія знаходзяцца на лячэнні, а таксама тых, хто па розных прычынах выключаны з сям’і”, – адзначыла Алена Сімакова.

Паводле яе слоў, у параўнанні з 1995 годам, калі ўпершыню была праведзена акцыя, у Беларусі значна змянілася структура аховы дзяцінства. Так, з 47 інтэрнатных устаноў сістэмы адукацыі на 5 верасня гэтага года захавалася 15. Акрамя таго, у больш як пяць разоў зменшылася колькасць дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, – сёння гэта 1121 дзіця. На сучасным этапе адметнай рысай стала развіццё прафесійнага замяшчальнага бацькоўства (размова аб дзіцячых дамах сямейнага тыпу). Калі ў 1995 годзе іх было 11, то сёння такіх сем’яў 286, яны выхоўваюць 1906 дзяцей.

Акцыя стартуе 10 снежня і прадоўжыцца па 10 студзеня 2021 года. Традыцыйна запланаваны святочныя паказы, маладзёжныя балі.

“Эпідсітуацыя ў краіне, безумоўна, наклала свой адбітак. Міністэрствам аховы здароўя дадзены рэкамендацыі па выкананні некаторых абмежаванняў, – сказала Алена Сімакова. – У той жа час удзельнікі акцыі паабяцалі, што падарункі знойдуць усіх сваіх атрымальнікаў. Хочацца, каб усе дзеці былі здаровыя і шчаслівыя і знаходзіліся побач са сваімі блізкімі, любімымі, дарагімі людзьмі”.

БелТА

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *