Провады Каляд. З сумам развітваюся з гэтымі светлымі днямі, напоўненымі радасцю, сардэчнай цеплынёй і добрымі справамі

Взгляд Нины Синиловой Грамадства

Каляды і сёння застаюцца ў многіх з нас любімымі святамі. Доўжацца яны з 6 па 19 студзеня. Кожны год з сумам развітваюся з гэтымі светлымі днямі, напоўненымі радасцю і сардэчнай цеплынёй, добрымі справамі. Напярэдадні Нараджэння Хрыстова імкнуся наведаць храм, каб папрысутнічаць на вячэрнім богаслужэнні, пакланіцца немаўляці Ісусу. У мінулым годзе ў царкве Свц. Мікалая Цудатворца ў Брагіне абсталявалі імправізаваную пячору, у якой з’явіўся на свет Збавіцель. У час агульнай малітвы адчуваеш урачыстасць і духоўны сэнс біблейскай падзеі, якая змяніла жыццё праваслаўных хрысціян.

Засталося ў памяці, як да сустрэчы Каляд рыхтавалася наша сям’я. З самай раніцы ў хаце мылі, прыбіралі, рыхтавалі вячэру. Традыцыя гатаваць і ставіць на стол 12 посных страў – з дзяцінства. Галоўнае месца займала куцця, якую матуля даставала з печы. Здаецца, і зараз адчуваю пах духмянага лугавога сена, якое абавязкова клалі на край стала пад чысты і прыгожы абрус. Сена, на якім на працягу Калядаў стаяла куцця, аддавалі потым хатняй жывёле, каб не хварэла, каб не сурочылі ведзьмы і не адбіралі малака ў каровы. Калі пераехала ў Брагін, замест яго пад абрусам у мяне былі высушаныя травы.

На Раство заўсёды запрашаю родных і блізкіх, для якіх загадзя рыхтую падарункі. Выбіраю тое, што падабаецца і аб чым марылі. Знайсці нешта цікавае і карыснае для ўнучкі чатырох гадоў у наш час не вельмі складана. Больш праблематычна з тымі, каму споўнілася 18. А на стары Новы год чакаю шчадроўнікаў і вельмі радуюся, калі дзеці выконваюць калядныя песні. У святыя вечары пачуць прыгожую, напоўненую сэнсам мелодыю, – задавальненне. Дзяўчаткі, што зайшлі да мяне 13 студзеня, прытрымліваліся народнай традыцыі: спачатку спыталі, ці можна пакалядаваць, а потым пачалі спяваць.

Святочная вячэра напярэдадні Вадохрышча складаецца з некалькіх посных страў, і таксама ў гэты вечар гатуецца куцця з зерня. На працягу дня, як і іншыя вернікі, імкнуся не ўжываць мясной і малочнай ежы. Для тых, хто захоўвае пост, гэта няцяжка. Ды і стаяць на службе ў такім стане лягчэй, самаадчуванне лепшае.

Неяк сумна становіцца ад таго, што закончыліся Каляды, бо былі яны з шумнымі забавамі, цікавымі сустрэчамі, паездкамі, святымі вечарамі. Да наступнага года знікне з цэнтральнай плошчы Брагіна прыгажуня-ёлка, каля якой жыхары і госці рабілі сэлфі, вадзілі карагоды, прагульваліся вечарамі. Развітаюся і я з невялікай кучаравай хвояй, якую выбралі для мяне работнікі Петрыцкага лясніцтва. Не стане электрычных рознакаляровых гірлянд, што асвятлялі вуліцы райцэнтра, аздаблялі фасады будынкаў. Не ўбачым на вокнах брагінчан белых сняжынак, елачак, цацак з паперы. Атмасферу свята ў нашым невялікім і ўтульным пасёлку стваралі многія службы, не засталіся ўбаку і жыхары.

Няхай святло гэтых дзён яшчэ доўга сагравае сэрцы людзей. Будзем чакаць чарговага года з надзеяй, што ён прынясе нам сюрпрызы і падарункі, спраўдзіць спадзяванні і мары, падорыць шчасце і дабрабыт.

Ніна СІНІЛАВА

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *