У адзінстве і злагадзе. Узбечка з любоўю захоўвае традыцыі і культуру Брагіншчыны

Важное Год народнага адзінства Грамадства

На тэрыторыі нашага раёна пражываюць людзі розных нацыянальнасцей. Што прывяло іх на Брагіншчыну, як адчуваюць яны сябе сярод беларусаў, у гэтай публікацыі мы і раскажам чытачам МП.

Марына Хікматава – жанчына-сонца. У яе прыгожых вялікіх вачах столькі цеплыні, радасці, што адразу трапляеш у іх палон. Шчырая ўсмешка, якая ідзе ад сэрца, выклікае прыхільнасць. Ёй давяраеш, з ёю пагаджаешся, бо разважае яна па-філасофскі мудра і пазітыўна. Кожны яе расказ пра свой лёс, выпрабаванні, якія давялося перажыць, пранізаны пачуццём любові не толькі да бліжніх, але і да роду чалавечага ўвогуле. “Не нашкодзь, не пакрыўдзі, не адказвай злом на зло”, – гэта па-хрысціянскі. Менавіта такімі запаведзямі кіруецца Марына Эргашаўна ў зносінах з людзьмі.

Да Бога прыйшла праз пакуты. Цяжка захварэла. У свае 50 пераадолела страх і паехала ў Чарнігаў у манастыр спытаць у святара, ці можна ў такім узросце прыняць Таінства Хрышчэння. Атрымаўшы станоўчы адказ, прыняла праваслаўную веру.

Нарадзілася Марына ў Бухарскай вобласці ў пасёлку Газлі. Пасля заканчэння гандлёвага тэхнікума на Украіне па размеркаванні трапіла на Сахалін. Працавала кокам на параходзе. Тут і сустрэла свайго будучага мужа-беларуса, з якім прыехала на яго малую радзіму, у вёску Кірава. З таго дня прайшло трыццаць гадоў. За ўвесь гэты час ні разу не пашкадавала, што звязала свой лёс з Беларуссю. Вельмі палюбіла адкрытых і працавітых людзей, іх культуру, абрады, традыцыі. Больш за тое, нямала зрабіла для захавання спадчыны. За 27 год працы загадчыцай Кіраўскага клуба сабрала ўнікальную калекцыю жаночага адзення, якая зацікавіла работнікаў сталічных музеяў, этнографаў. Строі, якія адшукала ў пакінутых і паўразбураных хатах, можна ўбачыць хіба што ў спецыяльных даведніках.

Марына Эргашаўна пачала калекцыяніраваць беларускія касцюмы (іх у яе 27) у 2000 годзе. Пакідалі зямное жыццё бабулькі, якіх яна ведала. Спадніцы, вышытыя кофты і фартухі як непатрэбную рэч нашчадкі пакідалі ў дамах. Адзін з такіх фартушкоў ляжаў прысыпаны зямлёй, бо падлогі ў хаце не было. Тырчэў толькі адзін канец пояса, пацягнуўшы за які і дастала рэдкі экземпляр. Пазней яго аналаг знайшла ў кнізе “Народнае адзенне Беларусі” і была вельмі ўзрушана. Аказваецца, па гэтых строях можна вывучаць гісторыю і культуру Брагіншчыны.

Ёй прапаноўвалі пісаць праекты, запрашалі да ўдзелу ў розных конкурсах, абяцалі падтрымку. Марына Эргашаўна згаджалася, нават распрацавала мясцовую ініцыятыву і абараніла яе. Планы перакрэсліла хвароба. Пасля таго, як пайшла на папраўку, работу ў гэтым напрамку прадоўжыла. Пачала шыць касцюмы сама па ўзорах, якія бачыла ў кнігах. Адзін з іх, льняны, змайстравала з сарочкі мужавай бабулі.

Ёсць у яе і чапец – галаўны ўбор, які адзявалі жанчыны перад сном. Ён выклікае асаблівую зайздрасць у калекцыянераў. А я падумала: дзякуй Богу, што ў нас ёсць такія аматары, як мая гераіня, сапраўдныя захавальніцы нематэрыяльных каштоўнасцей.
Як творчы чалавек, жыхарка Кірава стварае цудоўныя карціны з дапамогай бісера. Не забывае і пра свае нацыянальныя традыцыі, беражліва захоўвае ўзбекскі касцюм, посуд.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Галіны ШАЎЧЭНКІ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *