Маладзёжны патруль: законныя патрабаванні абавязковыя для выканання

Важное Территория закона

Начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Уладзімір Шапецька і камісар МААП Вераніка Бугаева: у развіцці маладзёжнага праваахоўнага руху зацікаўлены ўсе.

__________

Пятніца, на гадзінніку – 21.00. Для большасці брагінчан працоўны тыдзень завяршыўся, а вось для прадстаўнікоў МААП усё толькі пачынаецца… Разам з супрацоўнікамі міліцыі яны выходзяць на патруляванне вуліц Брагіна.

Маладзёжны атрад аховы правапарадку “Іскра” імя В.І. Ігнаценкі, які створаны на базе раённай арганізацыі ГА “БРСМ”, аб’ядноўвае 19 чалавек. Згодна з графікам, кожную пятніцу і суботу яны заступаюць на дзяжурства. Звычайна – па два чалавекі. Традыцыйным пунктам сустрэчы з’яўляецца раённы аддзел унутраных спраў, дзе праходзяць рэгістрацыя і інструктаж.

Вераніка Бугаева ў рады дружыннікаў уступіла два месяцы таму і адразу ж згадзілася заняць пасаду камісара атрада:

– У складзе МААП я нядаўна, але ўжо паспела выйсці на некалькі дзяжурстваў. Пасля рэгістрацыі ў РАУС мы накіроўваемся патруляваць вуліцы Брагіна. Звычайна маршрут пралягае праз месцы, дзе часцей за ўсё збіраецца моладзь. Не адзін раз за вечар даводзіцца завітаць у кафэ, на дыскатэку. Для мяне ўдзел у рабоце дружыны – гэта магчымасць праявіць сваю актыўную грама-дзянскую пазіцыю, унесці асабісты ўклад у забеспячэнне грамадскага парадку на вуліцах роднага пасёлка. Паколькі я з’яўляюся камісарам атрада, у мае абавязкі таксама ўваходзіць складанне графіка дзяжурстваў і яго рассылка па арганізацыях.

Варта адзначыць, што законныя патрабаванні прадстаўнікоў МААП абавязковыя для выканання. А вось за іх ігнараванне, як і за замах на жыццё, здароўе і годнасць дружыннікаў, прадугледжана адказнасць. У той жа час за актыўны ўдзел у ахове правапарадку грамадзяне заахвочваюцца: маюць права на адзін адгул за два выхады на дзяжурства.

Вольга ПАЛЯШЧУК
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *