19 жніўня ў Бурках адсвяткавалі дзень вёскі

Грамадства

19 жніўня праваслаўныя вернікі святкуюць Праабражэнне Гасподняе. На гары Табор у Галілеі Іісус Хрыстос “перамяніўся перад трыма апосталамі. Аблічча Ягонае заззяла быццам сонца, а вопратка сталася белая, як святло”. Лічыцца, што гэтае свята нагадвае хрысціянам пра неабходнасць духоўнага перамянення і ўдасканалення. У Бурках 19 жніўня – прастольнае свята, да якога па традыцыі прымяркоўваюць дзень вёскі.

У гэты дзень у храмах асвячаюць яблыкі і іншыя плады. Па просьбе жыхароў протаіерэй Уладзімір Зелянкоўскі акрапіў святой вадой садавіну і гародніну.

А ў 17 гадзін пачалася святочная праграма “Прыйшоў Спас!”. Да яго рыхтаваліся. Работнікі культуры ўпрыгожылі пляцоўку перад мясцовым цэнтрам культуры і вольнага часу, паклапаціліся, каб вяскоўцам і гасцям было камфортна: былі тут і лаўкі, і гандлёвыя рады з харчовымі і школьнымі таварамі, і кулінарныя вырабы.

Да прысутных са словамі прывітання звярнуўся старшыня Буркоўскага сельскага Савета Аляксандр Каваленка. Дыпломы за ўзорнае ўтрыманне і добраўпарадкаванне тэрыторыі ён уручыў жыхарам аграгарадка Але Повад, Міхаілу і Лідзіі Раманюк, Рыгору і Людміле Раманюк.

Ганарацца ў вёсцы старэйшымі жыхарамі, за плячыма якіх – 90 і больш пражытых гадоў, вялікія надзеі ўскладваюць на моладзь, радуюцца з’яўленню на свет маленькіх грамадзян. У іх гонар гучалі музычныя нумары.

Узгадалі вядучыя лепшых механізатараў, жывёлаводаў, не прамінулі выказаць павагу настаўнікам і людзям іншых прафесій, без якіх у вёсцы не абысціся. Але асаблівая павага – ветэранам вайны. На жаль, іх амаль не засталося. Па стану здароўя Іван Ігнатавіч Шкурко не мог прыйсці на свята, як і працаўніца тылу Марыя Міхайлаўна Раманюк.

Уславілі жанчын, якія выхавалі пяцёра і больш дзяцей. Ордэнам Маці ўзнагароджаны Надзея Андрэеўна Раманюк і Алена Рыгораўна Лямешка. Музычны нумар ім падараваў народны ансамбль “Белыя росы”.

Пад задорныя мелодыі ў яго выкананні людзі пускаліся ў скокі.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Галіны ШАЎЧЭНКІ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *