Калонка рэдактара. З Новым годам! Усім узаемаразумення, спагадлівасці і міру!

Грамадства Колонка редактора с Галиной Шевченко

Я памятаю ледзяны наст пад нагамі і сумёты вышэй за галаву. І суседку ў пракапаным снежным тунелі з паўнюткімі вёдрамі. Я спрабую трымацца за дужку, але для мяне яна занадта высока, таму спяшаюся следам, слізгаючы валёначкамі ў новых галёшыках па добра ўтаптанай сцежцы. Мы палім у лазні! Мне, пяцігадовай, давяраюць выкінуць попел з чорнымі вугельчыкамі, прынесці бярозавы венік і галяк, каб падмесці лавы і падлогу. А паслязаўтра – Новы год! І я пайду ў школу на ёлку. Я малая, але ў васьмігодцы працуе мама, і мне дазваляюць сядзець на ўроках у малакамплектным класе за апошняй партай. І нават сшытак і альбом у мяне ёсць.

На ёлцы мне таксама даюць падарунак у кардоннай каробцы, на якой напісана “Віншуем!” – чытаць я ўжо ўмею. А па дарозе дамоў купляюць алоўкі – цэлых сто штук, якія ў пяць радоў ляжаць у новай пачцы. І ёсць нават белы! Тады мне было незразумела: навошта ж гэтакая раскоша і як маляваць белым алоўкам на белай паперы? Такое далёкае і такое шчаслівае дзяцінства.

Даўно вырасла дзяўчынка з даверлівымі, шырока адчыненымі ў гэты свет вачамі. Недзе на жыццёвых дарогах згубілася тое шчымліва-радаснае прадчуванне свята, чаканне падарункаў і сюрпрызаў.

Але засталася (і гэта ўжо, напэўна, назаўжды) вера ў нейкі рубеж на стыку гадоў. Не ў мяжу, а менавіта ў рубеж, пасля якога наступны год прынясе і шчасце, і здзяйсненне мараў і нешта чыстае і светлае ў жыцці.

2020-ты вызначыўся выпрабаваннямі. Але ж былі ў ім і радасныя моманты: ствараліся сем’і, нараджаліся дзеці, атрымліваліся дыпломы і ўзнагароды. За кожны дзень дзякуйце Богу, – кажуць вернікі. І сапраўды: калі ён не прынёс шчасця, дык даў нейкі ўрок, нечаму навучыў. Шчаслівы не той, у каго ўсё ёсць, а той, каму хапае. І не заўсёды матэрыяльных даброт. Хапае любові дзяцей, шчырых і надзейных сяброў, перакананасці ў сваіх ідэях і ідэалах. Хапае сонца і святла, паветра і гэтага цуда, які завецца зямлёй.

Так што, па вялікім рахунку, мы шчаслівыя. Ну а для поўнага – жадаю ўсім і ўсяго.

Я шчыра віншую сяброў і знаёмых, падпісчыкаў і аўтараў, калег, усіх жыхароў Брагіншчыны з надыходзячым Новым годам. Шчыра жадаю вырашэння ўсіх праблем у нашым грамадстве, узаемаразумення і спагадлівасці, міру і ўстойлівага развіцця. А яшчэ – любові да жыцця і людзей, шчырасці і павагі, шчасця і здароўя.

З надыходзячым!

Галіна ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *