Быць бацькамі – гэта не толькі задавальняць матэрыяльныя патрэбы дзяцей, але і закладваць трывалы падмурак маральнага выхавання

Важное Грамадства Территория закона

На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх дэталёва прааналізавалі сітуацыю са злачынствамі, якія здзейснілі падлеткі. Колькасць такіх фактаў, на жаль, вырасла: з трох у 2019 годзе да пяці ў 2020-м. Сумную статыстыку склалі два крадзяжы, грабеж, хуліганства і адно злачынства ў сферы высокіх тэхналогій. Дзяцей таксама не раз затрымлівалі за правапарушэнні: распіццё спіртнога ці з’яўленне ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах, невыкананне правілаў дарожнага руху, хуліганскія дзеянні, дробныя крадзяжы і інш.

Каб высветліць, што да такіх неабдуманых крокаў прыводзіць, непаўналетнія і іх бацькі выклікаюцца на пасяджэнні камісіі, дзе яны даюць свае тлумачэнні. А перад зацікаўленымі службамі ставіцца задача не толькі ўхіліць недахопы ў рабоце па прафілактыцы, але і пабудаваць яе з улікам канкрэтнай жыццёвай сітуацыі, становішча ў той ці іншай сям’і. Сумеснымі намаганнямі выпрацоўваюцца меры па прадухіленні рызыкоўных паводзін дзяцей.

Зусім не выпадкова, напрыклад, было прынята рашэнне стварыць у раёне банк даных ліцэістаў, якія схільны паддавацца дрэннаму ўплыву і ўступаць у канфлікт з законам. Трое з такіх асоб дадалі ў мінулым годзе плюсаў трывожнай статыстыцы – здзейснілі злачынствы. Таму за гэтай катэгорыяй падлеткаў узмоцнены кантроль у перыяд канікул і на выхадных, калі яны вяртаюцца з гарадоў дамоў.

У рамках акцыі “Крок насустрач” працягваюцца дыялогі з бацькамі прадстаўнікоў КСН, міліцыі, пракуратуры, следчага камітэта і іншых структур. Такія сустрэчы арганізоўваюцца на базе ўстаноў адукацыі і ў працоўных калектывах. А размова на важныя тэмы, звязаныя з абаронай падрастаючага пакалення ад алкаголю, наркотыкаў, няшчасных здарэнняў і іншых бед, будуецца на канкрэтных жыццёвых прыкладах і падмацоўваецца нагляднасцю. Бацькам таксама нагадваюць аб іх абавязках па выхаванні дзяцей.

Не спыняецца дзейнасць, накіраваная на захаванне парадку і спакою ў грамадскіх месцах, дзе могуць знаходзіцца падлеткі. Практыкуюцца рэйды па выяўленні фактаў парушэння правілаў гандлю спіртнымі напоямі.

У інспекцыі па справах непаўналетніх плануюць змяніць падыход да работы па прафілактыцы – прадумаць больш цікавыя, змястоўныя і займальныя формы ўзаемадзеяння з падлеткамі. Як гэта, напрыклад, робяць у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, дзе даўно практыкуюцца конкурсна-гульнявыя праграмы, віктарыны, квэсты, іншыя мерапрыемствы ў рамках акцый МНС.

Ужо зараз, як прагучала на пасяджэнні, патрэбна прадугледзець, чым зацікавіць школьнікаў на вясенніх і летніх канікулах, што ім можна прапанаваць.

У мінулым годзе за гэты перыяд, дарэчы, рэалізавана 12 працоўных праектаў, у якіх былі задзейнічаны 125 вучняў ва ўзросце 14–16 гадоў. Яны займаліся рамонтам кніг і добраўпарадкаваннем тэрыторый на базе ўстаноў адукацыі. Усяго з дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду на гэтыя мэты пайшло 15 768,43 руб.

Варта заўважыць: у апошні час неабдуманыя крокі найчасцей здзяйсняюць дзеці з даволі паспяховых сем’яў. Яны, як паказвае практыка, не атрымліваюць належнай увагі ад бацькоў, але застаюцца пад іх празмернай апекай. Жыццё ў такіх выпадках працякае без дакладна ўстаноўленых правілаў і межаў. “Здзіўляе, што нярэдка ў падлеткаў нават няма ніякіх хатніх абавязкаў, яны не прывучаюцца да працы, гаспадарлівасці, самастойнага жыцця”, – прыкмячае намеснік старшыні КСН Вольга Ясінская. Вось і атрымліваецца, што растуць без пачуцця адказнасці і дзейнічаюць так, як ім дазваляюць.

Відаць, неабходна ў які раз прыгадаць: быць бацькамі – гэта не толькі задавальняць матэрыяльныя патрэбы дзяцей, але і закладваць трывалы падмурак маральнага выхавання.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *