“Дзякуй, людзі добрыя, што я чужая вам, а вы мне як родныя зрабіліся”, – гаворыць Ганна Нячоса ў свае сто гадоў

Главное Общество

Ёсць дамы, у якія заходзіш – і нібыта вяртаешся ў дзяцінства. Нешта няўлоўнае вядзе цябе сцяжынкамі памяці назад. Гэта не значыць, што ўсё абсалютна падобнае на тое, як было ў маленстве. Нейкая дэталь, мэбля, колер, нават гук ці пах могуць стаць штуршком да ўспамінаў. Такое адчуванне мяне агарнула ў доме Ганны Міхайлаўны Нячосы з Карлаўкі.

А завіталі мы да яе з нагоды 100-гадовага юбілею. “Дзякуй Богу, што ён вось так вас прывёў да мяне”, – звярнулася да нас Ганна Міхайлаўна. Шчырая, прыгожая, мудрая жанчына са светлым розумам і памяццю. Вось толькі ногі падводзяць. Але побач заўсёды малодшы сын з жонкай, унукі не забываюць.

За плячамі – нялёгкае жыццё. У акупацыю засталася з грудным сынам на руках. Цяжка працавалі, цяжка выжывалі. Муж прайшоў дзве вайны: фінскую і Вялікую Айчынную, вярнуўся дамоў. У 1947-м нарадзіўся яшчэ адзін сынок – Рыгор. Здавалася б, жыць і жыць сям’і. Толькі лёс не даў шмат шчасця. Мужа пахавала 1 мая 1950 года.
Працавала ў мясцовай гаспадарцы ў паляводчай брыгадзе, даглядала цялят – дапамогі чакаць неадкуль, а дзяцей патрэбна было расціць.

Старэйшага сына, на жаль, ужо няма ў жывых. А малодшы стаў ветэрынарным урачом, у саўгасе “Камарынскі” адпрацаваў 20 гадоў, з 1996 па 2011 з’яўляўся загадчыкам Камарынскай ветлячэбніцы, узнагароджаны медалём “За працоўную доблесць”. І ўнук пайшоў гэтай жа сцежкай – так што ўжо можна гаварыць пра дынастыю.

З віншаваннямі ў гэты дзень да юбіляршы завіталі старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Любоў Дзяркач, галоўны спецыяліст раённай арганізацыі ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Вольга Раманавец, старшыня прафкама ААТ “Камарынскі” Аляксандр Петруненка. Падарунак і найлепшыя пажаданні перадаў юбіляршы і дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Сяргей Пархамец.

Ганна Міхайлаўна з мужам
У сямейнай атмасферы: сын Рыгор з жонкай

 

Галіна ШАЎЧЭНКА

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *