Захапленне Наталлі Смальцар: кожны вобраз — непаўторны

Главное Грамадства

Паліна стараецца і ведае: у цяжкія моманты дапаможа Наталля Уладзіміраўна.

 У наш час у магазінах лялек – колькі хочаш. На любы кашалёк і густ. Але ўсе яны, зробленыя на фабрыках, не нясуць цяпла душы і рук іх творцаў. Іншая справа – аўтарскія, створаныя ў адзіным экзэмпляры. Яны напаўняюць дом асаблівай энергетыкай і перадаюць настрой, эмоцыі, а часам і характар свайго творцы. Бывае, што на вобраз працуе нават нейкі кавалачак тканіны, карунка ці стужачкі – любая дэталь. 

Цікавасць да такога рукатворнага майстэрства ўзнікла ў Наталлі Смальцар яшчэ ў маленстве. Цацак у мнагадзетнай сям’і, дзе расла, было няшмат. Таму і паспрабавала зрабіць іх сама – з нейкіх старых рэчаў, абрэзкаў. Як падказвала дзіцячая фантазія. А часам – і нейкая карцінка, на аснове якой дзяўчынка стварала свой выраб. Ці эскізам служыў уласны малюнак. Такой сіле ўяўлення і творчым здольнасцям юнай асобы заставалася толькі здзіўляцца.

Усё яшчэ больш захапіла, узяло ў палон з узростам – калі Наталля Уладзіміраўна змяніла сферу сваёй працоўнай дзейнасці, стала культарганізатарам Мікуліцкага сельскага клуба. За тры гады з-пад яе рук выйшлі дзясяткі мяккіх цацак і адмысловых лялек, якіх яна з любоўю называе “мае Цільды”. Пра апошніх, дарэчы, слова асобнае. Да месца будзе зрабіць невялікі экскурс у гісторыю.

Справа ў тым, што яшчэ ў 1999 годзе такія лялькі пашыла маладая нарвежская мастачка і дызайнер Тоне Фінангер. Яна распрацавала іх выкрайкі, вопраткі, прыдумала вобразы, якімі натхніла на творчасць тысячы людзей ва ўсім свеце. Самыя пазнавальныя прыкметы Цільды: вочы ў выглядзе кропак, румяныя шчокі і пышныя валасы. Імя, дарэчы, таксама выбрала Тоне. На той момант яна працавала ў магазіне рукадзелля і марыла рабіць персанажаў для анімацыйных фільмаў. У выніку і з’явілася сімпатычная мульцяшная лялька з тканіны. У яе свеце, па словах стваральніцы, “няма месца сур’ёзнаму погляду на жыццё, яна – выратаванне ад шэрых будняў”.

Сёння Tilda – зарэгістраваны брэнд. Але так склалася, што шыццё падобных лялек набыло вялікую папулярнасць і нават пераўтварылася ў самастойны накірунак прыкладного мастацтва. Цяпер іх усіх аб’ядноўвае агульнае імя, а творцаў – пошук новых ідэй у стылі “Цільда”. Знатныя гэта барышні, рамантычныя прынцэсы, анёлы-ахоўнікі ці забаўныя звяркі – вобразы могуць быць самыя розныя.

Кожная Цільда — індывідуальнасць.

Знаёмства Наталлі Уладзіміраўны з такімі вырабамі адбылося завочна – праз інтэрнэт. Калі ўбачыла выставы, экспазіцыі тэкстыльных лялек, пакарылі адразу ж. А з цягам часу і сама асвоіла тэхналогію іх стварэння.

Як і большасць майстроў, пра свае работы жанчына гаворыць: нарадзіліся. Прыкметна, што адносіцца яна да іх як да жывых істот. Кожная Цільда – гэта індывідуальнасць. Са сваімі пачуццямі і характарам, прынцыпамі і перакананнямі. Яна звяртае на сябе ўвагу незвычайным выглядам, уласным разуменнем прыгажосці, напаўняе прастору нейкай чароўнасцю. У адным памяшканні мясцовай установы культуры цудоўна ўжываюцца і сучасныя юныя красуні-модніцы, і самабытныя маладзіцы ў адзенні з нацыянальным каларытам, і вытанчаныя свецкія лэдзі пушкінскіх часоў, і элегантныя дамы бальзакаўскага ўзросту, і мульцяшныя персанажы… Адны – абаяльныя, мілыя, высакародныя, другія – пацешныя, іранічныя. У лялечным свеце пануюць гармонія і спакой.

Звычайна на адну работу ў Наталлі Уладзіміраўны затрачваюцца два-тры дні. А за справу яна бярэцца толькі ў добрым настроі і з чыстымі думкамі, у парыве творчага натхнення. Смела камбінуе і эксперыментуе. Бывае, што працэс, ад якога атрымлівае асалоду, не адпускае нават уначы.

Усе лялькі, дарэчы, ствараюцца ўручную, таму аднолькавых няма. Для іх набіўкі, адзення, прычосак, іншых дэталяў жанчына выкарыстоўвае самыя розныя матэрыялы: абрэзкі тканіны, вязальныя ніткі, ажурныя карункі, яркія стужачкі, мяккі пух і сінцепон, іншыя ўцяпляльнікі ад верхняй вопраткі…  У вёсцы ўжо добра ведаюць, куды патрэбна несці такія “адыходы” ці рэчы, што адслужылі сваё, проста займаюць месца ў шафе. Яны ў руках зямлячкі-майстрыхі атрымаюць новае жыццё. Ды і для работы з дзецьмі могуць спатрэбіцца.

У гуртку “Умелыя ручкі”, якім кіруе Наталля Уладзіміраўна, пануе творчая, добразычлівая атмасфера. На заняткі да яе прыходзяць юныя асобы рознага ўзросту і ўзроўню падрыхтаванасці: хтосьці бярэ ў рукі прылады працы ўпершыню, а ў кагосьці ўжо нядрэнна атрымліваецца шыць. І гэта, на маё здзіўленне, не толькі дзяўчынкі. З нуля, напрыклад, асвойваў справу па вырабе мяккіх цацак васьмігадовы Яўген Кандраценка. “Усяму – ад уцягвання ніткі ў іголку да выканання швоў і злучэння з іх дапамогай дэталяў – навучыла Наталля Уладзіміраўна”, – заўважае бабуля хлопчыка. Як і ва ўсіх навічкоў, першай самастойнай работай стала ігольніца ў выглядзе сардэчка. Радасць ад выніку працы была бязмежная. А потым гэты від дзейнасці настолькі захапіў Яўгена, што ён, каб паскорыць працэс стварэння сваіх вырабаў, дома заявіў: “На дзень нараджэння мне патрэбна купіць швейную машынку”.

Яўген ад дзяўчынак у майстэрстве не адстае.

Многіх дзяцей, да слова, прываблівае ў занятках менавіта тое, што з набыццём пэўных уменняў можна зрабіць цацку, якая падабаецца, – на ўласны выбар і густ. Сярод актыўных наведвальнікаў гуртка культарганізатар называе таксама Вікторыю Легунову, Паліну Худзенку, Уладзіслава Мельнічэнку, Дар“ю Баранаву, Святлану Смальцар. У кожным з гэтых і іншых юных аматараў прыкладнога мастацтва  патрэбна падтрымаць творчы пачатак, развіць здольнасці. Ды і ўвогуле, з прыходам Наталлі Уладзіміраўны ў клуб дзеці сюды сталі наведвацца часцей. Будзь то рукатворны працэс, тэматычнае мерапрыемства ці працоўны дэсант – умее натхніць, зацікавіць, прыцягнуць увагу. А ў дадатак да ўсяго, як прыкмячаюць калегі, яна яшчэ выдатная кулінарка і гаспадыня. Чаго толькі вартыя адны яе тарты! І на падворку, утульным і дагледжаным, з густам абсталяваным і ўпрыгожаным кветкамі, адчуваецца асаблівая атмасфера, якая не хоча адпускаць гасцей.

У руках Вікторыі — цёпла і ўтульна.

Сёлета, дарэчы, Наталля Уладзіміраўна ўпершыню прыняла ўдзел у творчых конкурсах, на якіх прадставіла свае работы: у раённым – “Брагінская музычная вясна” і абласным – “Семь-я”. Як вынік – дзве перамогі (ў намінацыях “Выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці” і “Сямейныя захапленні”). Атрыманы заслужаныя дыпломы.

…А пасля нашай сустрэчы з гэтай жанчынай у рэдакцыі пасяліўся віславухі заяц. З такімі ж добрымі вачыма, як і ў яго творцы.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *