На вясковых прасторах. ААТ “Чамярыскі”: тон у рабоце задае моладзь

Главное Сельское хозяйство

Максім Леўчанка радуецца, калі збажына стаіць сцяной і абяцае добры ўраджай.

Максім Леўчанка (да яго ў гаспадарцы звяртаюцца з павагай – Максім Паўлавіч) у свае дваццаць чатыры ўзначальвае агранамічную службу буйной гаспадаркі. Працаваць пад кіраўніцтвам дырэктара Адама Царанка, які аддаў аграпрамысловаму комплексу больш за 40 гадоў, лёгка і ў той жа час адказна. Ёсць у каго павучыцца. Дарэчы, дырэктар цэніць дзелавыя якасці спецыяліста, які прыйшоў у “Чамярыскі” ў 2016-м, паспеў не толькі асвоіцца за гэты час, але і закончыць завочна сельгасакадэмію.

З маладым аграномам хацелася не толькі пагутарыць аб працоўных буднях, але і зазірнуць у заўтрашні дзень. Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2021–2025 гады прадугледжана вырошчванне ў паўднёвых раёнах цеплалюбівых і засухаўстойлівых бахчавых культур, грэцкага арэха, абрыкосаў. Кавуны і дыні на беларускіх землях прыжыліся даўно і карыстаюцца попытам. Ці рэальна перамясціць іх на буйныя плошчы сельгаспрадпрыемства, пакажа час, але ж такую ідэю Максім лічыць прымальнай.

А зараз агранамічная служба і дырэкцыя ААТ вырашаюць неадкладныя справы, якія датычаць назапашвання кармоў і падрыхтоўкі да жніва. Сянаж закладваюць з люцэрны. Ёмістасць умяшчальнасцю 4100 тон (знаходзіцца яна ў Чамярысах) запоўнілі за пяць дзён. Па словах Адама Анісімавіча, механізатары, якія вызначыліся на гэтым участку работы, згодна з умовамі спаборніцтва будуць прэміраваны на свяце вёскі. Адзін з тых, ад каго ў немалой ступені залежыць якасць кансерваванага корму, – Сяргей Фалей. Яму даручана трамбоўка зялёнай масы на “Кіраўцы”, які набылі пяць год таму. Усяго на 24 чэрвеня назапашана больш за дзесяць тысяч тон зялёнай масы.

Сёлета, як прымеціў Максім Леўчанка, дзякуючы майскім дажджам травы густыя, убіраць ёсць што. Люцэрна займае 920 гектараў з улікам тых 78-мі, што пасеялі вясной. Насенне каштоўнай бялковай культуры набылі за бюджэтныя сродкі, якія выдзяляліся для гэтай мэты. Сельгаспрадпрыемству неабходна павялічваць плошчы пад люцэрну, што і робіцца. Першы ўкос ужо ўбраны, на падыходзе – другі.

 

Па словах старшага інспектара ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ніны Ярмоленкі, сёлета ў АПК раёна павінна прыехаць 16 маладых спецыялістаў. З іх пяць – па мэтавым накіраванні пасля заканчэння вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных сельскагаспадарчых устаноў. Выпускнік БДАТУ Уладзіслаў Федарэнка пасля месячнай адпрацоўкі ў ААТ “Камарынскі” служыць у арміі. Сёстры Надзея, Вера і Любоў Ефіменкі прыбудуць у жніўні. Павел Садоўнічыц з сакавіка займае пасаду інжынера па ахове працы ў “Чамярыскім”.

З 19 маладых спецыялістаў, якія прыбылі ў мінулым годзе, працягваюць працаваць 18. Усе выпускнікі 2019-га (17 чалавек) у нас засталіся.

 

З пачуццём задаволенасці і дырэктар, і галоўны аграном гаварылі пра азімы ячмень, эліту якога закупілі ў Іванаўскім раёне.

– Паспявае ён на два тыдні раней за іншыя зерневыя культуры, – расказаў Адам Анісімавіч. – Для нас гэта вельмі важна. Па-першае, не зацягваецца жніво, па-другое, камбайнеры і іх памочнікі працуюць не ў такім напружаным рытме, як звычайна, па-трэцяе, немалаважны эканамічны эфект. Пакуль збажына пойдзе суцэльным патокам, у нас будзе што паставіць на прыёмны пункт.

Не толькі ячмень абяцае добры ўраджай, але і трыцікале. Намалаціць з кожнага гектара не менш чым у мінулым годзе – справа гонару агранома-насеннявода. З маладымі спецыялістамі Адам Анісімавіч праводзіць работу пастаянна. Яны тут складаюць аснову калектыву.

Дзіяна Арцёмчык прыехала ў ААТ “Чамярыскі” разам з мужам.

Хто чаго з іх варты, вызначае з першых дзён работы ў гаспадарцы. Пра Дзіяну Арцёмчык сказаў, што з яе атрымаецца добры эканаміст.

Выпускніца Беларускай сельгасакадэміі прыехала ў “Чамярыскі” год таму разам з мужам.

Марына Краўчанка, нягледзячы на малады ўзрост, займае пасаду галоўнага бухгалтара. Трэці год выпускніца Гомельскага сельскагаспадарчага каледжа паглыбляе свае веды і клапоціцца аб фінансавым становішчы гаспадаркі. Аб’ёмы вытворчасці і рэалізацыі, штомесячныя значныя абароты грашовых сродкаў, падаткі, адлічэнні, узаемаразлікі, лізінгі, складанне балансу – усё гэта патрабуе высокай працаздольнасці, а яна Марыне ўласціва.

Бухгалтарам працуе Карына Дарахавец, якая закончыла гэты ж каледж і адпрацавала ў “Чамярыскім” год.

Марына Краўчанка і Карына Дарахавец – выпускніцы Гомельскага сельскагаспадарчага каледжа.

Інжынерная служба таксама ўкамплектавана маладымі кадрамі. Узначальвае яе Уладзімір Новік, ураджэнец гэтых мясцін. Яго маці Святлана Новік доўгі час узначальвае МТФ у Новай Грэблі. Не прамяняў малую радзіму на горад і Уладзімір. Раман Раманюк – інжынер-механік, выпускнік Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта.

Тандэм у складзе Уладзіміра Новіка і Рамана Раманюка адказвае за работу сельгасмашын і іх тэхнічны стан.

Як падзяліўся Адам Анісімавіч, на сёння не хапае заатэхнікаў і ветурачоў, але гэта праблема вырашаецца.

Напярэдадні Дня моладзі хочацца пажадаць усім здзяйснення ўсіх мар і задум, творчага натхнення, добрага настрою і аптымізму.

На трамбоўцы зялёнай масы заняты Сяргей Фалей.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *