Беларускія палярнікі павіншавалі жанчын з 8 Сакавіка

Грамадства

Удзельнікі 13-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі павіншавалі жанчын Нацыянальнай акадэміі навук і ўсёй краіны з 8 Сакавіка. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Нацыянальнай акадэміі навук.

«Дарагія жанчыны — мамы, жонкі, сёстры, дочкі, унучкі, калегі, уся цудоўная палавінка Беларусі! Мужчыны 13-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі цёпла віншуюць вас з 8 Сакавіка. Вы дорыце нам любоў і радасць, акружаеце клопатам, вы натхняеце мужчын на подзвігі і здзяйсненні. Для вас мужчыны складаюць песні і вершы, вам прысвячаюць перамогі, дораць кветкі і падарункі. Без вас наша жыццё было б чорна-белым сюжэтам. Жадаем вам моцнага здароўя, мірнага неба, шчасця, спакою і дабрабыту! Няхай мужчыны захоўваюць для вас атмасферу свята не толькі 8 сакавіка, а кожны дзень, круглы год!»— гаворыцца ў віншаванні.

Як паведамлялася, 19 кастрычніка 2020 года ў НАН Беларусі быў дадзены ўрачысты старт 13-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі. На лядовы кантынент адправіліся 10 удзельнікаў. У час экспедыцыі 2020-2021 гадоў плануецца завяршыць стварэнне першай чаргі інфраструктуры антарктычнай станцыі і яе падрыхтоўку да функцыянавання ў круглагадовым фармаце.

Па стане на сярэдзіну лютага зманціраваны і ўведзены ў эксплуатацыю шэраг аб’ектаў станцыі. Гэта і трохсекцыйны модуль кіравання, сувязі і навігацыі, і васьмісекцыйны службова-жылы модуль, і біялагічная лабараторыя, і новы комплекс дызель-электрастанцыі. Праведзена ўладкаванне снежна-лядовай узлётна-пасадачнай паласы для ўнутрыантарктычных авіяцыйных пералётаў па міжнароднай сістэме DROMLAN, а таксама каля 30 км трас руху снегаходнай тэхнікі. Паспяхова апрабавана новая сістэма спадарожнікавай сувязі сістэмы VSAT і атрымана двухбаковая сувязь са спадарожнікам NSS 12.

Акрамя таго, цяпер рэалізуецца шэраг навуковых праектаў па вывучэнні Антарктыкі. Яны прадугледжваюць даследаванне аэразольнага і газавага саставу атмасферу, УФ-выпрамянення, а таксама зямной кары ў раёне гары Вячэрняя. Вядзецца маніторынг азонавага слоя Зямлі, пошук участкаў, перспектыўных з пункту гледжання наяўнасці карысных выкапняў, ацэньваюцца магчымасці выкарыстання біялагічных рэсурсаў Антарктыкі.

БЕЛТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *