У памяць аб  загінуўшых – Усебеларуская хвіліна маўчання

80 гадоў вызвалення Беларусі Грамадства

22 чэрвеня – Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. 80 гадоў таму пачалася крывавая і трагічная старонка ў гісторыі  не толькі беларускага, але і іншых народаў свету. У час нацысцкай акупацыі ў нашай рэспубліцы з 9,2 млн насельніцтва загінуў кожны трэці жыхар. Толькі ў лагеры Трасцянец за перыяд 1941–1944 гг. забіта, атручана газам, спалена больш за 200 тысяч партызан, падпольшчыкаў, ваеннапалонных, вязняў Мінскага гета. Час не зможа сцерці з памяці беларусаў гэтыя жудасныя падзеі, суцешыць сардэчны боль. Душэўныя раны незагойныя.

У гэты дзень у памяць аб загінуўшых суайчынніках у краіне пройдзе хвіліна маўчання, а ва ўсіх храмах Беларускай Праваслаўнай Царквы прагучыць перазвон. Вось што расказаў настаяцель храма Мікалая Цудатворца ў Брагіне Уладзімір Зелянкоўскі:

22 чэрвеня ў 12.05 ва ўсіх царквах краіны ў памяць аб абаранцах Айчыны, якія загінулі на палях змаганняў, без віны забітых і закатаваных мірных жыхароў будуць біць у званы. Перад гэтым адслужыцца ліція (кароткая памінальная малітва),  каля помніка ахвярам фашызму адбудзецца мітынг-рэквіем. Няхай трагічны звон, які ў праваслаўных вернікаў – як голас Бога,  абудзіць  сумленне і памяць людзей. Нашы малітвы і царкоўны перазвон паляцяць да нябёсаў, да тых, каму мы бязмерна ўдзячны і абавязаны за мірнае і шчаслівае жыццё.

Кажуць, калі ў горадзе або вёсцы б’юць у званы, у гэты час Ангелы спускаюцца на зямлю, настолькі спрыяльнай і жыватворнай становіцца атмасфера ў прасторы. Нашы дзяды і прадзедзы і падумаць не маглі, што праз 80 гадоў зноў пачнецца вайна. Інфармацыйная. Не менш страшная, чым тая, праз якую ім давялося прайсці. І пачынаецца яна ў галавах.

… Гучаць званы, нагадваюць нам аб небяспецы, якая можа напаткаць беларусаў, калі не будуць разам, дапамагаюць ачысціць людскія душы.

Ніна СІНІЛАВА

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *