Працай адзіныя. У 1973 годзе званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена брыгадзіру трактарнай брыгады калгаса “Чырвоная ніва” Івану Зелянкоўскаму

Важное Год народнага адзінства Грамадства

Да сялянскай працы – з дзяцінства

Нарадзіўся Іван Фёдаравіч 6 мая 1933 года ў вёсцы Марытон у сям’і калгаснікаў. Дзіцям перажыў нямецкую акупацыю. Рана застаўся без бацькі, які прымаў удзел у Савецка-фінляндскай вайне, а з пачаткам Вялікай Айчыннай зноў накіраваўся на фронт, дзе прапаў без вестак.

Пасля вызвалення раёна ад фашысцкіх захопнікаў Іван прадоўжыў вучобу ў мясцовай школе, але змог атрымаць толькі няпоўную сярэднюю адукацыю. З юнага ўзросту далучыўся да сялянскай працы, падлеткам пачаў выконваць любую мужчынскую работу, каб дапамагаць маці падымаць на ногі малодшых братоў і сясцёр. У 1949 годзе ўступіў у калгас “Чырвоная ніва” (в. Буркі). Працаваў пастухом.

На палявых работах

Ва ўмовах вострага недахопу кадраў Івана накіравалі на вучобу ў Рудакоўскае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі, дзе ён набыў спецыяльнасць трактарыста-машыніста. Новым месцам працы стала Брагінская машынна-трактарная станцыя, дзе юнак прадоўжыў работу пасля службы ў арміі. А пасля ліквідацыі МТС вярнуўся ў калгас.
Вясной на трактары развозіў угнаенні па палях, рыхтаваў глебу пад будучы ўраджай, сеяў. З пачаткам лета назапашваў кармы. Калі надыходзіў час жніва, перасаджваўся на камбайн. Пры высокай якасці палявых работ паспяхова выконваў свае зменныя заданні. Працаваў таксама на бульбаўборачным камбайне, сеяў азімыя культуры, быў задзейнічаны на ўздыме зябліва. У дасканаласці авалодаў справай і стаў механізатарам першай кваліфікацыі. Пры вытворчай неабходнасці выконваў абавязкі механіка і інжынера. У 1964 годзе вырасціў у пераразліку на кожны гектар больш чым па 220 цнт бульбы.
Стараўся як можна лепш асвоіць тэхніку і тэхналогію апрацоўкі зямлі. А поруч з гэтым павышаў свой адукацыйны ўзровень, завочна закончыў сярэднюю школу.

Перадавік і наватар

Паступова расло майстэрства, павялічваліся ўраджаі. Высокай ацэнкай хлебаробскіх заслуг стала ўзнагароджанне Івана Фёдаравіча ордэнам Леніна – па выніках сёмай (пашыранай) пяцігодкі (1959-1965). У 1969-м праўленне калгаса назначыла яго брыгадзірам трактарнай брыгады.

Праявіў сябе наш зямляк не толькі як перадавік і наватар – выдзяляўся ініцыятыўнасцю, мэтанакіраванасцю, уменнем ладзіць з людзьмі, імкненнем укараняць у практыку навейшы вопыт лепшых земляробаў рэспублікі. Пасля навучання на курсах павышэння кваліфікацыі павёў настойлівую і карпатлівую работу па павышэнні культуры земляробства і правільнай арганізацыі працы механізатараў.

Падрыхтоўка да палявых работ, дарэчы, праходзіла ў той час у нялёгкіх умовах, пры адсутнасці майстэрні. Рамантаваць тэхніку даводзілася пад адкрытым небам, часта – пад дажджом ці снегам. Дзякуючы брыгадзіру Зелянкоўскаму яна надзейна служыла ва ўсе адказныя перыяды, а трактарысты хутка авалодвалі перадавой агранамічнай навукай і прымянялі яе на практыцы. Усё выконвалі дакладна, якасна і своечасова. Самі ўносілі і паспяхова рэалізоўвалі шэраг рацыяналізатарскіх прапаноў. Работу ўдарнага калектыву, які выконваў усе віды сельгасработ ва ўстаноўленыя тэрміны, характарызавалі высокая норма выпрацоўкі ў разліку на гектар, беражлівыя адносіны да тэхнікі і пастаянная эканомія сродкаў.

Зорка славы

Выдатны ўраджай вырошчваўся на палях “Чырвонай нівы” на працягу восьмай і дзявятай (1966–1975) пяцігодак. Тут на высокім агратэхнічным узроўні апрацоўвалася глеба, а сяўба завяршалася ў аптымальныя тэрміны. І пры гэтым выключаліся прастоі тэхнікі ў перыяд уборачнай. Калгас упэўнена выйшаў і трывала ўтрымліваў перадавыя пазіцыі сярод гаспадарак сваёй групы ў раёне і вобласці. Важкі ўклад у агульныя працоўныя здабыткі ўнёс калектыў механізатараў пад кіраўніцтвам Зелянкоўскага, дасягнуўшы найбольш высокіх вытворчых паказчыкаў у першыя гады дзявятай пяцігодкі.

За вялікія поспехі, дасягнутыя ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве, і праяўленую працоўную доблесць у выкананні прынятых абавязацельстваў па павелічэнні вытворчасці і продажы дзяржаве зерня, бульбы, цукровых буракоў і іншых прадуктаў земляробства Івану Зелянкоўскаму ў 1973 годзе прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.

Разам з падначаленымі брыгадзір нязменна дабіваўся высокіх вытворчых паказчыкаў. Ён неаднаразова прымаў удзел у рабоце Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі (ВДНГ) СССР. Быў узнагароджаны медалямі і дыпломамі Галоўнага выставачнага камітэта.
Без адрыву ад вытворчасці Іван Фёдаравіч закончыў Краснабярэжскі саўгас-тэхнікум, а ў 1982 годзе – Беларускую сельгасакадэмію ў Горках. Прадоўжыў працаваць у “Чырвонай ніве” інжынерам. А пасля атрымання вышэйшай адукацыі перайшоў у саўгас “Баравікі” Светлагорскага раёна – стаў галоўным інжынерам. Пры дасягненні пенсійнага ўзросту выйшаў на заслужаны адпачынак.

У 1974-1979 гг. – дэпутат Вярхоўнага Савета СССР 9-га склікання, член пастаяннай камісіі па сельскай гаспадарцы савета Нацыянальнасцей. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам Брагінскага раённага і Буркоўскага сельскага Саветаў.

Пражываў у вёсцы Баравікі Светлагорскага раёна. Акрамя двух ордэнаў Леніна, узнагароджаны сярэбраным і трыма бронзавымі медалямі ВДНГ СССР.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *