Падарунак ад Дзеда Мароза, або Як сняжынка стала талісманам

Взгляд Нины Синиловой Общество

Напярэдадні Новага года заўсёды са шчымлівым болем у сэрцы ўзгадваю свой першы баль, які вызначыў лёс, падараваў цуда і абудзіў мары. Адбыўся ён у вясковай школе, дзе працавалі выдатныя настаўнікі, дзе вучылі не толькі матэматыцы і хіміі, але і любіць прыгажосць роднай прыроды, зямлю продкаў, давалі ўрокі дабрыні і спагады.

Пасля васьмі класаў многія мае равеснікі працягвалі навучанне ў сярэдняй школе, якая знаходзілася ў суседняй вёсцы. Пераадольваць штодзённа адлегласць у дзевяць кіламетраў у юным узросце цяжкасці не ўяўляла, тым больш што па дарозе дамоў нас чакалі прыгоды, сюрпрызы, розыгрышы. Праўда, зімой, калі замятала дарогу, мы жылі ў інтэрнаце. І таксама весела і дружна, бо былі вечары танцаў, сумесная праца, снежны горад, які рабілі нашы хлопцы і па халодных вуліцах-тунэлях якога мы прапаўзалі з усмешкай і з добрым настроем.

А яшчэ – незабыўныя тэатралізаваныя прадстаўленні, якія рыхтавалі пад кіраўніцтвам мудрага педагога Любові Канстанцінаўны Мышаковай. Яна была ўжо ў сталым узросце, але ж працавала выхавальніцай у інтэрнаце. Тут у яе быў невялікі пакой, абсталяваны з густам немаладой, выхаванай у лепшых традыцыях інстытута высакародных дзяўчат настаўніцы. Як прадстаўніца старой школы, Любоў Канстанцінаўна давала нам, дзяўчатам, мудрыя парады, вучыла этыкету і добрым манерам.

Ад яе на Новы год дырэкцыя школы чакала яркіх выступленняў, і яна апраўдвала надзеі. Мы рыхтавалі карнавальныя касцюмы, шмат рэпеціравалі, а ў час святочнага мерапрыемства выконвалі народныя абрады, спявалі, танцавалі парамі. І хаця інтэрнацкія хлопцы вельмі стараліся, кружыцца ў вальсе або польцы атрымлівалася не ва ўсіх, што не бянтэжыла нашага мастацкага кіраўніка. Яна імкнулася дапамагчы ім пераадолець сарамлівасць, каб былі больш смелыя і не баяліся выходзіць “на публіку”.

…Высокая, да столі ёлка, была ўсталявана па традыцыі ў вялікай зале дзесяцігодкі. Святкаванне пачалося задоўга да 24 гадзін, прычым і настаўнікі, і вучні весяліліся разам. Ролю Дзеда Мароза, як высветлілася потым, выконваў мой аднакласнік. У чырвоным адзенні, з барадой, я не пазнала прыгожага юнака з вялікімі карымі вачыма і шырокімі чорнымі бровамі, які вызначаўся сярод равеснікаў не толькі ростам, але і інтэлектам.

Валянцін захапляўся астраноміяй і радыётэхнікай, спрабаваў зрабіць радыёмпрыёмнік, любіў геаметрыю і гісторыю, быў цікавым суразмоўцам. Не дзіўна, што менавіта яму даручылі ролю любімага навагодняга персанажа. Лепшай кандыдатуры не знайсці.

Запрашэнне на чарговы танец ад Дзеда Мароза было нечаканасцю, як і яго падарунак. Невялікая, з прыгожым узорам сняжынка, выклікала шквал эмоцый. У той час гэта была рэдкасць. Дзе ён яе ўзяў, не пыталася. Берагла і радавалася. Доўга захоўвала і даражыла. Гэта быў першы знак юнацкай увагі, з якога пачалося нясмелае каханне. Пасля заканчэння школы я паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, а Валянцін – у Брэсцкае радыётэхнічнае вучылішча, каб набыць прафесію, аб якой марыў.

Кожны раз, калі ўпрыгожваю навагоднюю ёлку, абавязкова навешваю на яе белыя бліскучыя сняжынкі. Іх зараз у продажы шмат, прычым розных. Але ж ніводная з іх не можа параўнацца з той, якую атрымала ў падарунак ад Дзеда Мароза ў школьныя гады. У памяці міжволі ўсплываюць малюнкі навагодняга свята, прадчуванне нечага незвычайнага і таямнічага, што павінна было адбыцца. І адбылося. Валянцін стаў маім мужам.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *