Культурная прастора: у яркім россыпе натхнення і творчасці

Грамадства

 

Сакавітая палітра восені ўдала гарманіруе з прафесійным святам: 10 кастрычніка яго сустракаюць работнікі культуры – людзі, якія напаўняюць наша жыццё такімі ж яркімі, насычанымі фарбамі.

Нам пашанцавала жыць і працаваць на зямлі з багатай гісторыяй, народнай спадчынай, адметнымі абрадамі і звычаямі. Таму працу людзей, якія захоўваюць і паглыбляюць гэтую жыватворную крыніцу творчасці, прыгажосці і гармоніі, можна ў поўнай меры назваць падзвіжніцкай. Яны праводзяць культуру ў будучыню, перадаюць новым пакаленням здабыткі, узятыя з народных глыбінь. І ў другую нядзелю кастрычніка па добрай традыцыі сустракаюць сваё прафесійнае свята. Значыць, ёсць нагода адрасаваць некалькі пытанняў начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргею ДАЎГУЛЯЎЦУ.

– Сяргей Аляксеевіч, на што былі сёлета скіраваны асноўныя намаганні калектыву пад Вашым кіраўніцтвамі? Якія задачы і мэты паставіў Год народнага адзінства?

– Усім вядомы французскі пісьменнік і паэт Антуан дэ Сент-Экзюперы лічыў, што культура – гэта ўнутраны свет чалавека, які адкрываецца яму праз упартую працу, вераванні, звычаі і веды, назапашаныя стагоддзямі. І я падзяляю яго пункт погляду. Быць работнікам культуры – сапраўднае прызванне. Прафесія гэтая не з лёгкіх: патрэбна штодня несці ў масы аптымізм, дабрыню, святло, надзею… І ў той жа час цікавая, захапляльная: пастаянна знаходзішся ў творчым пошуку, у цэнтры самых значных і яркіх падзей, гушчы жыцця. Калі такую справу выбраў, любіш яе і працуеш з натхненнем, ад душы, то і вынік будзе радаваць, уражваць людзей. Менавіта такі прынцып ляжыць у аснове нашай дзейнасці – самааддана служыць Яе Вялікасці Культуры. А галоўным клопатам па-ранейшаму застаецца забеспячэнне цікавага, змястоўнага, карыснага вольнага часу мясцовых жыхароў. Нашы ўстановы – гэта не проста будынкі, а месца, дзе людзі сустракаюцца, адпачываюць, праяўляюць сябе ў творчасці і мастацтве, клапоцяцца пра захаванне гістарычнай і духоўнай спадчыны, адчуваюць сябе камандай аднадумцаў. Гэтаму, безумоўна, спрыяе і Год народнага адзінства. Ён патрабаваў ад нас не толькі высокай актыўнасці, але і свежых ідэй, нестандартных арганізатарскіх падыходаў, цікавых прапаноў па фарміраванні ў грамадзян нацыянальнай самасвядомасці. Вызначыўся вялікай выхаваўчай, даследчай і інфармацыйна-прапагандысцкай работай.

Дырэктар Камарынская КСЦ Святлана Каранец.

Найбольш удала, на маю думку, прайшлі мерапрыемствы грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці, у тым ліку акцыі “За любімую Беларусь!”, “Будучыня краіны – за моладдзю”, “Да абароны Айчыны – гатовы!”, “Ганаруся табой, Беларусь!” і інш. Многія ўрачыстасці, тэматычныя вечары, канцэртныя праграмы, конкурсы (“Мая краіна – мой лёс”, “Мая сям’я ў гады вайны” і інш.) былі прымеркаваны да важных каляндарных дат, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай. Гэтая тэма – яркае пацвярджэнне таму, што без народнага адзінства, згуртаванасці, братэрства ў нас не было б ні Вялікай Перамогі, ні мірнага жыцця.

Ужо даволі працяглы час усім нам даводзіцца працаваць ва ўмовах пандэміі. Ці ўнесла яна нейкія карэктывы ў дзейнасць вашай галіны?

– Вядома. У мінулым годзе, напрыклад, не збіралі сваіх удзельнікаў і прыхільнікаў традыцыйныя агляды-конкурсы “Зорная карусель”, “Брагінская музычная вясна”. Многія мерапрыемствы праходзілі з невялікай колькасцю людзей. А з цягам часу работнікі культуры пачалі практыкаваць новы фармат узаемадзеяння з аўдыторыяй – дыстанцыйны. Так, у прыватнасці, прайшоў міжраённы конкурс аўтарскай творчасці “Малая радзіма, ты песняй і сонцам сагрэта”, быў рэалізаваны праект “Чарнобыль: не гасне памяці свечка”. Сталі запатрабаванымі, набылі папулярнасць анлайн-канцэрты.

– Якім чынам сёлета Брагіншчына культурная заяўляла аб сабе на абласным, рэспубліканскім, міжнародным узроўнях? Наколькі багаты “ўраджай” узнагарод?

– Дастойна прадставіў Гомельшчыну і стаў лаўрэатам XXVII Міжнароднага фестывалю песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” народны вакальны ансамбль “Белыя росы”. На яго ж рахунку – яшчэ два дыпломы: другой ступені – атрыманы на III Міжнародным конкурсе мастацтваў “ART motion” і за лепшае сцэнічнае ажыццяўленне твора – на XI рэгіянальным фестывалі “Грай, гармонік”.

Трэцяе месца ў міжнародным конкурсе мастацтваў заняў Камарынскі культурна-спартыўны цэнтр (харэограф – Святлана Нікіценка). Ён жа адзначаны граматамі і дыпломамі за ўдзел у рэспубліканскіх фестывалях “Берагіня”, “Аўцюкі”.

З перамогай з абласнога творчага конкурсу “Семь-я” вярнулася Наталля Смальцар, культарганізатар Мікуліцкага сельскага клуба. Дыпломамі за ўдзел ў абласным конкурсе “Тэрыторыя гульні”, свяце-кірмашы дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Дрэва майстэрства” заахвочаны раённы дом культуры.

– На першым плане ў культработнікаў заўсёды творчы пошук, ініцыятыва, наватарскія ідэі. Чым будзеце радаваць, захапляць, здзіўляць мясцовых жыхароў далей?

– Штогод у сярэдзіне верасня ва ўстановах культуры стартуе новы творчы сезон. Работнікі рыхтуюць для мясцовых жыхароў канцэртныя праграмы, прэзентуюць гурткі і аб’яднанні па інтарэсах, запрашаюць прыняць удзел у конкурсах, іншых мерапрыемствах. Усё гэта і многае іншае ставіць на мэце паказаць патэнцыял і перспектывы развіцця нашай галіны.

Для моладзі, якая шукае новых уражанняў, любіць усё яркае, маляўнічае, музыку і рух, будуць праводзіцца тэматычныя танц-полы з прымяненнем інавацыйных форм работы: касцюміраванай дыскатэкі, адкрытага мікрафона. Кожны, хто пажадае, зможа выканаць любімую музычную кампазіцыю.

Адна з асноўных задач – абудзіць у дзецях прагу да мастацтва, падтрымаць іх творчы пачатак, дапамагчы ім раскрыць таленты, рэалізаваць сябе.

Не застануцца без увагі і жыхары паважанага ўзросту. Штотыднёва (кожную сераду) у раённым доме культуры для іх наладжваюцца рэтрапраграмы “У асяроддзі сяброў”.

Работнікі Малейкаўскага сельскага клуба Аляксандр і Таццяна Вініцкія займаюцца вырабам рэчаў з бяросты.

– З якім настроем сустракаеце прафесійнае свята?

– Безумоўна, з аптымістычным. Без гэтага ў нашай справе нельга. І, вядома ж, з пачуццём глыбокай удзячнасці людзям – творчым, неабыякавым, духоўна багатым. Да іх і хачу звярнуцца.

Дарагія калегі! Ёсць такая прафесія – дарыць людзям цеплыню, любоў і радасць. Гэта пра нас, работнікаў культуры. Без нашага ўдзелу цяжка ўявіць любое свята. У дні, калі іншыя адпачываюць, мы павінны плённа працаваць, каб уразіць, здзівіць, парадаваць, крануць струны чалавечай душы. Таму я шчыра жадаю вам найчасцей атрымліваць усмешкі, падзяку ад людзей, жыццё якіх вы напаўняеце святочнымі фарбамі, духоўнасцю, дабром і прыгажосцю. Моцнага ўсім здароўя, творчага запалу, удачы і натхнення! З прафесійным святам!

Гутарыла Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Фота Галіны ШАЎЧЭНКІ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *