З адкрытым сэрцам і песняй ідзе па жыцці жыхарка Дубліна Еўдакія Мартыненка

Грамадства

Трэцяга чэрвеня яна адзначыла 90-годдзе з дня нараджэння. Павіншаваць юбілярку прыйшлі не толькі родныя і блізкія, суседзі, але і ўдзельнікі ансамбля “Песня над Дняпром” пад кіраўніцтвам Ліны Пятніцкай.

З’яўленне ў двары гаспадыні самадзейных артыстаў у нацыянальным убранні з песняй “Зялёнае жыта, зялёна” пад акампанемент Васіля Сукача было для ўсіх сюрпрызам. Баян не змаўкаў. Адна мелодыя змяняла другую, пранікала ў душу, выклікала мора пачуццяў. Спявалі ўсе. А потым пусціліся ў скокі. Колькі радасці, весялосці і станоўчых эмоцый падаравалі ўдзельнікі ансамбля Еўдакіі Васільеўне і яе гасцям! Трэба аддаць належнае арганізатарскім здольнасцям Ліны Адамаўны, яе ўменню ствараць святочную атмасферу. І на гэты раз яна была на вышыні.

А юбілярка адчувала сябе шчаслівай. У Дубліне Дуся (так яе называлі аднавяскоўцы) была самая звонкагалосая спявачка, самая артыстычная і нястомная танцорка, без якой не абыходзілася ніводнае вясковае свята. Нягледзячы на паважаны ўзрост, памятае словы любімых песень. Шкада, што ў апошнія гады вымушана карыстацца інваліднай каляскай, але ж у той вечар не вытрымала: адставіла свайго “жалезнага каня” ўбок і праспявала задорныя прыпеўкі, а потым і патанчыла. Канешне, не з такім імпэтам, як у маладосці, але ж ад душы.

Калі б не прага да мастацтва, да народнай творчасці, ці вытрымала б мая гераіня тыя выпрабаванні, якія выпалі на яе долю. У дзесяць гадоў ужо працавала, вадзіла валы, за якімі ішоў араты з плугам. Галодная Дуся і яе сяброўкі ўзялі з поля мяшок вікі, які застаўся пасля пасяўной. Брыгадзір агледзеў і забраў, а пакрыўджаныя дзяўчаткі доўга плакалі. Пасля вайны спрабавала ўладкавацца ў Мінску. У сталіцы вялося маштабнае будаўніцтва, патрэбны былі рабочыя рукі. Дуся цягала цэглу, раствор, некаторы час была кранаўшчыцай. А потым перайшла на завод па вырабе дражджэй.

Яе суджаны ў гэты час служыў на флоце, а пасля дэмабілізацыі прыехаў за каханай у Мінск. У Дублін Еўдакія і Рыгор вярнуліся разам.

Першыя гады жылі з маці маладога ў невялікай хацінцы, пасля пабудавалі ўласны дом. Рыгор Мартыненка быў выдатны механізатар, за шматгадовую добрасумленную працу ўзнагароджаны ордэнам Леніна. Не адставала ад яго і Еўдакія. Што б ні рабіла, чым бы ні займалася, заўсёды спявала. Калі вярталася з поля, яе звонкі голас чуўся здалёк, гучаў над шырокімі вясковымі прасторамі вольна і прыгожа.

А потым настала чорная паласа: у 1997-м годзе пайшоў з жыцця Рыгор, за ім – два сыны… Пачало падводзіць здароўе, у доме, па словах Еўдакіі Васільеўны, з’явіліся тры каляскі. Адну з іх прыстасавала для работы на агародзе, прылаўчылася з яе дапамогай палоць градкі, бульбу. Праўда, дочкі Тамара і Людміла не даюць ёй гэтага рабіць. Каб быць заўсёды побач з роднай матуляй, Тамара пакінула горад і прыехала ў Дублін. Людміла жыве ў Кіеве, але ж на 90-годдзе самага дарагога для яе чалавека дабралася, сабраўшы неабходныя дакументы.

У Еўдакіі Васільеўны восем унукаў і 11 праўнукаў, якія паважаюць і шануюць яе. Напярэдадні дня нараджэння дочкі старэйшага сына перадалі прыгожы букет з Мінска. Да слова, кветак з нагоды юбілею было ў доме шмат. Юбілярка жыве з адкрытай душой, людзі цягнуцца да яе. Жанчына ўмее цаніць дабрыню, прыязныя адносіны. З павагай яна гаварыла пра Веру Мароз і яе мужа, які вырабляе прыгожыя кошыкі і вазы, пра Ганну Раманчук, пра ўсіх, з кім звёў лёс. Ганарацца матуляй Тамара і Людміла, яны перакананы, што яна магла б стаць яшчэ адной Людмілай Зыкінай.

Еўдакія Васільеўна годна ідзе па жыцці. Пажадаем жа ёй доўгага веку, каб і стогадовы юбілей сустракала ў такім жа акружэнні, з песнямі і танцамі. І абавязкова сама выконвала іх.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *