Свята шчырых і добрых людзей. Адзначылі дзень не толькі Рудні Жураўлёвай, а і навакольных вёсак

Важное Грамадства

Нядзеля выдалася сонечнай, быццам ведала, што ў жыхароў Рудні Жураўлёвай і навакольных вёсак свята. Сёлета яго назва гучала як Дзень яднання вёсак. Да яго рыхтаваліся вельмі сур’ёзна і ўдумліва, каб нічога і нікога не забыць. З раніцы кіпеў гандаль, чулася музыка (дарэчы, гучалі аўтарскія песні Аляксандра Цярэшчанкі, ураджэнца гэтых мясцін), разгарнуліся выставы майстроў. У дзецей была магчымасць прымераць амуніцыю выратавальніка, паўдзельнічаць у конкурсах і гульнях, паскакаць на батуце і спусціцца з надзіманых горак.

Куды ні зірні – ветлівыя твары людзей, якія пакінулі на некалькі гадзін паўсядзённыя сельскія клопаты. Прыбраныя вяскоўцы сем’ямі і паасобку ішлі да месца правядзення свята, упрыгожанага сцягамі.

Віншаванні ў адрас жыхароў прагучалі ад намесніка старшыні раённага выканаўчага камітэта Іны Міхаленкі. Яна выказала словы падзякі за клопат пра малую радзіму, захаванне традыцый, прымнажэнне працоўнай славы.

Прывітала прысутных і старшыня Вуглоўскага сельскага Савета дэпутатаў Святлана Протчанка. Яна адзначыла, што ў вёсцы жывуць таленавітыя, працавітыя людзі, адданыя малой радзіме.

У гэты дзень ушаноўвалі лепшых працаўнікоў сельскай гаспадаркі, лясной галіны, тых, хто прымае актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Пра падарункі і сувеніры для іх паклапаціліся ААТ «Брагінскі», Камарынскі лясгас, сельскі Савет дэпутатаў.

Асаблівая ўдзячнасць педагогам, прадстаўнікам старэйшага пакалення, прагучала ад Алены Уласенкі, старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

У гэты дзень вяскоўцаў парадавалі канцэртнымі нумарамі ансамбль “Бліскавіца”, калектыў мастацкай самадзей-насці Малажынскай СШ.

 

Галіна ШАЎЧЭНКА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *