У камарынскіх дашкольнікаў і ў халоднае надвор’е плавальны сезон – у разгары

Главное Грамадства

Заняткі заўсёды суправаджаюцца дзіцячым смехам і станоўчымі эмоцыямі.

Яшчэ да нядаўняга часу навучыцца плаваць маленькія камарынцы маглі толькі летам на Дняпры. Сітуацыю змяніла ўвядзенне ў эксплуатацыю басейна ў мясцовым дзіцячым садку. Урачыстае адкрыццё аб’екта, прыгадаю, адбылося ў 2019 годзе. На яго “рэанімацыю” і абсталяванне пайшло 382 тысячы бюджэтных сродкаў. Атрымаўся своеасаблівы аздараўленчы комплекс. Да паслуг дашкольнікаў – чаша памерам 8 на 4 м і глыбінёй каля метра, душавыя кабіны, раздзявальня, туалет. Ёсць кабінеты трэнера і медсястры, месца для інвентару. Злучае абноўленую частку з памяшканнямі ясляў-сада прасторная галерэя.

Сёння ўстанову, па паведамленні яе загадчыцы Маі Кацубы, наведвае 98 дзяцей, працуе шэсць груп. Да заняткаў па плаванні выхаванцы далучаюцца з трохгадовага ўзросту. З імі працуе кіраўнік фізічнага выхавання Ганна Шэін, якая атрымала гэтую спецыяльнасць у 2017-м у Мазырскім педуніверсітэце, а праз два гады павысіла кваліфікацыю ў Гомельскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Паглыбленыя веды па навучанні дашкольнікаў плаванню дапамагаюць належным чынам арганізоўваць з імі работу ў басейне.

Напярэдадні першых заняткаў, як і патрабуецца, – гутарка з бацькамі, павышэнне іх дасведчанасці ў пытаннях аздараўлення дзяцей. Выхаванцаў знаёмяць з басейнам і правіламі паводзін на яго тэрыторыі. Потым – адаптацыйны перыяд.

Магчыма, будучыя чэмпіёны па плаванні.

У працэсе навучання плаванню ўлічваюцца ўзроставыя асаблівасці, стан здароўя і фізічная падрыхтаванасць дзяцей. Па санітарных нормах і правілах адначасова ў басейне могуць займацца не больш за восем чалавек. Абавязковым з’яўляецца медыцынскі кантроль.

Работу з дзецьмі ў басейне арганізоўвае кіраўнік фізічнага выхавання Ганна Шэін.

– Заняткі праходзяць у гульнявой форме, з яркімі надзіманымі кругамі, плавальнымі дошкамі, мячамі розных дыяметраў і іншым сучасным водным інвентаром. Іх перыядычнасць – тройчы ў тыдзень. А працягласць, у залежнасці ад узросту выхаванцаў, ад 10–15 да 20–25 хвілін. Тэмпература вады і паветра, каб дзецям было камфортна, падтрымліваецца ў межах 35–36 градусаў. Падлога падаграецца, – адзначае Мая Вітальеўна.

–  У выніку такіх заняткаў павышаюцца ахоўныя сілы арганізма. Яны станоўча ўплываюць на сардэчна-сасудзістую і цэнтральную нервовую сістэмы, органы дыхання, кровазварот. І да таго ж робяць дзяцей больш ураўнаважанымі, рашучымі, дысцыплінаванымі, развіваюць уменне дзейнічаць у калектыве, праяўляць самастойнасць. Нельга не заўважыць той радасці і задавальнення, станоўчых эмоцый, з якімі дзеці займаюцца плаваннем, – дадае Ганна Аляксандраўна.

Такіх умоў, дарэчы, няма нават у юных жыхароў райцэнтра. Так што камарынцам можна толькі па-добраму пазайздросціць: адзіны басейн на тэрыторыі Брагіншчыны размясціўся менавіта ў іх пасёлку. І гэта выдатная магчымасць умацаваць здароўе дзяцей, сфарміраваць у іх культуру паводзін на вадзе, зацікавіць плаваннем – карысныя навыкі, закладзеныя ў дзяцінстве, захаваюцца на ўсё жыццё.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *