30 сакавіка юбілей адзначае Святлана Шаўчэнка. Сваімі ўражаннямі аб ёй – прыгожай і знешне, і душой – дзеліцца Любоў Майсеенка

Общество

У дзень юбілею, які 30 сакавіка адзначае Святлана Шаўчэнка, праз раёнку хачу падзяліцца сваімі ўражаннямі аб ёй – прыгожай і знешне, і душой, і ўчынкамі.

Прафесійныя якасці Святланы Рыгораўны, вядома ж, бясспрэчныя. І не толькі таму, што яна ўжо больш за сорак гадоў з’яўляецца галоўным эканамістам сельгаспрадпрыемства (запатрабавана і сёння), але і таму, што праца з лічбамі для яе – прызванне. Падмацую сваю думку такім прыкладам.

У далёкія 90-я гады я рэкамендавала Святлану Рыгораўну кандыдатам у члены КПСС. На ўсе пытанні членаў бюро яна дала вычарпальныя адказы. А калі Ігар Зіневіч, першы сакратар РК КПБ, спытаў аб вытворчых паказчыках калгаса (у яго пад рукамі была раённая зводка), то яна не толькі назвала лічбы, але і прааналізавала іх, а па некаторых галінах нават зрабіла прагноз. Ён быў прыемна здзіўлены, пахваліў і падзякаваў маладому спецыялісту не столькі за фенаменальную памяць і здольнасць, як кажуць, на хаду падлічваць, колькі за глыбокае веданне рэальнай эканамічнай сітуацыі сваёй гаспадаркі. А атрымаць высокую ацэнку ад першай асобы раёна – гэта і стымул, і натхненне на ўсё жыццё.

У калгасе імя Чапаева на той момант асноўную частку спецыялістаў складалі мясцовыя жыхары. Былі і з іншых населеных пунктаў, але надоўга не затрымліваліся. А вось Святлана Рыгораўна ўлілася ў калектыў як свая. Нарадзілася наша юбілярка на Камарыншчыне, у вёсцы Гдзень, дзе з выдатнымі адзнакамі закончыла школу. Пазней у сельскагаспадарчым тэхнікуме атрымала прафесію эканаміста. Навучальную ўста-нову, дарэчы, закончыла з чырвоным дыпломам.

З маладым аграномам стварылі моцную сям’ю. Але, на вялікі жаль, рана аўдавела. Вось і давялося адной ставіць на ногі сваіх дачушак. Дапамагала ім атрымаць вышэйшую адукацыю. Сёння пяшчотную бабулю радуюць аж чацвёра ўнукаў: два гарэзлівыя хлапчукі і дзве ўнучкі-прыгажуні (яна так іх называе).

Любоўю і ласкай, увагай і клопатам ахінае яна самага дарагога чалавека – сваю маці Антаніну Барысаўну, такую ж гаспадарлівую і працавітую, ветлівую і гаваркую. У злагадзе і ўзаемаразуменні з дачкой Антаніна Барысаўна і не заўважыла, што вось-вось пастукае ў дзверы, дасць Бог, яе 90-гадовы юбілей. І будзе матуля сустракаць самых родных і дарагіх гасцей: сем’і сваіх старэйшых дачок Валянціны і Вольгі, унукаў і праўнукаў. Гонар і хвала такім сем’ям і такім самаадданым матулям-працаўніцам, якія далі надзейныя пуцёўкі ў жыццё сваім дзецям. Дарэчы, усе тры дачкі Антаніны Барысаўны – эканамісты.

Памятаю, як Святлана Рыгораўна расказвала жартоўную гісторыю з жыцця: “Спачатку ў маіх бацькоў былі дзве дзяўчынкі. Па прагнозе трэцім павінен быў быць сын, а нарадзілася я. Нейкім чынам і да маёй свядомасці дайшло, што сям’і патрэбен хлопчык. Пакуль не падрасла і не паразумнела, я ўсё цешыла тату і маму: “Вось я вырасту, пераўтваруся ў хлопчыка, і будзе ў вас сынок”.

З самага маленства Святлана Рыгораўна была чулай і добрай, па-свойму, па-дзіцячы імкнулася рабіць дабро тым, хто побач.

…Ішлі гады. Нягледзячы на сур’ёзныя выпрабаванні, Святлана Рыгораўна ўпэўнена крочыла па жыцці. А гэта значыць, што ёсць у яе ўнутраны стрыжань, закладзены і сфарміраваны не толькі яе бацькамі, але і загартаваны жыццём.

Сваімі ўражаннямі аб нашай юбілярцы дзеліцца Наталля Патапава (г. Гомель):

“Неаднойчы лёс зводзіў мяне з гэтай цудоўнай жанчынай. І я не раз упэўнілася, што яна – адна з самых актыўных і ініцыятыўных у нашай вёсцы. Ва ўсіх справах, дзе патрабуецца яе ўдзел, – несумненны лідар. У яе заўсёды знойдзецца гаючае слова, каб суцешыць чалавека. Умее даць слушную параду, дапамагчы.
Акрамя таго, Святлана Рыгораўна і гаспадыня адметная. У доме – ідэальная чысціня і парадак, у двары і вакол дома шмат кветак, а ў склепе і кладоўцы – разнасолаў на любы густ, і ўсё са свайго гарода.

Напэўна, ніколі не перастану здзіўляцца яе працалюбству і натхненню. Жадаю заўсёды заставацца здаровай, энергічнай і жыццярадаснай”.

Дапаўняе вобраз нашай юбіляркі Наталля Паляшчук, аднакласніца яе дачкі Ірыны:

“У школьныя гады я моцна пасябравала з Ірынай, добразыч-лівай і шчырай дзяўчынкай. Ва ўсім імкнулася раўняцца на яе, нават почыркі ў нас былі падобныя. Часта даводзілася бываць у доме сяброўкі. Падабалася назіраць, як прыгожа апраналася Святлана Рыгораўна на працу – яе адзенне заўсёды было моднае, з густам падабранае. Запомніліся таксама духмяныя аладкі і хрусткія коржыкі, якімі частавала нас шчодрая гаспадыня.

З вялікай удзячнасцю ўспа-мінаю і сваю паездку ў Крым, што адбылася дзякуючы клопату Святланы Рыгораўны. Сонечныя ванны і марская вада дапамаглі мне за два месяцы пазбавіцца ад праблем са здароўем. Ды і на выбар прафесіі, шчыра прызнаюся, таксама паўплывала яна”.

Скажу ад сябе. Хаця Святлана Рыгораўна і спецыяліст гаспадаркі, але ў свой час па запрашэнні педагогаў яна не раз прыходзіла ў школу, каб правесці з дзецьмі прафарыентацыйную работу. Як ніхто іншы ўмела даступна данесці да вучняў значнасць сваёй прафесіі. Вынікі радуюць: многія выпускнікі атрымалі дыпломы бухгалтараў, эканамістаў, аграномаў, заатэх-нікаў, ветурачоў.

Прыстойнасцю, дабрынёй і прафесіяналізмам наша юбілярка заслужыла павагу і аўтарытэт вяскоўцаў, калег, раённага кіраўніцтва. Прыемнымі бонусамі з’яўляюцца для яе разнастайныя граматы, дыпломы, лісты з падзякай… Гэта не проста жанчына, гэта – асоба, прынцып жыцця якой: рабі людзям дабро, і яно вернецца да цябе з ліхвой.

Мая сям’я шчыра віншуе Вас, паважаная Святлана Рыгораўна, з юбілеем! Жадаем, каб кожны новы дзень прыносіў Вам пазітыў, здароўе і ўдачу.

З павагай, Любоў МАЙСЕЕНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *