Палескія сёстры Хатыні

80 гадоў вызвалення Беларусі Важное Грамадства Наша гісторыя

Страшны лёс разам з Хатынню раздзялілі больш за дзевяць тысяч сёл і вёсак Беларусі, 186 з якіх так і не змаглі адрадзіцца, бо былі знішчаны з усімі жыхарамі. Таму мемарыяльны комплекс увасобіў у сабе вогненную трагедыю нашага народа. Тут моўчкі схілялі галовы прадстаўнікі самых розных дзяржаў: прэзідэнты і сяляне, вучоныя і святары, ваенныя і школьнікі, дыпламаты і дэпутаты… Людзі міру.

Як сведчыць кніга “Памяць”, на тэрыторыі Брагіншчыны і Камарыншчыны нямецка-фашысцкія захопнікі поўнасцю або часткова знішчылі ў 1941–1943 гадах сорак шэсць населеных пунктаў. У іх ліку – Бярозкі, Жылічы, Новая Іёлча, Кірава, Крыўча, Лубенікі, Малажын, Рудня Жураўлёва, Чамярысы, Галкі…  Дзве вёскі: Байдакі, што ўваходзіла ў склад Мікуліцкага сельсавета, і Кулаковік – Савіцкага, пасля вайны так і не аднавіліся. У першай фашысты спалілі 31 двор, у другой – 23 і загубілі 11 жыхароў.

Расстрэлы, спаленні людзей, закопванне жывымі, забойствы дзяцей… Усё гэта было, у тым ліку і ў нашым раёне. Часта акупанты зрывалі злосць за смелыя дзеянні абаронцаў менавіта на мірных жыхарах. Тэрыторыі, што прылягалі да партызанскіх дыслакацый, яны ператваралі ў зоны выпаленай зямлі. Праводзячы аблавы, блакады месцаў базіравання партызан, асабліва вясной, летам і восенню 1943-га, гітлераўцы знішчалі цэлыя вёскі разам з іх жыхарамі. Толькі за некалькі майскіх дзён таго года, па існуючых звестках, адзін атрад эсэсаўцаў на чале з катам Шыманам спаліў у Баршчоўскім і Радзінскім сельсаветах (тады ўваходілі ў склад Камарынскага раёна), а таксама ў суседнім Хойніцкім раёне некалькі вёсак. Было знішчана 399 жыхароў населеных пунктаў Баршчоўка, Лясок, Масаны, Радзін, Уласы і інш.

Няма апраўдання жорсткаму тэрору, тым зверствам, што адчула на сабе мірнае насельніцтва. Няма апраўдання злачынствам супраць чалавецтва.

З успамінаў А.М. Старахатаха, былога жыхара в. Вельямоў (адселена ў сувязі з аварыяй на ЧАЭС):

– …Бяжым з Апанасам і бачым, што з парога нашай хаты махае рукой мая маці і гукае:

– Апанас! Хадзі сюды, не бяжы ў свой двор!

Маці расказала, што ў нашу адсутнасць немцы выгналі вяскоўцаў з хат і паставілі каля Калузькавых бярозаў, пад прыцэлам кулямётаў. Стаялі так, пакуль не з’явіўся нейкі нямецкі чын і не пачаў штосьці чытаць з паперкі. Перакладчык загадаў усім ісці на свае селішчы. А немцы і паліцэйскія пайшлі па вуліцы, робячы меткі крыжыкамі на некаторых варотах. Потым з тых двароў забралі ўсіх жыхароў і сагналі ў двор Грыцка. Апанас выскачыў з нашага двара і забег у сваю хату. Дарэчы, ён тады ацалеў.

Немцы пасадзілі вяскоўцаў з Грыцковага двара ў крыты грузавік і некуды павезлі. Мы думалі, што ў Піркі.

Запаліўшы хаты з крыжыкамі на варотах, фашысты і паліцаі селі ў машыны і паехалі з вёскі. А мы пачалі тушыць агонь, не дапускаючы яго да сваіх хат. Пасля таго мы, хлапчукі, пачалі аглядаць пажарышчы. На месцы хлява ў двары Волкава Паўла Раманавіча ўбачылі чорную кучу, якая густа дымілася. Наблізіўшыся да згарэўшага хлява, мы ўбачылі, што з тае кучы тырчаць чалавечыя ногі. Людзі ўсё зразумелі: у кучы – спаленыя вяскоўцы. Загаласілі жанчыны. Толькі па кавалках адзення і гузіках вяскоўцы пазнавалі родных і блізкіх. Ды па маленькіх дзецях, якія не абгарэлі, затуленыя мацярынскімі целамі.

Мужчыны зрабілі вялікую скрыню, у якой усіх загінуўшых і пахавалі. Пазней запрасілі папа, паставілі пры дарозе на ўскраіне вёскі крыж. Каля яго разаслалі палатно і справілі памінкі…

Напрыканцы 60-х гадоў каля месца пахавання спаленых вельямоўцаў быў узведзены цагляны абеліск з металічнай плітой, на якой пералічаны прозвішчы ахвяраў фашысцкага тэрору.

З успамінаў М.Ц. Назаравай, жыхаркі в. Вярховая Слабада (адселена ў сувязі з аварыяй на ЧАЭС):

– Жорстка расправіліся з маімі аднавяскоўцамі фашысты ў красавіку 1942 года. Жыхароў зганялі ў хаты і спальвалі жывымі. Калі прыйшла наша чарга, маці крыкнула: “Уцякайма, дзеці. Усіх не заб’юць!” Мы кінуліся ў прыдарожныя кусты. Ззаду загрымелі стрэлы, але, на шчасце, кулі нікога з нас не закранулі. Мы схаваліся і перасядзелі да ночы ў нейкай яміне. Адтуль бачылі, як гарэла вёска, чулі страшныя крыкі жанчын і дзяцей. Потым усё сціхла. Ад нашай вёскі засталіся адны чорныя галавешкі.

Ці варта пасля ўсяго прыведзенага і ўзгаданага гаварыць, чым была тая вайна для нашых папярэднікаў і што яна азначала для той вялікай краіны, у якой мы нарадзіліся і калісьці жылі, чым адгукаецца ў сэрцах сучаснікаў?.. Званы Хатыні гучаць набатам, наказваюць нам: “Людзі, помніце!”, яны – як перасцярога ад паўтарэння страшнай трагедыі. І з кожным новым ударам глыбей разумееш пакуты, з якімі давялося сутыкнуцца нашаму народу ў гады Вялікай Айчыннай. Праўда вайны – вечная. Таму спынімся на хвіліну, успомнім, памаўчым… Гэта патрэбна ўсім, хто жыве пад мірным небам Беларусі.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *