Гераічны камбат: подзвіг Героя Савецкага Саюза Пятра Жукава – у памяці брагінчан

Беларусь памятае Год малой родины Грамадства Наша гісторыя Нашы праекты: імёны малой радзімы

Айчынная вайна даўно завяршылася, але яе гераічныя падзеі з кожным дзесяцігоддзем становяцца ярчэйшымі. Быццам сам час з узрастаючай сілай падкрэслівае значнасць і ролю бяспрыкладнага подзвігу народа, які адстаяў свабоду і здабыў мір. Памяць аб гэтым – свяшчэнная, а наш абавязак – захаваць і перадаць яе наступным пакаленням. Каб ведалі, шанавалі, даражылі. І ганарыліся землякамі, якія здзейснілі подзвіг у імя будучыні: звання Героя Савецкага Саюза ў гады вайны ўдастоены тры ўраджэнцы Брагіншчыны. Сярод іх – Пётр Жукаў.

Чарговай падставай узгадаць, які след у гісторыі пакінуў гэты чалавек, стала юбілейная дата: 22 студзеня споўнілася 100 гадоў з дня яго нараджэння. І менавіта да яе супрацоўнікі Брагінскага гістарычнага музея з карціннай галерэяй, раённага дома культуры і Мікуліцкай сярэдняй школы вырашылі прымеркаваць навукова-практычную канферэнцыю. Яна прайшла ў мінулую пятніцу на малой радзіме Героя.

Навечна ў памяці людской

Пра жыццёвы і баявы шлях Пятра Сяргеевіча мы распавядалі на старонках мясцовага выдання не раз. І заўсёды, рыхтуючы такія матэрыялы, сутыкаліся з дэфіцытам інфармацыі. Аб гэтым, дарэчы, гаварылі і тыя, хто выступаў на канферэнцыі. Добра, што з’явілася магчымасць звярнуцца да электроннага банка дакументаў перыяду Вялікай Айчыннай, створаны парталы, якія ўтрымліваюць звесткі пра подзвігі, узнагароды і іншыя заслугі, дасягненні ўдзельнікаў вайны.

Настаўніца гісторыі Вольга Ходар, напрыклад, паведаміла аб тым, як пад яе кіраўніцтвам рыхтавалася даследчая работа “Пётр Сяргеевіч Жукаў – Герой Савецкага Саюза. Наш знакаміты зямляк”. Падштурхнула да гэтага жаданне паўдзельнічаць у рэспубліканскім конкурсе “Вайны свяшчэнныя старонкі навечна ў памяці людской”. І ў дадатак да ўсяго сагравала думка, што сабраныя матэрыялы будуць захоўвацца ў школе, перадавацца ад пакалення да пакалення. Так подзвіг адважнага абаронца Айчыны, ураджэнца вёскі Мікулічы не паддасца забыццю. Як вынік – трэцяе месца ў абласным этапе конкурсу.

Прыгадаем…

Нарадзіўся Пётр Жукаў 22 студзеня 1921 года ў сялянскай сям’і ў Мікулічах. З дзяцінства быў прывучаны да цяжкай працы. Але бацькі вельмі хацелі, каб ён вырас адукаваным чалавекам: у 8-гадовым узросце хлопчык пайшоў у мясцовую школу. Выдатна вучыўся і актыўна ўдзельнічаў ва ўсіх мерапрыемствах.

У 1940 годзе быў прызваны ў армію, у 1941-м скончыў Кіеўскае ваеннае пяхотнае вучылішча, і адразу ж – на фронт. З першых дзён Вялікай Айчыннай – на перадавой. Усю вайну прайшоў у пяхоце. Змагаўся на Паўднёва-Заходнім, Паўночна-Каўказскім, Паўднёвым, Цэнтральным, 1-м Беларускім франтах. У 22 гады стаў камандзірам батальёна 164-га гвардзейскага стралковага палка (55-я дывізія, 28-я армія, 1-ы Беларускі фронт). Чатыры разы быў паранены, двойчы кантужаны. Выжыў… Такіх людзей набярэцца зусім нямнога, бо сярэднестатыстычны камандзір батальённага звяна жыў 2–3 баі, а ў пачатковы перыяд вайны і таго менш.

Сведчаннем таму, што змагаўся на перадавой, не шкадуючы жыцця, з’яўляюцца шматлікія ўзнагароды. У іх ліку – ордэны Леніна, Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, два ордэны Айчыннай вайны першай ступені і адзін – другой, медалі, сярод якіх ёсць “За адвагу”. Такія даваліся толькі за асабістую храбрасць і мужнасць.

Апрача гэтага, Пётр Жукаў быў смелым, валявым, тактычна падкаваным, удумлівым камандзірам. Ён заўсёды дзейнічаў у першых радах наступаючых і асабістым прыкладам натхняў, вёў наперад байцоў. Яго заслугі адзначаны палкаводчымі ордэнамі Аляксандра Неўскага і Суворава трэцяй ступені.

Гэта ён са сваім батальёнам штурмаваў чарнаморскую крэпасць Наварасійска, адным з першых уварваўся ў Тамань, а потым, калі высадзіўся на Керчанскі паўвостраў, гераічна адбіваў асобныя групы праціўніка.

Званне Героя Савецкага Саюза Пётр Жукаў атрымаў у 23 гады, калі асабліва вызначыўся ў ходзе Бабруйскай наступальнай аперацыі пры вызваленні Беларусі. Немцы тады невыпадкова пакінулі некалькі дзясяткаў кіламетраў савецкай тэрыторыі – планавалі заняць абарону за балотам і паставіць нашы часці ў надзвычай нявыгаднае становішча. Батальён Жукава атрымаў загад: пасля прарыву першай абарончай паласы праціўніка прарваць другую і не даць яму магчымасці замацавацца.

“За мной!”

З узнагароднага ліста:

“26.06.1944 года немцы, опираясь на свою третью, заранее подготовленную оборону за сильно заболоченной рекой Тремля, закрепились. Здесь противником простреливался каждый квадратный метр местности, но гвардии майор Жуков не останавливается и под ожесточённым огнём противника начинает преодоление 200-метрового болота. Бойцы по пояс в болоте шли за своим любимым комбатом. Противник вынудил батальон залечь в болоте и пошёл в контратаку. В этот напряжённый момент боя во весь рост поднимается гвардии майор Жуков. И батальон с нечеловеческими усилиями вырывается из болота, опрокидывает противника, преодолевает последнюю оборонительную полосу и штурмом овладевает селом Любань. В результате напряжённого пятичасового боя было уничтожено до 100 солдат и офицеров противника.

Утомлённый боем батальон, полный твёрдой решимости идти вперёд, преследует противника. 26.06.1944 года к исходу дня достигает северо-восточной окраины села Заобозье и завязывает бой. Немцы, которые час назад железной дорогой подбросили сюда 200 человек солдат и несколько танков, перешли в контратаку. У батальона боеприпасы были на исходе. Но благодаря исключительному мужеству личного состава батальона и лично гвардии майора Жукова три контратаки немцев были отбиты. Батальон опрокидывает немцев и овладевает селом Заобозье, перерезав железную дорогу Речица – Минск. На поле боя немцы оставили свыше 200 солдат и офицеров.

27.06.1944 года батальон подходит к большому, сильно заболоченному водному рубежу – реке Птичь, где противник оказывает ожесточённое сопротивление. Гвардии майор Жуков, не медля ни одной минуты, проводит обходной маневр и в сочетании фронтального и кинжального огня из всех видов оружия форсирует реку и врывается в траншеи немцев. В результате поставленная батальону задача была выполнена с минимальными потерями. В этот момент вражеская мина тяжело ранила гвардии майора Жукова. Превозмогая боль, он показывает рукой на запад: «Вперёд на запад, орлы мои! Там вас ждут!» И разгневанный батальон пошёл вперёд.

За образцовое руководство боем батальона в сложных условиях лесисто-болотистой местности, за неоднократное проявление геройства в боях за нашу Родину гвардии майор Жуков достоин присвоения звания Героя Советского Союза».

Як сведчаць матэрыялы з асабістай справы, для легендарнага камандзіра батальёна не было невыканальных задач, а ўстаўную каманду “Наперад!” ён нярэдка замяняў іншай – “За мной!” Не даваць праціўніку перадышкі – такі быў дэвіз Жукава, і ён, не адрываючыся, ішоў за ворагам па пятах.

У гонар Героя

Пасля вайны Пётр Сяргеевіч працягваў службу ў Савецкай Арміі. З 1953-га – у запасе. Жыў у Мазыры, працаваў інструктарам Палескага абласнога камітэта ДТСААФ, затым знаходзіўся на адміністрацыйна-гаспадарчай рабоце.

Памёр у 46-гадовым узросце – 22 снежня 1967-га, пахаваны ў роднай вёсцы. Імя Героя носяць вуліцы ў Брагіне, вёсках Мікулічы і Любань, а таксама піянерская дружына Мікуліцкай школы, адна з гаспадарак нашага раёна. У 2016-м на будынку аднаго з дамоў па вуліцы Ленінскай у Мазыры, дзе на працягу амаль 15 гадоў жыў Пётр Сяргеевіч, усталявалі ў яго гонар мемарыяльную дошку.

Каб ведаць і памятаць

Улічваючы выхаваўчы, грамадзянска-патрыятычны і духоўна-маральны аспект падзей Вялікай Айчыннай, старшы навуковы супрацоўнік музея Алеся Музычэнка скіравала ўвагу прысутных на канферэнцыі вучняў, наколькі гэта балючая, але важная тэма. Ужо большасці ветэранаў, сведкаў вайны няма побач з намі. Лічаныя людзі могуць дакладна ўзнавіць у памяці, расказаць пра падзеі суровых саракавых. Таму ўсё, што ўдалося сабраць і захаваць, – асабістыя дакументы, рэчы байцоў, фотаздымкі, газетныя публікацыі, лісты з фронту, успаміны і інш. – сёння з’яўляецца вялікай каштоўнасцю. І менавіта музейныя работнікі, якія практыкуюць не толькі традыцыйныя, але і новыя, нестандартныя формы работы з наведвальнікамі, дапамагаюць нам паглыбіцца ў гісторыю. А выставы, якія тут арганізоўваюцца, прымушаюць “пражыць” тую страшную рэальнасць.

Старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Любоў Дзяркач дала наказ маладому пакаленню берагчы мір, які быў заваяваны болем, потам і крывёю, паважаць людзей, якія зведалі жахі вайны.

Каля месца пахавання Пятра Жукава прайшоў мітынг. Айцец Расціслаў, настаяцель храма Богаяўлення ў аг. Мікулічы, адслужыў літыю за спачын памерлага. Адметна, што 22 студзеня – дзень шанавання памяці свяціцеля Пятра, епіскапа Севасційскага. Так што сваё імя, відаць, наш ганаровы зямляк атрымаў невыпадкова – у адпаведнасці з праваслаўным календаром.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *