Людзі працы. Марыя Смолкіна аддала жывёлагадоўлі 50 гадоў

Грамадства Сельское хозяйство

Узнагароджана ордэнам Працоўнай Славы III ступені, шматлікімі граматамі, неаднаразова атрымлівала падзякі.

Марыя Герасімаўна і зараз знаходзіцца ў паўсядзённых клопатах.

Пасля школы Марыя працавала на Мазырскай швейнай фабрыцы і адначасова займалася на падрыхтоўчых курсах: марыла аб паступленні ў інстытут. У гэты час паведамілі, што бацька захварэў, яму тэрмінова патрэбна аперацыя. А потым занядужала і маці. Відаць, стараннай і мэтанакіраванай дзяўчыне з Брагіншчыны не суджана было стаць студэнткай. Вярнулася ў родную Міхнаўку, каб прадоўжыць справу бацькі – Герасіма Шубянка. Ён быў загадчыкам Міхнаўскай фермы, якую ў 1965 годзе ўзначаліла Марыя.

Кіраўніцтва вытворчым падраздзяленнем прыняла ад Аляксандра Нікіценкі, які змяніў бацьку. Думка аб тым, што ходзіць тымі ж сцежкамі, на тую ж ферму, што і родны чалавек, акрыляла, давала сілы. Верыла: усё будзе добра, усё атрымаецца так, як задумала.

Кожны свой крок у думках звярала з дзеяннямі бацькі ў той або іншай сітуацыі, нібы пыталася, ці правільна робіць.

У тыя гады Міхнаўская МТФ лічылася адной з лепшых у раёне. У чатырох хлявах знаходзілася 150 дойных кароў. Акрамя гэтага, утрымліваўся маладняк: цялушкі для ўзнаўлення статка. Пра адносіны лю-дзей да сваіх абавязкаў неабходна сказаць асобна. Рабоце яны аддавалі ўсе сілы, жылі інтарэсамі падраздзялення. Найстарэйшая даярка Марфа Шубянок па-ранейшаму даіла сваю групу (30 кароў) уручную, хаця на ферме ўстанавілі малакаправод. Шкадавала жывёлу, гаварыла, што апаратам так не выдаіш, што можна вымя траўміраваць. Пра сябе не думала… Як, дарэчы, і астатнія жанчыны. У 1970–1980 гады яны атрымлівалі па чатыры тысячы кілаграмаў малака ад кожнай каровы. Клуб даярак-чатырохтысячніц, па словах Марыі Герасімаўны, наведвалі рэдка, бо знаходзіўся ён у Брагіне.

Міхнаўская МТФ, якая ўтрымлівала першынство, была занесена на раённую Дошку гонару, як і партрэт Марыі Смолкінай.
Я сёння пазнаю былых работнікаў гэтай фермы і іх нашчадкаў па ўласцівых рысах характару: стараннасці, дысцыпліна-ванасці, пазітыўным настроі, адносінах да людзей. Аляксандр Нікіценка, сын Аляксандра Міхайлавіча, які некаторы час быў брыгадзірам, зараз працуе жывёлаводам у ААТ “Брагінка”. Як адзін з лепшых сярод людзей узгаданай прафесіі неаднаразова атрымліваў узнагароды і падзякі абласнога і рэспубліканскага ўзроўню.

Муж Марыі Герасімаўны, брыгадзір паляводчай брыгады, валодаў арганізатарскімі здольнасцямі, карыстаўся сярод адна-вяскоўцаў аўтарытэтам. У сям’і падрастала трое сыноў, якія сталі для бацькоў апорай і падтрымкай. На жаль, адзін з іх заўчасна пайшоў з жыцця, чатыры гады таму не стала і галавы сям’і – паважанага ўсімі Міхаіла Сямёнавіча… Узгадваючы шчаслівыя гады, калі ўсе былі разам, жанчына з жартам заўважае: “Колькі і памятаю, мы з мужам амаль увесь час былі на рабоце. Раніцай разбегліся хто куды, ён – у адзін бок, я – у другі, і так да позняга вечара. Хлопцы нашы самастойныя, працавітыя, хаця выхаваннем асабліва не займаліся. Уздзейнічалі асабістым прыкладам. Ды яны і самі бачылі, як шанавалі сумленных і шчырых працаўнікоў, колькі ўвагі ім удзялялі”.

Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС жыхароў в. Гдзень у маі 1986-га перасялілі ў Міхнаўку. Людзей размясцілі па дамах вяскоўцаў, якія радушна прынялі працаўнікоў калгаса “Чырвоная Украіна”. Перавезлі сюды і жывёлу. У доме Марыі Герасімаўны, дзе пражывала яна з мужам і дзецьмі, пасяліліся яшчэ 11 чалавек: загадчык Гдзеньскай МТФ, яго родныя і блізкія. Восенню яны выехалі ў іншы раён, дзе ім выдзелілі жыллё.

Прасторны і гасцінны дом у Міхнаўцы зараз пустуе. Пасля рэарганізацыі калгаса “Парыжская камуна” (зараз – ААТ “Брагінка”) Смолкіным выдзелілі катэдж у Шкуратах. Сыны кожны тыдзень наведваюць маці. Яны са сваімі сем’ямі пражываюць у Гомелі. Пра Марыю Герасімаўну я пачула шмат цёплых слоў. Першага жніўня бягучага года яна адзначыць 80-годдзе з дня свайго нараджэння. Як і іншыя прадстаўнікі старэйшага пакалення, унесла немалы ўклад у развіццё раёна, асабліва жывёлагадоўчай галіны. Вялікі дзякуй Вам, паважаная, ад усіх, з кім звёў лёс, ад іх дзяцей і ўнукаў, і моцнага здароўя на доўгія гады.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *