Памяць. Званы Хатыні гучаць набатам

Главное Грамадства

І зноў на тэрыторыі Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу “Хатынь” асабліва жалобна будуць гучаць званы: 78 гадоў таму, 22 сакавіка 1943-га, карнікі сцерлі з твару зямлі вёску разам з яе жыхарамі. Гэта быў апошні дзень жыцця 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей, самаму малодшаму з якіх з моманту з’яўлення на свет споўнілася ўсяго сем тыдняў. Старыя і малыя, хворыя і знямоглыя, жанчыны і мужчыны, іх усіх сагналі ў хлеў. Зачынілі. А потым… Унутры стаялі лямант, крыкі, дзіцячы плач – фашысты абклалі сцены саломай, палілі бензінам і чыркнулі запалкамі. Драўляная пабудова загарэлася, не вытрымалі – паваліліся пад націскам дзясяткаў людзей дзверы. Але тых, хто спрабаваў вырвацца з вогненнага палону, фашысты спакойна расстрэльвалі. Яны вынеслі ні ў чым не павінным жыхарам смяротны прыгавор.

Прычына, па існуючай версіі, была простая: непадалёку ад вёскі партызаны абстралялі нямецкую аўтакалону і нават забілі афіцэра Вёлькечэмпіёна берлінскай Алімпіяды 1936 года, так што вока за вока. Жудасныя, страшныя правілы вайны: адказваць павінна было мірнае насельніцтва.

Спалілі карнікі і 26 дамоў. На месцы Хатыні засталося толькі папялішча. І гэта – адзін з тысячы фактаў, што сведчаць аб гітлераўскай палітыцы генацыду на акупіраваных тэрыторыях. Хаця… Вакол хатынскай трагедыі заўсёды ішло шмат размоў, асабліва – пасля распаду Савецкага Саюза. То вёску знішчылі  паліцаі, то партызаны, то войскі НКУС – абвінавачванні сыпаліся розныя.  І самае прыкрае, сумнае, непрыемнае: усё гэта гучала як нейкае апраўданне нацызму, здзейсненаму злачынству. Таму нават у галаве не ўкладваецца, як можна  спекуліраваць на трагедыі Хатыні, горы і вечным болі беларускага народа.

Мы, вядома, з пакалення, якое не ведае, што такое ісці на смерць, хавацца ў лесе ад ворагаў, цярпець іх катаванні і здзекі, баяцца кожнага шораху, бачыць забітых дзяцей, атрымліваць пахавальныя. Але ў Беларусі цяжка знайсці сям’ю, якая б не згубіла ў тое ліхалецце кагосьці з родных. Таму ад адной думкі, як змаглі нашы папярэднікі ўсё вытрымаць, колькі абарвалася жыццяў і пралілося крыві, знішчана мар і надзей у полымі, халадзее ўнутры. І не могуць не ўзрушваць гістарычныя факты, ваенныя фільмы, дакументальная хроніка – усё, што сведчыць аб перажытым беларускім народам у Вялікай Айчыннай. Хатынь – адзін з такіх напамінаў: жахлівая, страшная рэальнасць мінулага. Вёска, якая стала сімвалам смутку і жудасным прыкладам таго, што ўяўляе сабой фашызм.

Толькі тром хатынцам было суджана выбрацца з ахопленага полымем хлява і выжыць. Віктару Жалабковічу, напрыклад, тады налічвалася толькі каля сямі. І калі чытаеш яго паказанні – цяжкія, неймаверна пякучыя – не паддаюцца разуменню жорсткасць, бязлітаснасць і варварства фанатычных вылюдкаў. Вось толькі частка з пратакола яго допыту як сведкі трагедыі:

– Знаходзячыся побач з маці каля ўваходу ў хлеў, я бачыў праз шчыліну, як карнікі пачалі падкідваць да сцен салому, а потым сталі падносіць каністры з бензінам і абліваць ім сцены, пасля чаго ўсё гэта падпалілі. Калі агонь ахапіў будынак, звар’яцелыя ад страху людзі, разумеючы, што ім суджана жывымі згарэць у агні, кінуліся натоўпам да дзвярэй хлява, які быў закрыты звонку драўлянай засаўкай, і сарвалі іх. Тыя, хто выбіраўся надвор, траплялі пад кулі і падалі ў некалькіх метрах ад хлява.

Я разам з маці, знаходзячыся ў другіх радах людзей, якія выбраліся з хлява, нейкім цудам пераадолелі гэтыя некалькі метраў, што аддзялялі нас ад зваленых кулямі аднавяскоўцаў, жывымі. Накрыўшы мяне сабой, маці шапнула, каб я не рухаўся. У гэты час я адчуў, як куля апекла мне левае плячо, я паведаміў аб гэтым маці і тут жа адчуў, як яна моцна ўздрыгнула, па ўсім яе целе прайшла сутарга, і яна заціхла, не адказваючы на мае пытанні. Я зразумеў, што яна мёртвая.

Ад пажарышча ў мяне пачало тлець адзенне. Каб неяк выратавацца ад агню, я адпоўз на некалькі метраў у бок і працягваў нерухома ляжаць, пакуль не сціхла стральба і не пакінулі вёску карнікі. Калі падняўся – тое, што ўбачыў, узрушыла мой дзіцячы розум. Першае жаданне, якое ўзнікла, – гэта зазнаць тую ж долю, што і мае аднавяскоўцы, спаленыя ў агні і палеглыя ад куль карнікаў. Калі б была такая магчымасць, я, не раздумваючы, кінуўся б у агонь, у якім загінулі мой бацька, браты і сястра. Ад хлява тады засталіся толькі дагараючыя касцякі яго вуглоў. На папялішчы трыма групамі, на адлегласці некалькіх метраў адзін ад аднаго, у розных позах ляжалі абгарэлыя трупы мужчын, жанчын і дзяцей. Некаторыя з іх яшчэ падавалі прызнакі жыцця і прасілі мяне даць ім вады. Я набіраў з бліжэйшых лужын чырвоную ад крыві ваду і ў прыгаршчах падносіў ім. Нават сваім дзіцячым розумам я ўсведамляў, што гэтыя людзі асуджаны і іх чакае немінучая смерць.

…Хто і калі пахаваў трупы і астанкі жыхароў вёскі Хатынь, мне невядома, бо пасля ўсяго не мог бачыць месца знішчаных аднавяскоўцаў. Мяне прытулілі сваякі з вёскі Казінец.

У жывых пасля трагічных падзей 22 сакавіка застаўся і 12-гадовы Антон Бараноўскі, якога параніла ў нагу, і гітлераўцы прынялі яго за мёртвага, што і выратавала. Пазней ён жыў у Мінску, трагічна загінуў у 1969-м. А з дарослых выжыў толькі 56-гадовы Іосіф Камінскі. Абпалены і паранены, ён апрытомнеў позна ноччу, калі фашыстаў ужо не было ў вёсцы. І яго чакаў яшчэ адзін цяжкі ўдар: сярод трупаў землякоў знайшоў свайго сына, які быў смяротна паранены ў жывот, атрымаў моцныя апёкі. Хлопчык памёр на руках у бацькі.

Гэты трагічны момант з жыцця Іосіфа Камінскага, як вядома, і пакладзены ў аснову скульптуры мемарыяльнага комплексу “Хатынь” – “Няскораны чалавек”. Ён жыў пасля вайны ў вёсцы Козыры Лагойскага раёна Мінскай вобласці і да апошніх сваіх дзён прыходзіў у Хатынь. Памёр у 1973-м. Але яго праклён фашызму, любому злу на Зямлі – вечны. Як і звон смутку, болі сэрцаў, чалавечай памяці.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *