Маці чатырох дзяцей Раіса Кандрашэўская: усё пачынаецца з сям’і

Главное Грамадства

Успаміны саграваюць сэрца.

 

Веліч і святасць жанчыны, яе сапраўднае прызначэнне – нараджаць і выхоўваць дзяцей, умацоўваць сямейны дабрабыт, захоўваць духоўнае багацце свайго роду. Аб гэтым я думала на працягу ўсёй размовы з Раісай Кандрашэўскай, маці чатырох дзяцей.

Сустрэцца з ёй хацела даўно, бо ведала яе сына і дачок, якімі жанчына ганарыцца, а людзі могуць захапляцца прыгажосцю, талентам, дзелавымі якасцямі і выхаванасцю. Гэта без перабольшвання. Тры дачкі-брунеткі – копія свайго бацькі, высокага і статнага мужчыны з чорнымі густымі валасамі і вусамі. На жаль, ён трагічна загінуў у час дарожнай аварыі два дзесяцігоддзі таму. Віктар падабаўся многім жанчынам, але ж Раіса пераўзыходзіла ўсіх не толькі сваёй прывабнасцю, але і спрытам, уменнем і працавітасцю. Усю работу па гаспадарцы выконвала хутка, акуратна, з душой, нібы песню пела. Мабыць, гэтым і паланіла прадстаўніка слаўнага роду Кандрашэўскіх, якіх у Галках і навакольных вёсках вельмі паважалі.

З сямейнага альбома: шчаслівыя моманты жыцця.

Пасля смерці мужа жанчыне давялося выводзіць дзяцей на шырокі жыццёвы шлях адной. Калі б не яе дзелавая хватка, залатыя рукі і цвёрдасць характару, наўрад ці справілася б з гэтай задачай. Раіса, нібы някрасаўская гераіня, у горы не разгубіцца, валодае ўнутранай сілай і бачыць выратаванне ў працы. Дочкі Марына, Таццяна і малодшая Яна ўнаследавалі многія рысы яе характару. Усе вызначыліся з жыццёвым выбарам і прафесіяй, сталі выдатнымі спецыялістамі. Аб’ядноўвае іх адно: здольнасць да творчасці, уменне ствараць вакол сябе прыгажосць, сябраваць, саграваць цеплынёй сваіх сэрцаў родных і блізкіх.

Яну я памятаю з тае пары, калі яна выступала на сцэне раённага дома культуры разам з іншымі вучнямі Асарэвіцкай школы на конкурсе мастацкай самадзейнасці. Перад вачыма і зараз яе чорныя густыя валасы, капялюш, чырвоная сукенка і грацыёзныя рухі…Танец дзяўчынка выканала бліскуча. Уражаная, не магла паверыць, што ў вясковай базавай школе, дзе няма харэографа, могуць падрыхтаваць такія нумары. Пазней Яна закончыла Лоеўскі педагагічны каледж, потым – універсітэт культуры і стала рэжысёрам. Фотаздымак нашай абаяльнай зямлячкі быў змешчаны на першай старонцы аднаго з рэспубліканскіх часопісаў.

Саша (зараз ён Аляксандр Віктаравіч) пайшоў у дзеда Дзмітрыя Паўлавіча: такі ж мэтанакіраваны, рашучы і цвёрды ў паводзінах і прыняцці рашэнняў. Было яму крыху за дваццаць, калі аднавяскоўцы даверылі Аляксандру ўзнача-ліць мясцовы калгас. Пасля Буда-Кашалёўскага каледжа ён завочна атрымаў вышэйшую адукацыю і зараз працуе ў раённай энергагазінспекцыі.

Мацярынская любоў – невычэрпная крыніца дабрыні, надзеі на лепшае, упэўненасці ў сваіх сілах. Дзеці Раісы Дзмітрыеўны адчуваюць яе спаўна. Сваёй матуляй захапляюцца, да яе імкнуцца кожную свабодную хвіліну. У выхадныя са сваімі сем’ямі прыязджаюць у Галкі, дзе іх чакае самы дарагі і блізкі чалавек. У прасторным бацькоўскім доме месца хапае ўсім. Тут цёпла, спакойна і ўтульна. Жанчына кожны дзень паліць у печы. А калі збіраюцца дзеці і ўнукі (іх у маёй гераіні сямёра), для іх гатуюцца любімыя стравы.

Бываюць у Галках і сябры дзяцей Раісы Дзмітрыеўны. Прыязджалі сюды беларускія артысты, з якімі Яна вядзе канцэртную дзейнасць. У сталіцу вярталіся поўныя станоўчых уражанняў і зачараваныя гасціннасцю і душэўнай прыгажосцю жыхаркі вёскі. Ім падабаецца ўсё: мясцовыя краявіды, купанне ў Дняпры, ежа з печы.

Ружы – любімыя кветкі Марыны. Для маці вырошчвае іх шмат і розных сартоў.

А мая гераіня, калі засумуе, бярэ ліст, дасланы малодшай дачкой, і чытае са слязамі на вачах. У ім – прызнанне ў любові да Маці, якая не толькі нарадзіла, вырасціла і выхавала, але і навучыла радавацца кожнаму новаму дню, не баяцца цяжкасцей і ўпэўнена крочыць па жыцці, рэалізуючы свае здольнасці і талент.

Дачка Яна і яе ліст да самага дарагога і блізкага чалавека.

На мой погляд, ёй удалося галоўнае: згуртаваць і аб’яднаць дзяцей, прывіць ім асноўныя сямейныя каштоўнасці, якія грунтуюцца на павазе і любові. Яны па-ранейшаму дружныя, падтрымліваюць роднасныя сувязі, непакояцца і аберагаюць адзін аднаго. Не маючы спецыяльнай адукацыі, кіруючыся толькі мудрасцю і традыцыямі вялікага роду, Раіса Дзмітрыеўна выхавала цудоўных дачок і сына.

 

Ніна СІНІЛАВА

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *