Юбіляры. Здольная і гатаваць, і працаваць, і трапнае слова сказаць

Грамадства

Ураджэнка в. Крукі, былая жыхарка в. Залессе Любоў Васільеўна Лявоненка 2 верасня адзначыла 95-гадовы юбілей.

У каханні, вернасці і згодзе 66 гадоў крочыў з ёй па жыцці муж Мікалай, дабрэйшай душы чалавек. З ім яны вырасцілі чацвярых дачок, дапамаглі падняцца на ногі чацвярым унукам і дачакаліся столькі ж праўнукаў. За плячыма гэтай незвычайнай жанчыны – 41 год працы даяркай, дзесяць з якіх даіла па 30 кароў уручную, пакуль не з’явіліся апараты.

У святы і будні, снежнай зімой і даждлівай восенню, спякотнымі летнімі днямі ў гумавых ботах спяшалася на ферму, а пасля – дамоў, дзе яе чакала вялікая і дружная сям’я.

Расказвае Любоў МАЙСЕЕНКА:

– “Я пазнаёмілася з юбіляркай 50 гадоў таму (яна – маці маёй калегі па Крукаўскай сярэдняй школе Раісы Шлапак). Любоў Васільеўна была энергічная жанчына, апранутая просценька, як і ўсе мы, але з густам. Прыветлівая, з адкрытым мілавідным тварам, быццам абцалаваным сонцам, вельмі гаваркая, з камандзірскімі ноткамі ў голасе. Між іншым, гэтыя ноткі з цягам часу не зніклі. Пра такіх у народзе кажуць: сказала – як звязала. У свае 95 яна гаспадыня ў доме, слова якой – аўтарытэтнае, а парады – мудрыя. Па-ранейшаму чысценька апранута, на галаву папераменна павязвае квяцістыя хусцінкі (каб вушы не мёрзлі), падабраныя пад колер блакітных вачэй. За паўвека нашага знаёмства з кожным годам знаходжу ў гэтай высакароднай жанчыне, жанчыне-маці, жанчыне-працаўніцы ўсё больш станоўчых рысаў. Жыццё маёй знаёмай, як і большасці яе аднагодак з Брагіншчыны – прыклад для пераймання.

Мы з мужам жадаем паважанай Любові Васільеўне міру і шчасця, радасці і дабрабыту, штодзённых усмешак і мірнага небасхілу.

Як успамінае сама юбілярка, горыч развітання з бацькам, які пайшоў біць немцаў, спазнала падлеткам. Дома засталася цяжка хворая маці з трыма непаўналетнімі дзецьмі. З 15-гадовага ўзросту дзяўчынка працавала днямі і начамі. Асабліва цяжкія былі дзевяць тыдняў восені 1943, калі ўсе жыхары вёскі ўцяклі ў забалочаны Сцепаноў лес. Жылі ў наспех пабудаваных зямлянках. Ноччу з дарослымі Любоў ішла за 8–10 кіламетраў на поле і агароды вёскі. Новенькія лапці ўшчэнт рваліся, таму з лесу вярталася ў анучах з аборкамі. Днём зноў пляла сабе новыя, каб прыцемкам ісці па бульбу. Маці хваліла яе за кемлівасць і старанне, бо дачка вельмі хутка навучылася плесці лапці і абувацца ў іх.

Кажуць, была не толькі кемлівая і здатная да любой работы, але і смелая, знаходлівая. Аднойчы не ўдалося назбіраць бульбы, бо немцы нацкавалі на людзей сабак. Дык Люба, схаваўшыся за калгаснымі складамі, нагрэбла рукамі з дзясятак кілаграмаў калійнай солі, якой потым забяспечыла сваіх аднавяскоўцаў (харчовай у іх не было).

Няўрымслівая была ўсё жыццё. У 60-гадовым узросце давялося прымаць удар Чарнобыля. Шчымела сэрца за ўсё нажытае, роднае, якое вымушаны былі пакінуць пры эвакуацыі ў в. Вуглы. Часта-часта ўзгадвае добрых, шчодрых і спагадлівых гаспадароў, якія прынялі ў свой дом і шчодра дзяліліся ўсім з перасяленцамі. Нізкі ім паклон і вялікі дзякуй.

А калі далі катэдж у Буда-Кашалёўскім раёне, Любоў Васільеўна з мужам змаглі прабыць там толькі тры гады. Цягнула на родную зямельку, бліжэй да сваіх дачушак, якія знаходзіліся ў суседняй Украіне. Так жыццёвая дарога прывяла ў маляўнічы Камарын, які стаў для яе родным.

Увагай, цяплом і клопатам акружаюць Любоў Васільеўну дзеці, асабліва ўдзячна ветэран працы дачцэ Раісе і зяцю Іосіфу за тое, што дагледжана, апранута, абута, накормлена, а галоўнае – ёсць з кім пагутарыць, адкрыць душу і сэрца, нават па інтэрнэту выйсці на сувязь з астатнімі дочкамі.

Сваімі думкамі падзялілася РАІСА:

– Наша маці вельмі працалюбівая. Мяне навучыла гатаваць смачныя рыбныя і мясныя стравы. А яе кулінарныя шэдэўры падабаліся ўсім, хто хоць раз пакаштаваў іх. Цяпер разумею, чаму менавіта нашу матулю, на той час ужо пенсіянерку, адміністрацыя калгаса імя Энгельса запрасіла гатаваць абеды механізатарам і дастаўляць іх у поле.

Дочкі Валянціна, Алена і Ірына змалку хадзілі ў вышываных блузках з рукавом “фанарык”. Тады вышытыя крыжам або гладдзю ўборы насілі амаль усе, але ж самыя прыгожыя ўзоры былі ў дачок Любові Васільеўны. Ганарацца сёстры вязанымі хусткамі, цёплымі шарсцянымі рукавічкамі і шкарпэткамі. Усе гэтыя рэчы зроблены самым дарагім і блізкім для іх чалавекам з вялікай любоўю ад шчырага сэрца. А дзеці ў сваю чаргу заўсёды дапамагалі сваёй матулечцы і, гладзячы яе мазолістыя рукі, рады цалаваць іх і дзякаваць Богу, што падараваў ёй жаночую долю і шчаслівы лёс.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *