У перыяд летніх канікул аздараўленчыя лагеры будуць працаваць на базе ўсіх устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі Брагіншчыны

Важное Грамадства

Лета ўсе вучні чакаюць з асаблівай нецярплівасцю. Яшчэ б! Цэлыя тры месяцы канікул – ніякіх табе падручнікаў, урокаў і дамашніх заданняў. Толькі любімыя справы і забавы, свежае паветра і бадзёры настрой, адпачынак у асяроддзі сяброў, на прыродзе. А для дарослых гэты перыяд – час сур’ёзных клопатаў і турбот: неўтаймаваную энергію падрастаючага пакалення патрэбна накіраваць у правільнае рэчышча.

Як паведамілі ў раённым аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, многія дзеці нават у перыяд канікул плануюць наведваць установы агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі. На іх базе будуць дзейнічаць аздараўленчыя лагеры рознай накіраванасці: дзённага знаходжання, працы і адпачынку, профільныя – прадугледжана 310 месцаў. Больш за 97 падлеткаў ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў прымуць удзел у рэалізацыі працоўных праектаў пры садзейнічанні ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. А некаторыя накіруюцца ў аздараўленчыя цэнтры: “Ждановічы” Мінскай вобласці, “Жамчужына” Віцебскай, “Лясная паляна” Гродзенскай, “Пралеска” Гомельскай – на лета выдзелена 299 пуцёвак, набытых за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. І яшчэ для некалькіх чалавек прадугледжаны адпачынак у ДРАЦ “Надзея” (Мінская вобласць), “Пралеска” і санаторыі “Свіслач” дзякуючы падтрымцы італьянскіх асацыяцый.

Да работы па арганізацыі летняй занятасці і адпачынку школьнікаў, папярэджанні негатыўных з’яў у падлеткавым асяроддзі далучаны прадстаўнікі камісіі па справах непаўналетніх, праваахоўных органаў, службы МНС, устаноў культуры, аховы здароўя, ГА “БРСМ”, іншых зацікаўленых структур. Пад пільным наглядам, як заўсёды, застануцца дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, патрабуюць больш пільнай увагі.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *