5  верасня – Дзень  беларускага  пісьменства. На  роднай  зямлі мова  сонцам  іскрыцца

Главное Год народнага адзінства Грамадства

Сёлета культурнай сталіцай Беларусі стане г. Капыль Мінскай вобласці, дзе 4 і 5 верасня адбудзецца XХVIII Дзень беларускага пісьменства пад слоганам «Слова нас аб’ядноўвае».

Свята адзначаецца з 1994 года. Старажытны Полацк прымаў яго тройчы: у 1994,  2003 і 2017 гадах. У 2021-м такі гонар выпаў Капылю, гораду, дзе нарадзілася шмат знакамітых беларускіх пісьменнікаў. Пры падрыхтоўцы да свята  рэалізавалі некаторыя праекты, прысвечаныя беларускім пісьменнікам. Да слова, на фасадах жылых аб’ектаў з’явіліся муралы ў гонар Адама Русака, Алеся Адамовіча і Кузьмы Чорнага.

Побач з раённым краязнаў-чым музеем устанавілі помнік Цішку Гартнаму (Жылуновічу Дзмітрыю Фёдаравічу), ураджэнцу Капыля, беларускаму пісьменніку, драматургу, літаратурнаму крытыку, перакладчыку, дзяржаўнаму і грамадскаму дзеячу, Акадэміку Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Адкрыццё помніка пройдзе 5 верасня. У гарадскім скверы з’явілася Алея пісьменнікаў, на якой – 17 інтэрактыўных лавак з інфармацыяй пра літаратараў Капыльшчыны. Для кожнага аб’екта зрабілі QR-код (наватарскі праект Саюза мастакоў), адсканіраваўшы які можна атрымаць доступ да біяграфіі пісьменніка і пазнаёміцца з яго творамі.

Удзельнікі і госці свята прымуць удзел у навукова-практычнай канферэнцыі «Капыльскія чытанні», творчым вечары ад Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пераможцы Нацыянальнай літаратурнай прэміі атрымаюць заслужаныя ўзнагароды, на працягу двух дзён традыцыйна будуць працаваць фестываль кнігі і прэсы, гандлёвы павільён ААТ “Белкніга”, экспазіцыі рэспубліканскіх СМІ і СМІ Мінскай вобласці, «Паштовы павільён» РУП «Белпошта», тэматычныя літаратурныя і спартыўныя пляцоўкі.

Многіх зацікавіць абрад «Цары», які ўключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, моладзь зможа прыняць удзел у аўтэнтычным вясельным абрадзе.

Застаецца дадаць, што сталіцай Дня беларускага пісьменства ў 2022 годзе стане Добруш. Эстафету прымае Гомельшчына.

Падрыхтавала Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *