Працай адзіныя. Ганна Сарокіна: не толькі перадавая даярка, але і Герой Сацыялістычнай Працы

Год народнага адзінства Грамадства Нашы праекты: імёны малой радзімы

Каб зарабіць на хлеб

Нарадзілася Ганна Сямёнаўна ў 1913 годзе ў вёсцы Перасяцінец (існавала да 1986-га, адселена ў сувязі з аварыяй на ЧАЭС) у сям’і сялян. Бацьку свайго яна амаль не памятала. Дзяўчынцы не было і двух гадоў, калі ён накіраваўся на фронт Першай міравой вайны. Вярнуўся дамоў у 1917-м хворым і ў хуткім часе памёр. Праз дзесяць гадоў не стала і маці.

Каб зарабіць на хлеб, у свае пятнаццаць Ганна пачала працаваць: наймалася нянькай у сем’і заможных сялян. Разам з братам Ігнатам у ліку першых у 1931 годзе ўступіла у калгас імя Чапаева ў роднай вёсцы. Спачатку была радавой калгасніцай, а пасля заканчэння двухмесячных курсаў узначаліла яслі для сялянскіх дзяцей. На гэтай пасадзе адпрацавала два гады і перайшла на іншую работу – даяркай.

Знайшла прызванне

На ферме тады, вядома, адсутнічала механізацыя, не было электрычнасці. Усё выконвалася ўручную. Але гэта не стала перашкодай для маладой даяркі, якая вызначалася працалюбствам. Яна паспяхова асвоіла няпростую прафесію, у якой знайшла сваё прызванне.

За два гады перад вайной прыехала пагасцяваць да цёткі ў вёску Валатаву (зараз – у складзе Гомеля) і пазнаёмілася там са сваім будучым мужам – Аляксеем. Пасля заключэння шлюбу пераехала да яго – у вёску Бярозкі Гомельскага раёна. Уладкавалася працаваць даяркай у калгас імя Чапаева (цэнтральная сядзіба – в. Улукоўе).

У ліхалецце

У самым пачатку вайны Ганна Сямёнаўна правяла мужа на фронт і засталася адна з двума малалетнімі дзецьмі. Стойка перанесла ўвесь цяжар нямецка-фашысцкай акупацыі (ліпень 1941 – лістапад 1943). А пасля вызвалення раёна актыўна ўдзельнічала ў аднаўленні сельскай гаспадаркі.

У 1944-м вярнуўся дамоў Аляксей. Паранены ў абедзве рукі і нагі, у грудзі. З таго ж года Ганна Сямёнаўна прадоўжыла работу ў валатаўскім калгасе. Доўга працавала на ферме, што размяшчалася на цэнтральнай сядзібе, а пасля стварэння ў 1958 годзе саўгаса “Бярозкі” – у яго аддзяленні.

І надоі пайшлі ў рост

Нягледзячы на складанасці, малочны статак паступова рос. Папаўнялася кадрамі жывёлаводчая галіна. Правільны догляд, утрыманне і даенне дазволілі нашай зямлячцы дабівацца добрых вынікаў: па тры тысячы і больш кілаграмаў малака ад кароў замацаванай за ёй групы, поўнага захавання прыплоду. З цягам часу яна вырасла ў сапраўднага майстра жывёлагадоўлі.

Некалькі гадоў запар набірала першацёлак, спраўлялася з іх буянствам. Раніцай і вечарам у абавязковым парадку выганяла кароў да вадапою і ўпэўніла ўсіх у тым, што жывёла пасля прагулкі лепш паядае корм, адчувае сябе бадрэй, чым тая, што суткамі стаіць у хляве. Сама чысціла кармушкі, мяняла подсціл у свабодным памяшканні. Такая стараннасць, неабыякавасць і працалюбства дапамагалі з года ў год павялічваць надоі. Ганна Сямёнаўна шчодра дзялілася набытым вопытам з сяброўкамі, усяляк падтрымлівала моладзь, якая прыходзіла ў калгас, вучыла яе. Актыўна займаючыся самаадукацыяй і пастаянна працуючы над павышэннем прадукцыйнасці замацаванай за ёй групы кароў, да 1960-х гадоў дасягнула рубяжа ў чатыры тысячы кілаграмаў малака.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР 22 сакавіка 1966 года за поспехі, дасягнутыя ў развіцці жывёлагадоўлі, павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак мяса, малака, яек, воўны і іншай прадукцыі Ганне Сарокінай прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.

Да апошніх гадоў жыцця яна працавала ў калгасе. Памерла ў сакавіку 1970-га. Пахавана ў вёсцы Бярозкі Улукоўскага сельсавета.

Узнагароджана ордэнам Леніна, медалямі, у тым ліку ВДНГ СССР.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *