Дзесяцікласніца Мікуліцкай СШ Кацярына Здор заняла трэцяе месца ў абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры

Важное Общество

Трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах прайшоў з удзелам 1020 вучняў вобласці. Фартуна ўсміхнулася  мацнейшым: дыпломамі ўзнагароджаны 467 юных інтэлектуалаў, 19 з якіх – сельскія школьнікі. Дзесяцікласніца Мікуліцкай СШ Кацярына Здор – адна з іх.

Я добра памятаю нашу першую сустрэчу з Кацярынай тры гады назад. Падстава была таксама прыемная: перамога ў першым этапе рэспубліканскага анлайн-конкурсу “Чытаем па-беларуску з Velcom”. Вучням-удзельнікам тады прапаноўвалася запісаць відэа, дзе яны чытаюць твор са школьнай праграмы па беларускай літаратуры. А потым – размясціць яго на асабістай старонцы ў сацыяльнай сетцы і даслаць на конкурс. Так было і зроблена. З вуснаў нашай юнай зямлячкі надзвычай цёпла, душэўна і пранікнёна прагучаў верш Янкі Купалы “Спадчына”. Выступленне ўдала ўпрыгожылі меладычная музыка, нацыянальнае адзенне і інтэр’ер з подыхам беларускай даўніны. Як вынік – Кацярына ўвайшла ў лік 30-ці лепшых прадстаўнікоў Гомельшчыны, ад якой на рэспубліканскае спаборніцтва было накіравана 355 работ.

Апрача гэтага, менавіта роднай мове дзяўчынка аддала перавагу, калі рыхтавалася да ўдзелу ў абласным творчым конкурсе “Выконваем законы дарог”, накіраваным на прафілактыку дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму. Прапанаваную тэму цікава, змястоўна і эмацыянальна школьніца раскрыла ў аўтарскай рабоце “Урок на ўсё жыццё”, за якую атрымала дыплом першай ступені ў намінацыі “Сачыненне”.

Адметна, што натхняла Кацярыну на творчыя справы, нацэльвала на поспех настаўніца беларускай мовы і літаратуры Аксана Іванаўна Пеўнявец, якая на той момант працавала ў Мікуліцкай школе. Яна адзначала асаблівую стараннасць і прагу да ведаў сваёй вучаніцы, шчырае жаданне паглыбляць іх, самаўдасканальвацца. А мне да ўсяго прыкмеціліся сціпласць і лагоднасць, памяркоўнасць і разважлівасць дзяўчынкі – нібы ўвабрала ўсе рысы нацыянальнага характару.

Былі, дарэчы, неаднаразовыя перамогі і ў прадметнай алімпіядзе на раённым узроўні. Але хацелася, як прызнаецца сама Кацярына, ужо дзесяцікласніца, дасягнуць большага, даказаць сабе і іншым, што яна здольна ўзняцца на новую, куды вышэйшую прыступку. Так і атрымалася. Да ганаровага трэцяга месца ў абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры дзяўчынку прывялі настойлівая праца над сабой, напорыстасць і мэтанакіраванасць. Шмат яна займалася як самастойна, так і пад кіраўніцтвам вопытнага педагога-філолага Мікалая Рыгоравіча Малочкі, які дапамагаў глыбей пранікаць у таямніцы роднага слова, аналізаваць і супастаўляць моўныя з’явы і факты, рабіць абагульненні і вывады.

Улічваючы, што падрыхтоўчы працэс патрабуе не толькі часу, але і асаблівай працаздольнасці, кожны дзень напярэдадні інтэлектуальнага спаборніцтва давялося арганізаваць так, каб усё паспяваць. Тым больш што Кацярына імкнецца захоўваць высокія пазіцыі па ўсіх прадметах: сярэдні бал пасведчання аб агульнай базавай адукацыі склаў 9,1.

На першым этапе алімпіяды, як распавяла дыпламантка, патрэбна было напісаць водгук на літаратурны твор – праца творчая, з асабістым успрыманнем і трактоўкай прачытанага, перадачай уласных пачуццяў і эмоцый. Яна таксама дапамагае вызначыць, наколькі вучні ўмеюць аналізаваць тэкст. Таму напярэдадні Кацярына пашырыла свой літаратурны кругагляд, а хвалюючае выпрабаванне было звязана з публіцыстычным артыкулам Змітрака Бядулі “Чакайце сваіх”.

Другі этап – комплексная работа – дазваляў меркаваць аб сфарміраванасці ведаў, уменняў і навыкаў па розных раздзелах курса беларускай мовы і літаратуры. Такія заданні падуладны асобам дапытлівым, добра ўзброеным ведамі па двух прадметах, з філалагічным мысленнем. Галоўны ўпор пры падрыхтоўцы, па словах дзяўчынкі, быў зроблены на пераклад тэкстаў, словаўтваральны аналіз слоў, тлумачэнне лексічнага значэння фразеалагізмаў і інш.

Свае веды, дарэчы, па роднай мове і літаратуры дэманстраваў 101 удзельнік, сярод якіх – вучні гарадскіх школ, гімназій і ліцэяў. Таму атрыманы дыплом для Кацярыны, прадстаўніцы сельскай установы адукацыі, асабліва каштоўны. Гэтым яна пацвердзіла, што дасягаць поспехаў пры вялікім жаданні, працалюбстве і мэтанакіраванасці можна і ў глыбінцы.

Кім сябе бачыць юная інтэлектуалка ў будучым?  Яшчэ пры першай нашай сустрэчы падзялілася: настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Жаданне, як выявілася, засталося нязменным. У планах – паступіць у Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэта імя Ф. Скарыны на філалагічны факультэт. Няхай усё задуманае здзейсніцца!

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК

 



1 комментарий по теме “Дзесяцікласніца Мікуліцкай СШ Кацярына Здор заняла трэцяе месца ў абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры

  1. Выдатны вынік, але дыплом за дасягненне ў галіне беларускай мовы і літаратуры аформлены не па-беларуску. І ці ўсё ў нашай краіне добра?..

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *