Працай адзіныя. Іван Мартыненка: званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена за поспехі ў павелічэнні вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі

Главное Год народнага адзінства Нашы праекты: імёны малой радзімы Общество

Выдатнік воінскай і палітычнай падрыхтоўкі

Малая радзіма Івана Ціханавіча – вёска Валахоўшчына. Нарадзіўся ён тут у 1927 годзе. Атрымаў няпоўную сярэднюю адукацыю ў мясцовай школе. Разам з сям’ёй і аднавяскоўцамі стойка вынес увесь цяжар вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі.

Пасля вызвалення раёна, у лістападзе 1943-га, хацеў пайсці дабравольцам на фронт, але па прычыне непаўналецця ваенкамат накіраваў юнака на кароткатэрміновыя курсы па размініраванні. Калі іх закончыў, быў залічаны на службу ў каманду таварыства садзейнічання абароне, авіяцыйнаму і хімічнаму будаўніцтву (ТСАавіяхім). Разам з ваеннымі ўдзельнічаў у выяўленні і абясшкоджванні мінных палёў у Тураўскім раёне.

У 1944-м скончыў спецыялізаваную школу снайпераў і быў мабілізаваны на службу ў Чырвоную Армію. У складзе 120-й гвардзейскай стралковай Рагачоўскай Чырвоназнамённай дывізіі ўдзельнічаў у Берлінскай стратэгічнай наступальнай аперацыі ў красавіку–маі 1945-га.

Пасля Перамогі прадоўжыў службу ў Чырвонай (з 1946 года – Савецкай) арміі. У часці, якая перадыслацыравалася ў Мінск, з’яўляўся выдатнікам воінскай і палітычнай падрыхтоўкі, адным з лепшых яе байцоў. Перад звальненнем у запас у 1951 годзе Івану Мартыненку прапанавалі вучыцца на афіцэрскіх курсах, але ён адмовіўся і быў дэмабілізаваны. Вярнуўся на радзіму.

Брыгадзір

Чатыры гады адпрацаваў Іван Ціханавіч паляводам у адным з калгасаў Спярыжскага сельсавета. У 1955-м як ініцыятыўнага і добрасумленнага работніка яго назначылі брыгадзірам паляводчай брыгады. Усё тады выконвалася ўручную, дасягнуць высокіх вынікаў ва ўмовах зоны рызыкоўнага земляробства пры адсутнасці тэхнікі было складана. Але імкненне да самаадукацыі, жаданне дасягнуць лепшых вынікаў і добрыя арганізатарскія здольнасці маладога брыгадзіра, а пазней – укараненне ў вытворчасць механізацыі рэзка змянілі сітуацыю ў гаспадарцы і прынеслі калектыву паляводаў славу аднаго з лепшых у раёне.

Нягледзячы на працоўную занятасць і актыўную грамадскую дзейнасць, Іван Ціханавіч атрымаў спецыяльнасць агранома ў сельскагаспадарчым тэхнікуме. З 1960-га працаваў ва ўзбуйненым спярыжскім калгасе імя Леніна (з 1963-га – “Запаветы Леніна”), сядзіба якога ў 1964 годзе была перанесена ў вёску Ясяні.

З 1965-га брыгада стала комплекснай. Былы франтавік настойліва і мэтанакіравана ўкараняў у сельскагаспадарчую вытворчасць новыя сарты палявых культур, перадавыя прыёмы агратэхнікі, асвойваў навейшыя спосабы прымянення арганічных і мінеральных угнаенняў.

У перыяд выканання сёмага пяцігадовага плана перадавы калектыў стаў рэгулярна атрымліваць высокія ўраджаі асноўных культур. Зерня – на 5 цнт у сярэднім больш, чым па калгасе, бульбы – на 30–40 цнт. Складальнікамі поспеху з’яўляліся руплівае гаспадаранне на зямлі, стараннасць і ініцыятыва брыгадзіра, яго паўсядзённая патрабавальнасць да сябе і падначаленых.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 23 чэрвеня 1966 года за поспехі, дасягнутыя ў павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак жыта, пшаніцы, грэчкі і іншых зерневых і кармавых культур, Івану Мартыненку прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.

Намеснік старшыні, дэпутат

У 1967-м наш зямляк быў назначаны намеснікам старшыні калгаса “Запаветы Леніна”. На гэтай адказнай пасадзе ўсімі сіламі садзейнічаў пад’ёму эканомікі калектыўнай гаспадаркі: вёў настойлівую і карпатлівую работу па ўдасканаленні тэхналогіі вырошчвання сельскагаспадарчых культур, дабіваўся хутчэйшай механізацыі найбольш працаёмкіх працэсаў дзякуючы правільнай арганізацыі працы паляводаў. Вялікую ўвагу надаваў настаўніцтву, рабоце з моладдзю.

Неаднаразова выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, Брагінскага раённага і сельскага Саветаў, з’яўляўся членам Пастаяннай камісіі па пытаннях працы і побыту жанчын, аховы мацярынства і дзяцінства.

Пасля выхаду на заслужаны адпачынак (у канцы 1980-х) пражываў у Гомелі.

Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнам Айчыннай вайны другой ступені, медалямі.

 

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *