Выпрабаванне снегам: сумёты ў Брагіне перавысілі 30 см

Грамадства

Памятаеце, як год таму прырода супраціўлялася спрадвечнай логіцы? Зіма была толькі на календары. А тут… Хацелі маразоў ды снегу? Калі ласка, атрымлівайце! Сумёты, як паведамілі ў Брагінскай мэтэастанцыі, перавысілі 30 см. І ўсё сыпле, сыпле…

Каму не пазайсдросціш у такой сітуацыі, дык гэта дарожнікам і камунальнікам: працаваць даводзіцца ў напружаным рытме, ад цямна да цямна. На барацьбу са стыхіяй КЖУП “Брагінскае” накіравала, як паведаміў дырэктар прадпрыемства Раман КОЗЕЛ, восем адзінак тэхнікі і больш за трыццаць работнікаў. Гэта – у райцэнтры і Камарыне. Задзейнічаць давялося ўсе структурныя падраздзяленні. Але цалкам ліквідаваць наступствы снегападаў складана: расчысцілі ўчастак – трымайце новую порцыю ападкаў. Нябесная канцылярыя не дае літасці. Як тут за ўсім паспееш?

Каб можна было без перашкод і небяспечна рухацца, варта прыйсці на дапамогу камунальнікам, часцей браць у рукі шуфлі і мясцовым жыхарам: ачысціць ад снегу ўваходы ў пад’езды, двары. У прыклад Раман Пятровіч прывёў жыхароў дома па вуліцы Механізатараў, 15, якія сёння ў шэсць гадзін раніцы выйшлі з кватэр, каб стварыць для сябе зручнасць у перамяшчэнні.

Часам перашкаджаюць работам камунальнай і дарожнай службаў аўтамабілі, якія з дня ў дзень стаць каля дамоў без руху. У асобных выпадках на гэта даводзіцца звяртаць увагу міліцыі.

Давайце разам будзем паважаць працу і час людзей, якія праяўляюць клопат пра наш камфорт.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

 

 

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *