Станоўчыя вынікі дзейнасці раённага аддзела ўнутраных спраў дасягнуты дзякуючы зладжанай рабоце ўсяго калектыву

Главное Грамадства Территория закона

Інспектар ДПС Сяргей Ефіменка (справа) ахвотна дзеліцца вопытам і ведамі з маладым калегам Андрэем Калеснікавым

Дзень міліцыі – свята мужнасці, гонару і адвагі. Свята людзей, якія спяшаюцца на дапамогу па першым клічы і абараняюць законапаслухмяных грамадзян ад злачынных замахаў. Тых, хто з’яўляецца гарантам нашага размеранага жыцця і спакою. Патрульныя, аператыўнікі, інспектары… Усе яны служаць у міліцыі не дзеля зорак на пагонах, а для агульнай справы.

Аб тым, чым жыве ў гэтыя дні калектыў раённага аддзела ўнутраных спраў, расказаў намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Сяргей Брыцько.

Вынікі радуюць

Пачнём з прыемнага: па выніках дзейнасці за 2020-ы, аддзяленне крымінальнага вышуку РАУС заняло першае месца сярод іншых аддзяленняў Гомельскай вобласці сваёй катэгорыі. Работа аператыўнікаў ацэньвалася па многіх крытэрыях. Галоўны з іх – раскрыццё ўсіх злачынстваў, якія належаць да катэгорыі цяжкіх. Такіх у нашым раёне ў мінулым годзе было здзейснена дзевяць. Усяго ж па лініі крымінальнага вышуку зарэгістравана 98 злачынстваў. Асноўную іх частку складаюць крадзяжы – 56, а таксама хуліганствы – 11.

Нядрэнна спрацавала і група па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. У мінулым годзе ў гэтай сферы было выяўлена 18 злачынстваў супраць 4-х у 2019-м. У іх ліку – крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, атрыманне хабару, прысваенне або растрата маёмасці.
На дапамогу прыйдуць
у любую хвіліну

Безумоўна, станоўчыя вынікі дзейнасці раённага аддзела ўнутраных спраў дасягнуты дзякуючы зладжанай рабоце ўсяго калектыву. А ён у РАУС складаецца з прафесіяналаў, людзей камунікабельных, зацікаўленых ў вырашэнні агульных задач.

Вядома, што заслужыць давер і ўтрымаць яго можна толькі адказным стаўленнем да справы, увагай да праблем кожнага. І супрацоўнікі міліцыі штодня даказваюць: у любую хвіліну яны гатовыя дапамагчы ўсім, хто да іх звернецца. Нават калі гэта не зусім у іх кампетэнцыі. Напрыклад, вызвалялі са снежнага палону аўтамабіль. Жыхары Гомеля завіталі ў наш раён на зімовую рыбалку. А калі вечарам вярталіся дамоў, іх “Нісан” завяз ў снезе каля вёскі Жылічы. Званок з просьбай аб дапамозе паступіў на нумар 102, і праваахоўнікі выехалі па названым адрасе. Да справы давялося нават падключыць буйнагабарытную тэхніку з мясцовага сельгаспрадпрыемства.

Зараз практычна ўвесь штат у аддзеле ўкамплектаваны. Вакансіі паступова запаўняе моладзь. Так, сёлета, пасля заканчэння вучэбнага цэнтра, чатыры супрацоўнікі прыйдуць у аддзяленне па ахове тэрыторый радыеактыўнага забруджвання. А мінулым летам свой працоўны шлях у РАУС пачалі тры выпускнікі Акадэміі МУС.

Пераемнасць пакаленняў

Нямала ў аддзеле і тых, у каго за плячамі багаты вопыт як у прафілактычнай рабоце з насельніцтвам, так і ў барацьбе са злачыннасцю. Ахвотна накопленымі ведамі і на-выкамі з маладымі калегамі дзеляцца інспектар ДПС Сяргей Ефіменка, старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Валерыя Кудрэнка, участковыя інспектары Аляксандр Савянок і Сяргей Музычэнка.

Цесная сувязь падтрымліваецца і з ветэранамі МУС. З лістапада 2018 года раённую арганізацыю ГА “Беларуская грамадская арганізацыя ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войск” узначальвае Сяргей Музычэнка.

– Мы аб’ядноўваем людзей, якія аддалі службе ў праваахоўных органах шмат гадоў і зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Імкнёмся быць побач з імі і ў радасці, і ў горы, – расказвае Сяргей Анатольевіч. – Зараз наша арганізацыя налічвае 44 чалавекі. У іх ліку – працаўнік тылу Іван Шабельнікаў, воіны-афганцы Валерый Чарнянок і Уладзімір Зыкаў, а таксама 14 удзельнікаў ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС. Сярод тых, хто ўнёс значны ўклад у станаўленне і выхаванне маладога пакалення РАУС, – Аляксандр Кузьмін і Фёдар Прахарэнка. У калектыве склаліся добрыя традыцыі, якія працягваюцца і памнажаюцца.

Кожны — прафесіянал

Ад прафесіяналізму, сумленнасці і цвёрдай грамадзянскай пазіцыі супрацоўнікаў праваахоўных органаў залежаць дабрабыт, бяспека і спакой як асобных людзей, так і дзяржавы ў цэлым. І, нягледзячы на шматлікія цяжкасці, стомленасць, напружаны рытм працы, яны паспяхова спраўляюцца з сваімі абавязкамі.

– Служба ў міліцыі – гэта ўсвядомлены выбар кожнага з нас, – упэўнены Сяргей Брыцько. – Жадаю калегам, каб яны заўсёды памяталі: кожны з іх – прафесіянал. Гэта факт, які, у першую чаргу, не павінен падвяргацца сумненню імі самімі. Поспехаў у працы, цярпення, моцнага здароўя і надзейнага тылу. Каб дома заўсёды чакалі, шанавалі, разумелі і падтрымлівалі.

Вольга ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *