За радком Дэкрэта №18: чаму бацькі становяцца абавязанымі асобамі?

Важное Территория закона

Прычына найчасцей – у п’янстве і амаральным ладзе жыцця. Дзяцей пры такім раскладзе спраў, як ні балюча гэта прызнаваць, не заўважаюць – абы шклянка гарэлкі. Страшна… Але абарона правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх – справа дзяржаўнай важнасці. За спакой і лад у сем’ях змагаюцца ўсе зацікаўленыя структуры – разгортваецца работа ў рамках прэзідэнцкага дэкрэта №18. І якраз на студзеньскім пасяджэнні каардынацыйнага савета па выкананні гэтага дакумента былі падведзены вынікі сумеснай дзейнасці за мінулы год.

Зараз у нашым раёне, дарэчы, налічваецца 35 абавязаных асоб. Лічба, здавалася б, не такая і вялікая. Але гаварыць аб адсутнасці праблем у рабоце з даным кантынгентам пакуль не даводзіцца. І выкліканы яны ў асноўным усім вядомай прычынай – нежаданнем развітвацца са спіртным. З-за гэтага фіксуюцца прагулы, парушаецца працоўная дысцыпліна. Прычым у асобных выпадках ніякая прафілактычная работа не прыводзіць да станоўчых зрухаў, таму застаецца прымаць да такіх асоб больш строгія меры ўздзеяння.

Не жадаеш працаваць? Рыхтуйся да таго, што можаш апынуцца пад адміністрацыйным арыштвам. І пры гэтым адвільваць ад работы не атрымаецца. На час адбыцця пакарання ў ізалятары часовага ўтрымання праца прадугледжана ў КЖУП “Брагінскае”, а выхад на яе гарантаваны пад канвоем. Ніякіх пагулянак, п’яных застолляў, святаў і выхадных. Усё – у адпаведнасці з артыкулам 9.27 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Апрача гэтага, у мінулым годзе двое абавязаных асоб былі накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый. У бліжэйшы час апынецца там, хутчэй за ўсё, і яшчэ адзін грамадзянін з такім жа статусам. Тры чалавекі асуджаны і знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі і выпраўленчых установах адкрытага тыпу.

Зразумела, што цяжка забяспечыць стопрацэнтнае спагнанне сродкаў на ўтрыманне дзяцей з людзей, якія злоўжываюць спіртным. Але перад адказнымі службамі ставіцца задача нацэльваць іх на лячэнне ад алкагольнай залежнасці, выкарыстоўваць іншыя рэзервы, сродкі і магчымасці, каб гэты працэнт павышаць. Ды і нельга скідваць з рахунку, што ёсць сярод абавязаных асоб такія, хто сапраўды імкнецца пазбавіцца ад гэтага статуса і прыкладае ўсе намаганні, каб выправіцца, стаць на правільны шлях. Як вынік – сума запазычанасці перад дзяржавай змяншаецца. За год узровень пакрыцця расходаў, па даных аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, склаў 75,5%. А ў аддзеле прымусовага выканання лічба яшчэ вышэйшая – 78,4%. Заўважым: сярэднеабласныя паказчыкі – 70,8% і 72,6% адпаведна.

Перад усімі структурамі, якія стаяць на абароне правоў і законных інтарэсаў дзяцей, ставіцца задача своечасова выяўляць праблемныя сем’і і працаваць з імі на ранняй стадый, каб не даводзіць сітуацыю да крайнасці. Улічваючы, што асноўнай прычынай сацыяльна небяспечнага становішча дзяцей з’яўляецца злоўжыванне спіртным бацькамі, 53 з іх прайшлі лячэнне ад алкагольнай залежнасці па хадайніцтве камісіі па справах непаўналетніх (дзевяць – у абласным наркалагічным дыспансеры). Актыўна падклю-чыліся да гэтай справы і наймальнікі, зацікаўленыя ў захаванні сем’яў. Пры жаданні развітацца са спіртным работнікі могуць разлічваць на матэрыяльную падтрымку, прадугледжаную ва многіх сельгаспрадпрыемствах кале-ктыўным дагаворам.

У выніку сумеснай мэтана-кіраванай работы за год з уліку знята 36 сем’яў, у якіх выхоўваецца 75 дзяцей. У сацыяльна небяспечным становішчы, па даных на першага студзеня, знаходзіцца 21 непаўналетні з 11 сем’яў.

Плюсам у прафілактычнай рабоце, накіраванай на папярэджанне сацыяльнага сіроцтва, зяўляецца той факт, што ў КСН райвыканкама ўжо на працягу двух гадоў не накіроўваліся хадайніцтвы аб прызнанні дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *