Да Дня юнага героя-антыфашыста. Гэта дата аб’ядноўвае некалькі крывавых падзей і нагадвае нам: жахі фашызму не павінны паўтарыцца

Беларусь памятае Наша гісторыя Общество

Вайна і дзяцінства – паняцці несумяшчальныя. Гэта ведаюць усе. Але колькі іх, адважных хлапчукоў і дзяўчынак, змагалася з ворагам на роўных з дарослымі ў гады Вялікай Айчыннай. Стралялі з акопаў, падрывалі масты і калоны з фашысцкай бронетэхнікай, адшуквалі і перадавалі партызанам зброю і боепрыпасы, выяўлялі важныя звесткі, распаўсюджвалі лістоўкі… І кожны раз рызыкавалі жыццём. Многія загінулі і ступілі ў неўміручасць – дзеля агульнай перамогі, міру і свабоды, якімі мы сёння павінны даражыць.

Пра гэта нам нагадвае і дата 8 лютага – Дзень юнага героя-антыфашыста, які адзначаецца з 1964 года ва ўсім свеце. Ён быў зацверджаны Асамблеяй ААН у гонар французскага школьніка Даніэля Феры і іракскага хлопчыка Фадыла Джамаля – удзельнікаў антыфашысцкіх дэманстрацый. Абодва загінулі 8 лютага з розніцай у год: у 1962-м і 1963-м. А яшчэ раней, у 1943-м, менавіта ў гэты дзень у Парыжы былі расстраляны пяцёра французскіх ліцэістаў-падпольшчыкаў, у Краснадоне – героі-маладагвардзейцы: Алег Кашавы, Любоў Шаўцова, Дзмітрый Агурцоў, Віктар Субоцін, Сямён Астапенка.

Магчыма, гэтыя супадзенні і выпадковыя, але яны існуюць, напаўняючы дзень, калі адбыліся падобныя трагедыі, асаблівай гістарычнай адказнасцю.

Каля брацкай магілы

На тэрыторыі Новаіёлчанскага сельскага Савета таксама пахаваны юныя змагары з фашызмам – беларус Міхаіл Сіманенка і ўкраінка Алена Бялевіч. Гэта маладыя партызаны, якія трапілі падчас разведкі ў рукі паліцаяў і былі пакараны. Іх астанкі толькі праз дзясяткі гадоў знайшлі ў вёсцы Асарэвічы і перазахавалі ў мясцовую брацкую магілу.

Каб паведаміць падрастаючаму пакаленню пра гэты факт, данесці да дзяцей праўду аб вайне, сутнасці фашысцкай ідэалогіі, работнікі сельсавета, Іялчанскай школы, Асарэвіцкага дома народнай творчасці і Камарынскага культурна-спартыўнага цэнтра аб’ядналіся ў намеры правесці патрыятычную акцыю. Каля брацкай магілы ў Асарэвічах адбыўся мітынг, падчас якога школьнікі паглыбіліся ў гісторыю малой радзімы. Даведаліся, што тут, акрамя партызан, пахаваны 54 воіны 9-га гвардзейскага стралковага корпуса, якія загінулі ў верасні – кастрычніку 1943 года пры вызваленні навакольнай тэрыторыі. У іх ліку – Героі Савецкага Саюза Ерамей Данільянц, Абдурауф Даўлетаў, Уладзімір Кастрыкін і Міхаіл Уласаў.

У музеі

Другім месцам прыпынку стаў музей баявой славы, які некалі ствараўся на базе Асарэвіцкай школы, а цяпер перамясціўся ў дом народнай творчасці. У дзяцей была магчымасць убачыць асабістыя рэчы ўдзельнікаў вайны, прадметы салдацкага побыту, пазнаёміцца з матэрыяламі, якія тут захоўваюцца. У папках і альбомах – успаміны старэйшага пакалення, перапіска з героямі-абаронцамі, роднымі і блізкімі воінаў, якія загінулі ў баях за вызваленне вёсак былога Асарэвіцкага сельсавета, памятныя фотаздымкі. Цэлую сцяну заняла творчая работа Васіля Шаўчэнкі “Бітва за Днепр”. Гэта, дарэчы, ураджэнец вёскі, які ў пасляваенныя гады і да выхаду на пенсію працаваў настаўнікам у мясцовай школе, а па прызванні і захапленні душы быў мастак. Цягу да малявання адчуў яшчэ ў дзяцінстве і нават падумваў у далейшым усур’ёз заняцца гэтай справай. Але ўсё змяніла, перайначыла вайна. У складзе мясцовай падпольнай арганізацыі юнак змагаўся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Пасля арышту хлопцу давялося паспытаць ліха на катаржных работах у Германіі, у каменяломнях Нарвегіі.

Менавіта тут, у музеі, адбыўся урок памяці. Разам з яго арганізатарамі вучні прасачылі за гераічным шляхам юных герояў-антыфашыстаў.

Выдатніца і актывістка

1941 год. Алена Бялевіч скончыла дзявяты клас чарнігаўскай сярэдняй школы №10. Натура гэта была неардынарная. Дзякуючы сваёй няўрымслівасці, баявому характару і асабістым якасцям праславілася яшчэ да вайны. Мясцовай знакамітасцю стала, калі рашучымі дзеяннямі выратавала хлопчыка, які пачаў тануць у рацэ. А аднойчы надавала кухталёў старшакласнікам, якія крыўдзілі малодшых. Ды так, што тыя некалькі дзён насілі сінякі.

Была завадатаркай многіх школьных спраў і выдатніцай у вучобе. Добра малявала і валодала нямецкай мовай. Адну са сваіх аднакласніц, якая доўга хварэла, навучала дома, і дзяўчынка паспяхова закончыла 9 клас. А калі Алену выбралі сакратаром камітэта камсамола, сваю нястрымную энергію яна накіравала на падтрымку фізкультурна-масавай работы ў школе. Асабліва захаплялася лыжным спортам. Марыла стаць настаўніцай ці артысткай, але гэтаму не суджана было ажыццявіцца – вайна.

“Сямейныя ўрачыстасці”

У горад прыйшлі захопнікі, і ад убачанага зверства ў душы нараджаўся пратэст. Алена разумела, што патрэбна змагацца. Не дзіўна, што тут яна праявіла свае лідарскія і арганізатарскія здольнасці. 30 кастрычніка, у дзень нараджэння, сабрала аднакласнікаў і паставіла пытанне: што рабіць? Праз тыдзень сустрэча адбылася ў большым колькасным складзе. Было вырашана стварыць падпольную камсамольска-маладзёжную арганізацыю “Юны патрыёт”. Мэта дзейнасці – барацьба з акупантамі. І можна здагадацца, каго выбралі кіраўніком.

Падпольшчыкі збіраліся ў кватэры Алены – нібы на вечары танцаў ці сямейныя ўрачыстасці. Паступова іх дзейнасць прыняла сістэмны характар: антыфашысцкая прапаганда сярод мясцовага насельніцтва; збор важных даных, зброі і боепрыпасаў для перадачы партызанам; выяўленне сваіх прыхільнікаў з ліку асоб, прыцягнутых на службу акупантамі; ратаванне людзей ад арыштаў, арганізацыя пабегаў ваеннапалонных і іх суправаджэнне да партызан.

Колькі б немцы ні пацелі…

Першым поспехам маладых падпольш-чыкаў стала распаўсюджванне ў горадзе лістовак аб паражэнні гітлераўцаў пад сталіцай Савецкага Саюза. Пад карыкатурай на нямецкіх салдат з сабачымі мордамі ўтрымліваўся зневажальны тэкст: “Сколько б немцы ни потели, но Москвы не одолели”.

Шэф мясцовага гестапа быў вельмі раззлаваны, не здагадваючыся, што інфар-мацыя для лістовак атрымана літаральна ў яго пад носам – па радыёпрыёмніку, які трымаў па месцы свайго пражывання (у доме сяброўкі Алены). Гэтым і скарысталіся дзяўчаты.

Вядома таксама, што Алене ўдалося пранікнуць у гестапаўскую школу, дзе рыхтавалі шпіёнаў для засылкі ў пар-тызанскія атрады. Дзякуючы ёй здраднікі былі аператыўна абясшкоджаны.

Краязнаўца Герард Кузняцоў, кіраўнік спецыяльнай камісіі па вывучэнні чарнігаўскага антыфашысцкага падполля, пісаў, што створаная школьніцай Аленай Бялевіч падпольная група моладзі пераўтварылася ў 1942 годзе ў самую буйную ў горадзе арганізацыю з удзелам дарослых патрыётаў.

Калі нацысты выйшлі на след дзяўчыны і аб’явілі ўзнагароду за яе галаву, яна адвяла сваіх паплечнікаў у лес да партызан. На той момант на рахунку “Юнага патрыёта” было шмат значных спраў, у тым ліку арганізацыя пабега 17 чырвонаармейцаў з гаража гестапа з вывядзеннем са строю транспартнай тэхнікі і захопам зброі.

У разведку

У партызанскім атрадзе імя Кацю-бінскага Алена стала камандзірам разведвальнай групы. У 1943 годзе, дарэчы, ён базіраваўся ў міжрэччы Дняпра і Прыпяці, дзейнічаў і на тэрыторыі Брагінскага раёна.

За актыўны ўдзел у баявых аперацыях дзяўчына была прадстаўлена да ўзнагароды ордэнам Айчыннай вайны I ступені. Вядома, што 27 красавіка 1943-га яна ўдзельнічала ў знішчэнні атрада карнікаў у сяле Кувечычы Чарнігаўскай вобласці. У сумцы аднаго з захопленых тады нямецкіх афіцэраў была знойдзена карта з месцамі дыслакацыі партызанскіх фарміраванняў. Бялевіч атрымала заданне пранікнуць на правы бераг Дняпра, каб даведацца, ці ёсць магчымасць перамясціцца туды партызанскаму злучэнню. Разам з ёй на заданне пайшлі яшчэ два байцы.

Калі расстаноўка варожых сіл у раёне чыгуначнай станцыі Іёлча была вывучана, Алена адправіла аднаго з падначаленых на даклад. А сама разам з беларусам Міхаілам Сіманенкам засталася для дадатковай разведкі. І менавіта тут іх схапілі.

Перад ворагам не скарыліся

Прывезлі маладых партызан у вёску Асарэвічы, дзе знаходзіўся нямецкі штаб. Катавалі доўга… Што перажылі яны ў час допытаў, якія прынялі пакуты, застаецца толькі здагадвацца. Алена і Міхаіл не здаліся. Нічога не сказалі.

Раніцай 2 мая 1943-га іх паўжывымі закапалі ў калгасным саду. І толькі восенню 1986 года, калі пракладвалі траншэю пад водаправод, гэтая магіла была выяўлена. Выпадкова.

Судзебна-медыцынская экспертыза ўстанавіла, што астанкі належаць маладым асобам. Таму і ўзнікла версія, што гэта могуць быць Бялевіч і Сіманенка. Па просьбе прадстаўнікоў беларускай улады даследаванне чэрапаў праходзіла ў лабараторыі вядомага маскоўскага антраполага Міхаіла Герасімава, дзе былі рэканструяваны твары. На фотаздымках родныя і блізкія без цяжкасцей апазналі Алену і Міхаіла.

У цырымоніі ўрачыстага перазахавання прымалі ўдзел мясцовае насельніцтва і кіраўніцтва раёна, сваякі юных абаронцаў, былыя падпольшчыкі і партызаны. Чарнігаўская вобласць была прадстаўлена вялікай дэлегацыяй, у тым ліку настаўнікамі і вучнямі школы №10.

У біяграфіі Алены Бялевіч, дарэчы, ёсць нямала белых плям і спрэчных момантаў: не ўсё зараз можна пацвердзіць дакументальна. У многіх крыніцах, напрыклад, яе называюць Героем Савецкага Саюза, хаця афіцыйна гэтае званне ёй не было прысвоена. Тым не менш юная партызанка застаецца сапраўдным героем – пра такіх мы павінны памятаць.

У гонар Алены Бялевіч і Міхаіла Сіманенкі назвалі вуліцы у Асарэвічах.

Глыбока сімвалічна, што зараз, калі ўжо няма СССР, юныя ўкраінка і беларус ляжаць у адной магіле. Мы шануем агульную гісторыю і захоўваем памяць. А колькі яшчэ змагалася тады з ворагам – рускіх, узбекаў, татар, армян, грузін, ка-захаў, яўрэяў… Перамагчы ў вайне дапамагло братэрства. Гэтая тэма сёлета, у Год народнага адзінства, набывае яшчэ большую актуальнасць, высокае гучанне: абарона Айчыны, клопат пра яе дабрабыт, захаванне міру і спакою аб’ядноўвае людзей, незалежна ад нацыянальнасці і месца пражывання.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *