Праваслаўныя вернікі святкуюць Раство Хрыстова

Общество

Праваслаўныя вернікі сёння адзначаюць вялікае свята — Раство Хрыстова. Святыя айцы ў сваіх пісаннях называюць Раство пачаткам і падставай для іншых святкаванняў.

Паводле Евангелля, Ісус Хрыстос нарадзіўся ў горадзе Віфлееме. Старазапаветныя прарокі яшчэ за некалькі стагоддзяў да гэтага ясна прадказвалі час і месца нараджэння Збавіцеля. Па распараджэнні рымскага імператара Аўгуста (Актавія) быў арганізаваны перапіс насельніцтва. Марыя і Іосіф павінны былі ісці ў Віфлеем, каб унесці свае імёны ў спіс. Усе гасцініцы і заезныя дамы Віфлеема былі перапоўнены. Марыя і Іосіф змаглі знайсці начлег толькі ў пячоры, якая выкарыстоўвалася ў якасці хлява для жывёлы. Менавіта тут і наканавана было нарадзіцца Збавіцелю свету.

Першымі людзьмі, што прыйшлі пакланіцца Збавіцелю, сталі пастухі, якім з’явіўся анёл і паведаміў радасную вестку. Следам на паклон прыйшлі ўсходнія мудрацы — вешчуны, якіх да нованароджанага немаўляці прывяла заззяўшая на небе Віфлеемская зорка. Яна спынілася і апусцілася зусім нізка над пячорай, дзе быў Ісус. Вешчуны пакланіліся немаўляці і яго маці, а затым паднеслі падарункі: золата, ладан і смірну. Золата было прынесена Ісусу як цару, ладан — як Богу, а смірна — як смяротнаму чалавеку.

Згодна з праваслаўнай традыцыяй, перад Раством захоўваецца Калядны (Піліпаў) пост. Пачынаецца ён 28 лістапада і доўжыцца сорак дзён да 6 студзеня ўключна. Царква вучыць, што веруючаму чалавеку пост неабходны, каб настроіць сябе на сустрэчу Раства Хрыстовага, усвядоміць таямніцу Богаўцялеснення. У гэты час асаблівую ўвагу неабходна ўдзяліць сваёй душы. Добраахвотна адмаўляючыся ад скаромнай ежы і забаў, удзяляючы больш часу малітве і добрым учынкам, мы ачышчаем сваю душу, каб у супакаенні сустрэць самае светлае зімовае свята.

Царква гаворыць, што ў свята Раства чалавек прыміраецца з Богам. Усю ноч у праваслаўных цэрквах доўжыцца богаслужэнне, а на раніцу, 7 студзеня, людзі віншуюць адзін аднаго са святам Божага Нараджэння.

Дванаццаць наступных дзён пасля Раства называюцца святымі днямі, або святкамі (да 17 студзеня). Пост у гэтыя дні адмяняецца. Святкі — гэта не толькі радасць і весялосць, нашы продкі ў святкі рабілі справы міласэрнасці, трымаючыся запаведзі Збавіцеля: «Будзьце міласэрныя, як і Айцец ваш міласэрны».

БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *