БРСМ: да рэалізацыі рэспубліканскага праекта “Парк сямейных дрэў” далучыліся 30 сем’яў Брагіна

Год народнага адзінства Грамадства

Парк сямейных дрэў з’явіўся ў Брагіне па вуліцы Набярэжнай. 28 лістапада тут пасаджана 100 дрэў: дубоў, клёнаў, бяроз і рабін.

Удзельнікаў экалагічнага мерапрыемства, прымеркаванага да Года народнага адзінства, вітала першы сакратар раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Юлія Кальчук. Па яе словах, маладзёжная акцыя накіравана не толькі на тое, каб зрабіць наш пасёлак прыгажэйшым, але і на ўмацаванне сямейных адносін, бо любую справу заўсёды цікава і радасна рабіць разам.

– Тут сабраліся розныя сем’і. Адны зусім нядаўна ўступілі ў шлюб і будуюць планы, другія пражылі разам ужо шмат гадоў і не ўяўляюць жыцця адзін без аднаго. У кагосьці нядаўна нарадзіліся дзеці, а хтосьці толькі чакае гэтай радаснай падзеі. Усе мы розныя і ў кожнага з нас свае мэты і мары. Але, нягледзячы на гэта, мы адзіныя! І гэтае мерапрыемства, падрыхтоўка да яго таму доказ, – адзначыла Юлія Васільеўна.

Маладзёжны лідар выказала таксама ўсім шчырую падзяку за падтрымку, дапамогу і праяўленую ініцыятыву.

Па словах Юліі Кальчук, у парку сямейных дрэў пасаджаны дубы, клёны, бярозы і рабіны не проста так, а з пэўным сэнсам. Напрыклад, дуб сімвалізуе жыццёвую сілу, даўгалецце, урадлівасць. Клён жа заўсёды быў знакам кахання, дабрабыту і шчасця. Бяроза з’яўляецца ўвасабленнем святла, чысціні і жаноцкасці, рабіна – сямейнага шчасця і вернасці, а значыць, і моцнай сям’і.

Нагадаем, што маладзёжны праект па закладцы паркаў сямейных дрэў рэалізуецца па ініцыятыве Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі з 2019 года. Ён накіраваны не толькі на павышэнне экалагічнай культуры сярод дарослых і дзяцей, але і на згуртаванне сем’яў, фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі.

У Брагіне да рэспубліканскага праекта “Парк сямейных дрэў” далучыліся 30 сем’яў.

 

 

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *