Год народнага адзінства. Да агульных мэт і задач – разам

Год народнага адзінства Грамадства

2021 год аб’яўлены ў нашай краіне Годам народнага адзінства. Гэтая акалічнасць прымушае нас, беларусаў, спыніцца, яшчэ раз успомніць, хто мы такія, у чым наша мэта і што мы павінны для яе дасягнення зрабіць. Кожная справа, наколькі яна б ні была складаная, патрабуе завяршэння. А такое магчыма толькі, калі мы разам. Бо, як кажуць, адзін у полі не воін. Гэта сапраўды так. Наша гісторыя яскрава сведчыць, што народ аб’ядноўваўся і ў цяжкія, і ў радасныя хвіліны: каб выстаяць супраць ворага, убраць з поля ўраджай, ажыццявіць будаўніцтва, адзначыць свята… Я лічу, што ўсе, хто хварэе душой за сваю малую радзіму і за Беларусь увогуле, павінны памятаць пра гэта і жыць, дзейнічаць так, як наказалі нам продкі.

Калі я прыйшла працаваць у Чамярыскі дзіцячы сад – сярэднюю школу, першае, што мяне ўразіла і што я адчула, – гэта ўзаемаразуменне і добразычлівасць, якія пануюць у калектыве. Яго ўжо пятнаццаць гадоў узначальвае Святлана Пятроўна Кудранок.

Крэатыўная і энергічная, з сучасным поглядам на справу і ў той жа час строгая і справядлівая, яна аб’ядноўвае настаўнікаў, дзяцей і бацькоў у адно цэлае, умела і правільна вядзе за сабой.

Уся дзейнасць установы грунтуецца на адзінстве ў дасягненні пастаўленых мэт і задач. Аб гэтым сведчаць і парадак, што пануе навокал, і правядзенне розных выхаваўчых мерапрыемстваў, і ўдзел у добраўпарадкаванні вясковай тэрыторыі. Цёплая атмасфера ў калектыве натхняе на новыя здзяйсненні, творчы пошук, выклікае жаданне рухацца да большага.

У працэсе навучальнай і выхаваўчай дзейнасці педагогі прывіваюць дзецям пачуццё патрыятызму, любоў да роднага куточка, да сваёй Айчыны, вучаць шанаваць нацыянальныя каштоўнасці. І хачу адзначыць: у нас гэта добра атрымліваецца!

“Калі мы адзіныя – мы непераможныя! У адзінстве наша сіла і моц!” – пад такім лейтматывам у шосты школьны дзень прайшло мерапрыемства, прысвечанае Году народнага адзінства. Яно яшчэ пры падрыхтоўцы аб’яднала адміністрацыю, настаўнікаў, вучняў, бацькоў у адну вялікую сям’ю. А ў суботу да нас на канцэрт завіталі прадстаўнікі раённага вучэбна-метадычнага кабінета. Праз беларускія песні і танцы, якія насілі патрыятычны характар, мы выказалі шчырую любоў да Радзімы, да месца, дзе нарадзіліся, жывём, вучымся і працуем.

Аксана ПЕЎНЯВЕЦ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА “Чамярыскі дзіцячы сад-сярэдняя школа”



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *