ААТ «Пераможнік»: на дарогах – прафесіяналы

Грамадства Сельское хозяйство

Вадзіцельскі стаж Генадзя Шкурко бярэ адлік з 1994 года.

 

Прафесія аўтамабіліста асацыіруецца з рамантыкай, нязведанымі дарогамі, якія клічуць удалечыню, абяцаюць цікавыя сустрэчы і падзеі. Але ж гэта ў першую чаргу напружаная праца, якая патрабуе фізічнай і эмацыянальнай самааддачы, дысцыпліны, культуры паводзін. Маральныя якасці таго, хто за рулём, на трасах, важныя не менш, чым тэхнічны стан аўтамабіля.

А работа вадзіцеляў, якія працуюць у АПК, акрамя ўсяго, звязана і з перыядамі адказных сельгаскампаній. У час сяўбы, уборкі ўраджаю, нарыхтоўкі кармоў іх будні асабліва напружаныя. Даводзіцца і па вясковых дарогах калясіць, і ў далёкія рэйсы накіроўвацца, каб даставіць насенне, угнаенні, іншыя грузы. А пасля паездкі – спяшацца на поле ці ферму, дзе не спыняецца вытворчы працэс. Таму з асаблівай павагай стаўлюся да тых, хто застаўся ў родных мясцінах, хто не зрадзіў вёсцы і яе традыцыям.

Адзін з такіх – Генадзь Шкурко з ААТ “Імя Жукава”. Яго служэнне зямлі пачалося да службы ў арміі ў якасці механізатара, а вадзіцельскі стаж бярэ адлік з 1994 года. За доўгія гады працы ў гаспадарцы ён заваяваў аўтарытэт. У тым, што ў ААТ сфарміраваўся моцны і згуртаваны калектыў шафёраў, якія вызначаюцца прафесіяналізмам, надзейнасцю і таварыскасцю, заслуга калег Генадзя Валянцінавіча. У іх ліку – Уладзімір Шахніцкі. Усе яны беражліва адносяцца да тэхнікі, якая служыць не адзін год.

Уладзімір Шахніцкі сёлета ў час жніва ад камбайнаў перавёз 2664 тоны зерня.

З дзяцінства Валодзя марыў стаць такім, як яго бацька Рыгор Рыгоравіч. Вадзіцель ад Бога быў прыкладам для сына ва ўсім. Той факт, што Шахніцкага старэйшага за сумленную і бездакорную працу ўзнагародзілі ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, сведчыць аб яго ўкладзе ў эканоміку калгаса “Чырвоны Кастрычнік”, дзе ён карыстаўся заслужанай павагай. Усё лепшае Уладзімір Рыгоравіч узяў ад бацькі, пераняў і яго любоў да мясцін, дзе нарадзіўся і вырас. Зараз не толькі добра працуе, але і прымае самы актыўны ўдзел у грамадскім жыцці гаспадаркі. У час адказных палітычных кампаній з’яўляецца членам выбарчай камісіі.

Сёлета ў час жніва быў задзейнічаны на адвозцы зерня ад камбайнаў. На яго рахунку – 2664 тоны дастаўленага на зернеток збожжа. З працоўнымі дасягненнямі яго віншавалі ў полі і кіраўніцтва раёна, і прафсаюзныя лідары.

І такіх у ААТ “Імя Жукава” большасць. Напярэдадні свята хацелася б узгадаць ветэранаў працы Івана Раманюка (вадзіцелем з’яўляецца з 1977 года) і Уладзіміра Жураўскага. Яны ўжо маюць права на заслужаны адпачынак, але ж яшчэ аказваюць дапамогу гаспадарцы. Не меншы ўклад у агульную справу ўносіць Юрый Раманюк. На сваім МАЗе ён часта трымае курс на Гомельскі мясакамбінат, перавозіць жывёлу. Работа нялёгкая і адказная, але ж вопытны вадзіцель з ёй спраўляецца паспяхова.

З надыходзячым прафесійным святам вас, паважаныя! Шчаслівых дарог, удалых рэйсаў і моцнага ўсім здароўя, дабрабыту і поспехаў.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *