У ААТ «Брагінскі» плюшчанае зерне змяшчаюць у палімерныя рукавы

Важное Год народнага адзінства Сельское хозяйство

Працэс загрузкі зерня ў бункер “жорнаў”.

Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Карпенка расказаў, што на асобных участках гаспадаркі раёна ўбіраюць зерне для далейшага плюшчэння ў рукавы. Гэты спосаб мае шэраг пераваг. Па-першае, скарачаюцца затраты, бо адпадае неабходнасць дапрацоўваць і сушыць збожжа на КЗСах. Па-другое, абмалочваюць яго на два–тры тыдні раней, у фазе малочна-васкавой спеласці, калі ўтрыманне сухога рэчыва, энергіі і бялкоў найвышэйшае. Па-трэцяе, вільготнасць зерня ў гэты момант складае 30–40%. Меншая залежнасць ад надвор’я. Уборка ўраджаю магчыма нават пры неспрыяльных умовах.

20 ліпеня мы пабывалі ў ААТ “Брагінскі”, які рыхтаваў фуражнае зерне з малымі энергазатратамі: закладваў у палімерныя рукавы плюшчаныя ячмень, трыцікале, жыта, у якіх вільготнасць – ад 22% да 30%. Аб гэтым нас праінфармаваў в.а. дырэктара Аляксей Катлабай, з якім сустрэліся на зернетаку ў Вуглах.

Аляксандр Дзегцярэнка кантралюе работу плюшчылкі.

– Убіраем спачатку ўчасткі, якія падгарэлі, не абуйны колас, – гаворыць Аляксей Мікалаевіч. – Будзе запоўнена шэсць такіх рукавоў, умяшчальнасць кожнага – 80 тон. Мая задача як кіраўніка – арганізаваць работу такім чынам, каб жывёла зімой не галадала. Плюшчанае зерне, нягледзячы на час уборкі, утрымлівае такую ж колькасць пажыўных рэчываў, што і высушанае. Для здрабнення выкарыстоўваем спецыяльную плюшчылку, якую ўзялі ў ААТ “Пераможнік”, адрамантавалі і ўключылі ў работу. Дзякуй нашым механізатарам, іх працоўная змена заканчваецца апоўначы. Стараюцца пабольш назапасіць зернефуражу, ведаюць: сельгасмашыну чакаюць у суседніх ААТ.

Адзінаццацікласніца Валерыя Лявоненка з задавальненнем працуе на зернетаку.

Прывезеную з поля збажыну ссыпаюць на зернетаку. Грузіць яе і засыпае ў бункер плюшчылкі, якая абсталявана спецыяльным механізмам, Андрэй Заранік. Упакоўка ў рукаў простая. Машына сама клапоціцца пра тое, каб шчыльна набіць рукаў. Тэхналогія танная. Траншэі не патрэбны, дастаткова купіць палімерныя рукавы ў залежнасці ад вытворчай патрэбнасці і ўраджайнасці каласавых. Працэс запаўнення зернем кантралюе Аляксандр Дзегцярэнка. На маё пытанне, ці складана ўпраўляцца з такой сельгасмашынай, адказаў коратка: “Гледзячы каму”. Гэтым даў зразумець, што для патомнага механізатара, які даўно сябруе з тэхнікай, ніякіх цяжкасцяў тут няма.

Уладзімір Кузакоў – адзін з лепшых вадзіцеляў гаспадаркі.

Кіруе працэсам нарыхтоўкі зернефуражу, перапрацоўкі дастаўленага ад камбайнаў збожжа Аляксандр Буйневіч. Яго прозвішча знаёма тым, хто памятае аб працоўных дасягненнях “Брагінскага”. Некалькі гадоў таму гаспадарка атрымлівала высокія ўраджаі зерневых і зернебабовых і ў тэлеграме на імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі паведамляла аб завяршэнні ўборкі за дзесяць дзён. Аляксандр Леанідавіч тады абслугоўваў КЗС і заняў другое месца ў рэспубліцы сярод аператараў сушыльных комплексаў. Прымаў удзел у фестывалі-кірмашы “Дажынкі” ў Горках.

Прыемна было ўбачыць побач з дарослымі школьнікаў, якія дапамагалі падтрымліваць на зернетаку парадак, сачылі, каб збожжа не рассыпалася.
Вадзіцель Уладзімір Кузакоў з ліку тых, хто аддана служыць роднай гаспадарцы, клапоціцца аб сваёй малой радзіме. Ён родам з Вуглоў, таму на бацькоўскай зямлі яму ўсё міла і дорага. Выконвае зараз любыя работы, але ж наперадзе асноўная: дастаўка збожжа з поля на зернеток.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ

#хлебомедины



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *