Калонка рэдактара. 19 лютага — дзень заснавання «Маяка Палесся»

Грамадства Колонка редактора с Галиной Шевченко

Газеты – настолькі пастаянная частка нашага жыцця, што, здаецца, былі заўсёды, а іх гісторыя пачалася як толькі вынайшлі друкарскі станок. Насамрэч прэсу трэба было прыдумаць.

І хаця часта можна сустрэць сцвярджэнне, што першую друкаваную газету выпусцілі ў Францыі (дарэчы, у часы мушкецёраў), еўрапейцы тут сціпла стаяць у баку. “Сталічны веснік”, які вы-ходзіў потым стагоддзямі, пабачыў свет у 911 го-дзе. І адбылося гэта не ў Еўропе, а ў Кітаі.

Паколькі кітайцы пісалі справа налева (і слупкамі, а не радкамі), чытаць заўсёды пачыналі з апошняй старонкі газеты. І зусім не таму, што на ёй анекдоты былі, – наадварот, менавіта на апошняй старонцы размяшчалася перадавіца.

Што тычыцца першай еўрапейскай газеты, то гэта сапраўды была французская «La Gazette», названая так у гонар друкаваных старонак з навінамі, якія ў Венецыі прадаваліся па газеце (капейцы) за штуку. Гэтыя паперкі нельга лічыць прэсай – у іх не было перыядычнасці і назвы. Друкарні проста зараблялі, выпускаючы асобна кожную навіну, нейкую страшную гісторыю ці сатырычны верш. Такі жанр захоўваўся яшчэ вельмі доўга.

Першая друкаваная газета ў Расіі выйшла ў 1703 годзе і насіла назву “Ведамасці”. Да нашых дзён захаваўся нумар таго года.

Пік папулярнасці газет прыпадае на 19-20 стагоддзі. У выданнях асвятляюцца палітычныя навіны і падзеі, якія маюць важнае для грамадскасці значэнне.

Да чаго ўсё вышэйсказанае? Менавіта ў пачатку 20 стагоддзя пабачыў свет і першы нумар газеты “Трыбуна калгасніка”. Яе пераемнікам стаў “Маяк Палесся”, і сёння ў яго – дзень нараджэння.

Вядома, ніхто так, як раённая газета, не раскажа пра падзеі, якія адбываюцца на Брагіншчыне.

Пры правядзенні падпіскі на першы квартал бягучага года раённы Савет дэпутатаў падтрымаў прапанову народных выбраннікаў правесці акцыю “Падпіска на “МП” – у падарунак”. Кіраўнікі раёна і арганізацый, спецыялісты прадпрыемстваў і арганізацый, усе жадаючыя паклапаціліся аб тым, каб газета прыходзіла ў больш за трыццаць сямей раёна, стала не толькі інфармацыйнай крыніцай, але і дарадчыкам, а недзе і папярэдзіла, спыніла за крок да бяды. І сёння мы выказваем шчырыя словы падзякі ўсім, хто не застаўся ў баку ад гэтай акцыі.

Дзень нараджэння – яшчэ адна нагода для размовы з вамі, нашы падпісчыкі, нагода для гонару за газету і калег. Кожны з нас усведамляе: журналістыка – гэта, перш за ўсё, адказнасць перад грамадствам. Журналісту дадзена незвычайная магчымасць – крануць сэрца чытача, адкрыць яму нешта новае, нязведанае… Запатрабаваны той, хто разумее душу чалавека і імкнецца сваім словам змяняць жыццё да лепшага. Журналіст павінен быць мудрым і кампетэнтным, карыстаючыся свабодай слова, не забываць і пра адказнасць перад сваёй аўдыторыяй. Волі без межаў не бывае, і тут вялікую ролю адыгрываюць сумленне і маральныя прыярытэты.

А калі супрацоўнікі рэдакцыі ведаюць, што іх творчасць патрэбна чытачу, тады і працаваць лягчэй.

Сёння мы віншуем усіх з днём нараджэння “МП”. Свята гэтае (у наступным годзе – юбілейнае) датычыць і нашых заснавальнікаў, і чытачоў, і друкароў, і паштальёнаў.

Усім – здароўя, а нашаму выданню – даўгалецця!

Галіна ШАЎЧЭНКА

 

___________________________________________________________________________

Па старонках «Маяка Палесся»

1990 год

 

1983 год

 

1972 год

 

 

 

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *