На вясковых прасторах. Механізатар Уладзімір Панасевіч устае разам з сонцам і пачынае касіць травы

Главное Сельское хозяйство

Механізатар Уладзімір Панасевіч устае разам з сонцам і пачынае касіць травы.

Нашы продкі ведалі, што траву неабходна касіць раніцай: пакласці ўвільготненыя расой расліны лягчэй, ды і высыхаюць яны хутчэй. У гэты час у траве ўтрымліваецца амаль у два разы болей караціну (правітамін вітаміна А) і меней нітратаў, чым днём. Таму ў ААТ “Брагінка” пачынаюць касіць з узыходам сонца. Працоўная змена механізатара Уладзіміра Панасевіча пачынаецца ў 4.00 гадзіны.

Менавіта ён выконвае гэтую работу. За дзень скошвае травы на 40 гектарах. На сенажаці Уладзімір Уладзіміравіч знаходзіцца да 21.00 пасля кароткага дзённага перапынку.

Люцэрна на плошчы 100 га ўжо ў валках і ўбіраецца на сянаж. Каштоўная бялковая культура ў чыстым выглядзе займае 290 гектараў, а ўсяго – 443. Для гаспадаркі, якая інтэнсіўна займаецца малочнай жывёлагадоўляй, гэта немалаважна. Малако кароў, у рацыёне якіх ёсць гэтая культура, вызначаецца высокай якасцю і багатым утрыманнем карысных мікраэлементаў. Мы пабывалі на полі, дзе механізаваны атрад здрабняў і адвозіў зялёную масу для закладкі ў траншэю.

– Гэтую люцэрну мы планавалі пакласці ў стрэйч-плёнку, за якую аддалі немалую суму, але ж не атрымалася. Суседняя гаспадарка не выдзеліла нам прэс-падборшчык, які выкарыстоўваецца для гэтай мэты. Чакалі не адзін дзень і вымушаны зараз закладваць у траншэю, – растлумачыў галоўны аграном “Брагінкі” Мікалай Берднік. – Здрабняе траву на камбайне Мікалай Карсак, адвозяць пяць адзінак тэхнікі, тры з якіх прадаставіла ААТ “Брагінаграсэрвіс”. Плануем запоўніць ёмістасць за чатыры дні.

Мікалай Карсак і Мікалай Берднік правяраюць вільготнасць люцэрны.

Дарэчы, пакуль бацька працуе на КВК, на яго трактары сыны Юрый і Уладзімір па чарзе падварушваюць травы. Асноўнае месца іх работы – раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Пасля змены хлопцы дапамагаюць вяскоўцам нарыхтоўваць кармы, а на перыяд жніва ідуць у водпуск і садзяцца за руль зернеўборачнага камбайна. Убіраць зерневыя для іх – прывычная справа.

Дзмітрый Паўленка з ААТ “Брагінаграсэрвіс” адвозіць зялёную масу.

Як праінфармаваў галоўны спецыяліст, на зімова-стойлавы перыяд “Брагінцы” неабходна назапасіць 932 тоны сена, 3440 сенажу і 10 028 тон сіласу з разліку 29,2 цнт кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Звычайна праблем з гэтым няма. Нягледзячы на дажджлівае надвор’е, паспелі запрасаваць дзевяць тон сена. Не першы год сеюць проса, з якога таксама рыхтуюць грубы корм, а насенне прадаюць. Летась намалацілі больш за 200 тон.

Для механізатараў і вадзіцеляў арганізавана гарачае харчаванне. Каларыйныя абеды гатуюць у сваёй сталовай. Іх кошт для ўдзельнікаў адказнай кампаніі невялікі: каля 80 капеек (15% ад асноўнай сумы). Астатнюю аплачвае гаспадарка.

Ідзе касьба траў.
Перад закладкай у траншэю люцэрна здрабняецца.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *