На вясковых прасторах. Вясна любіць працавітых

Главное Сельское хозяйство

Мікалай Гацко – механізатар шырокага профілю.

КАЛІ рыхтавала матэрыял аб ходзе пасяўной кампаніі, парадавалася за хлебаробаў адкрытага акцыянернага таварыства “Малажынскі”: сёлета сяўбу ранніх яравых, кукурузы на насенне і зерне яны завяршылі аднымі з першых у раёне. Ведаючы асноўны састаў механізатараў, можна было не здзіўляцца такому выніку. Але ж цікавіла, чаму ў папярэднія гады не было ў іх рабоце такой зладжанасці і аператыўнасці.

І вось мы ў гаспадарцы. Едзем на поле за вёскай Юркавічы на сустрэчу з Мікалаем Гацко. На новым трактары  МТЗ-1523.3 ён рыхтаваў плошчу пад кукурузу на сілас. Да гэтага араў, а потым змяніў плуг на дыскі БДТ-3, каб закрыць арганіку. Як высветлілася, малады механізатар можа выконваць любыя віды работ. Восенню разам з Сяргеем Чыгарэўскім і Віктарам Марчанкам (прадстаўнік ААТ “Брагінаграсэрвіс”) сеяў азімыя. Вясной у асноўным задзейнічаны на ворыве і дыскаванні. У 7.00 ён ужо запраўляе свой “Беларус” і шчыруе на палетках да 19.00. І так на працягу некалькіх тыдняў.

Нарадзіўся ў Дубліне, пасля тэрміновай службы вярнуўся на малую радзіму і ўладкаваўся ў СВК “Дублінскі”. Пасля рэарганізацыі сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў далучылі да “Малажынскага”. Па словах Мікалая, для тых, хто любіць працу на зямлі, назва сельгаспрадпрыемства, яго статус не маюць асаблівага значэння. Была б у руках на-дзейная тэхніка, работа, якую неабходна выканаць якасна і ў тэрмін, дастойная заработная плата. А калі ты чаго-небудзь варты, людзі ацэняць і заўважаць.

Сяргей Калясан, як і яго браты, кожны год дабіваецца высокіх вытворчых паказчыкаў.

На суседнім участку працаваў атрад па ўнясенні арганічных угнаенняў. Грузіў іх Сяргей Калясан на новым “Амкадоры” (гаспадарка атрымала яго ў канцы снежня 2019 года). Сяргей Іванавіч – з дынастыі патомных хлебаробаў. Як і яго браты, неаднаразова выходзіў у лік пераможцаў спаборніцтва, прымаў удзел у раённых дажынках. І, вядома ж, атрымліваў граматы, падарункі. У яго працоўнай біяграфіі шмат агульнага з біяграфіяй Мікалая Гацко: служба ў арміі, вучоба, першыя самастойныя крокі пад кіраўніцтвам вопытных механізатараў. І высокае майстэрства, якога дасягнулі з гадамі. Гэта вынік іх стараннасці і кемлівасці, неабыякавасці.

Калі бачыш у “Малажынскім” трактар “CLAAS”, беспамылкова вызначаеш, што за рулём – Віктар Жук, яго першы гаспадар. Былы воін-афганец мае высокія ўзнагароды не толькі за воінскую службу, але і за плённую працу. У гэтыя дні разам з Сяргеем Ігнаценкам ён заняты ўнясеннем арганікі.

Стыль работы Віктара Жука – высокая якасць.

І ўсё ж сакрэт арганізаванага ходу веснавой кампаніі раскрыў галоўны аграном гаспадаркі Цімафей Стасюлевіч:

– Нашы механізатары Андрэй Гуз, Аляксандр Шапавал, Сяргей Чыгарэўскі і Вадзім Шынкарэнка разам з дырэктарам Міхаілам Пінжаковым выпрацавалі тактыку правядзення пасяўной і паказалі, на што здатныя. Задача першых двух з гэтай чацвёркі была падрыхтаваць глебу, забяспечыць фронт работы дзвюм сеялкам. А эксплуатаваць сельгасмашыны калегі па цэху ўмеюць, бо выконваюць работу не першы год. Загарнулі ў глебу спачатку зерневыя, а потым – кукурузу на зерне і насенне (725 гектараў). Каб укласціся ў адведзеныя тэрміны, каралеву палёў сеялі ўтрох: Андрэй Гуз, Вадзім Шынкарэнка і Сяргей Чыгарэўскі. Дарэчы, гэтая работа яшчэ працягваецца, бо на плошчы 1700 га неабходна размясціць кукурузу на зялёную масу. Зараз, як вы самі пераканаліся, вядзецца вываз арганікі і падрыхтоўка плошчаў.

Цімафей Ігаравіч праінфармаваў, што яравыя культуры ўжо пасеяны: і зерневыя, і люцэрна, і аднагадовыя. Арцём Чарнянок нарэзаў барозны і пасадзіў дзесяць гектараў бульбы. Засталася толькі кукуруза.

А механізатарам “Малажынскага” хочацца пажадаць, каб у такім жа тэмпе правялі догляд пасеваў, вырасцілі добры ўраджай і своечасова ўбралі яго.

Пагрузка арганікі.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *