На вясковых прасторах. Змянілі плуг на касілку

Главное Сельское хозяйство

У гаспадарцы малады механізатар Руслан Лазовік працуе чатыры гады.

Як ішла пасяўная ў ААТ “Імя Жукава”, на старонках “Маяка Палесся” мы расказвалі. На гэты раз ехалі ў гаспадарку, каб сустрэцца з удзельнікамі зялёнага жніва. Раней іх прозвішчы значыліся на раённай Дошцы гонару – вызначыліся на палявых работах. Гэта Сяргей Лявоненка (на пагрузцы арганікі), Сяргей Дудкін (на ўнясенні арганікі і сяўбе кукурузы), Васіль Кечка (на сяўбе зерневых і зернебабовых). А зараз яны разам з іншымі механізатарамі і вадзіцелямі заняты нарыхтоўкай кармоў для грамадскага статка.

На камбайне “Ягуар” другі год працуе Руслан Лазовік, а да гэтага высокапрадукцыйную тэхніку эксплуатаваў яго брат Аляксей.

Першапраходцам жа ў асваенні машыны замежнай вытворчасці быў Сяргей Лявоненка, які здрабняў на ёй зялёную масу на працягу некалькіх гадоў і перадаў Лазовікам. Руслан у гаспадарцы чацвёрты год. Сельскагаспадарчую прафесію набыў у Хойніцкім ліцэі, пасля якога паспеў папрацаваць у некалькіх арганізацыях і вярнуцца ў ААТ “Імя Жукава”. Аляксей зараз косіць канюшыну на комплексе вытворчасці “Гомсельмаша” КВК-800. Акрамя яго, работу выконваюць Васіль Кечка і Валерый Барысенка.

Сяргей Лявоненка – хлебароб з трыццацігадовым стажам.

Канюшына, як і люцэрна, – крыніца пратэіну для жывёлы. Ёй у адкрытым акцыянерным таварыстве адвялі 150 гектараў. Урадзіла яна сёлета добра. За трыма касілкамі ходзяць двое грабель, каб трава хутчэй падвяльвалася. А гэта ўжо справа рук механізатараў Мікалая Ганчара і Мікалая Смальцара. Апошні – бацька чатырох сыноў і дзвюх дачок. Дзецям Мікалай Сямёнавіч прывівае любоў да працы.
Па словах галоўнага агранома Віктара Дашука, з канюшыны рыхтуюць сянаж. На сёння закладзена 4200 тон (тры ёмістасці). Ёсць і 87 тон сена. Згодна з планам, “Імя Жукава” неабходна скасіць 1233 гектары траў першага ўкосу. Больш за 70% плошчаў ужо ўбрана.

Мікалай Ганчар падварушвае скошаную канюшыну.
Мікалай Смальцар і добры працаўнік, і клапатлівы бацька.

Што датычыць Сяргея Лявоненкі, то ён у гаспадарцы адзін з найбольш паважаных і вопытных хлебаробаў. За тры дзясяткі гадоў працы асвоіў усе віды камбайнаў, якія папаўнялі МТП, апрацаваў тысячы гектараў зямлі, нарыхтаваў мноства кармоў. Яго ўклад у сельгасвытворчасць значны. Шмат зрабіў ён для будаўніцтва царквы ў Мікулічах, добраўпа-радкавання тэрыторыі. Пасля работы спяшаецца ў храм. Нават у зімовыя вечары затрымліваўся там да 22.00. Разам з такімі ж аднадумцамі, як сам, паспеў шмат зрабіць, але ж не ўсё з задуманага пакуль удалося ажыццявіць.

Як чалавека актыўнай жыццёвай пазіцыі Сяргея Лявоненку непакоіць будучыня АПК. Аграпрамысловаму комплексу вельмі патрэбны маладыя кадры. Тэхніка ў ААТ зараз прыходзіць складаная. Каб яе эксплуатаваць, неабходны і ўмелыя рукі, і розум, і пачуццё адказнасці. Калі не стварыць для моладзі спрыяльныя ўмовы, не зацікавіць іх, сучасныя машыны будуць прастойваць.

Вопытны вадзіцель Юрый Раманюк адвозіць зялёную масу.

У час пасяўной Сяргей Аляксандравіч грузіў арганіку, яго вынік сёлета – 11 800 тон, а летась дабіўся яшчэ лепшага паказчыка: 15 000 тон. Хаця, здзіўляецца, у лік пераможцаў раённага спаборніцтва не трапіў. Сёлета трэці сезон рыхтуе масу на комплексе КВК–800. Адвозіць яе таксама ветэран вытворчасці з 27-гадовым стажам Юрый Раманюк. На такіх і трымаецца вытворчасць.

Кормаўборачны комплекс у рабоце.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *